Затрымалі намесніка гендырэктара «Белшыны» - падазраюць у хабарніцтве


Намеснік генеральнага дырэктара па капітальным будаўніцтве ААТ «Белшына» затрыманы па падазрэнні ў атрыманні хабару. Затрыманне адбылося 23 красавіка.

«Было ўстаноўлена, што ён атрымаў хабар у памеры 30 тысяч рублёў ад дырэктара будаўнічай арганізацыі. Менавіта ў такую ​​суму ён ацаніў свае паслугі за спрыяльнае вырашэнне пытанняў, звязаных з заключэннем дагавора падраду на вытворчасць дэмантажных і будаўнічых работ, а таксама прадстаўленне ў далейшым гэтаму прадпрыемству іншых работ на аб’ектах ААТ «Белшына»– заявілі ў МУС.

Следчым упраўленнем УСК па Магілёўскай вобласці распачатая крымінальная справа па ч.3 арт.430 КК (атрыманне хабару). Затрыманы змешчаны ў ізалятар у Магілёве, праводзяцца далейшыя аператыўныя і следчыя дзеянні.

На сайце прадпрыемства пазначана, што пасаду намесніка гендырэктара па капітальным будаўніцтве займае Міхаіл Канапліцкі, аднак на нашыя тэлефанаванні ніхто не адказаў. Пакуль няма афіцыйнага пацверджання, што затрыманы менавіта Канапліцкі, але, верагодна, гаворка ідзе аб ім.

КА, belsat.eu, паводле belta.by

Стужка навінаў