Затрымалі лідара прафсаюзу РЭП Генадзя Фядыніча


Лідара Незалежнага беларускага прафсаюзу работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці затрымалі ўвечары 30 сакавіка ў ягонай кватэры. Пра гэта belsat.eu паведаміў сябра Савету РЭП Андрэй Стрыжак.

Генадзь Фядыніч. Фота – Ірына Арахоўская, belsat.eu

«Сёння ўвечары да яго ў кватэру, дзе ён павінен знаходзіцца па ўмовах выканання прысуду хатняй хіміі, з’явіліся супрацоўнікі міліцыі, якія могуць прыходзіць сюды ў любы час содняў. Яны прыходзяць, каб правяраць датрыманне рэжыму. Адзін з пунктаў гэтага рэжыму – забарона на прыём любых псіхаактыўных рэчываў: алкаголю, наркотыкаў ці чаго-небудзь. Міліцыя абвінаваціла Генадзя Фядыніча ў тым, што ён быў у стане алкагольнага сп’янення», – адзначыў суразмоўца.

Сам лідар прафсаюзу абвінавачванне адмаўляе. Больш ніякай інфармацыі і сувязі з затрыманым няма. Месца знаходжання Генадзя Фядыніча таксама невядомае.

Як распавёў Андрэй Стрыжак, парушэнне рэжыму можа прывесці да ўзмацнення жорсткасці пакарання ў дачыненні да Генадзя Фядыніча.

ВІДЭА
Лідараў незалежнага прафсаюзу РЭП пакаралі 4 гадамі «хатняй хіміі». Стрым
2018.08.24 12:11

Суд Савецкага раёну Менску пакараў кіраўнікоў прафсаюзу РЭП Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка 4 гадамі абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, прызнаўшы іх вінаватымі ў нявыплаце падаткаў у асабліва буйным памеры.

Суд па «справе прафсаюзаў» распачаўся 30 ліпеня 2018 года. Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка вінавацілі ва «ухіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры» (ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэксу Беларусі). Максімальная санкцыя паводле гэтага артыкулу – да 7 гадоў зняволення. Прафсаюзных лідараў абвінавацілі ў тым, што яны мелі рахунак у літоўскім банку SEB, на які паступалі грошы ў замежнай валюце ад нерэзідэнтаў Беларусі. Агулам, паводле следства, на рахунку было 140 000 еўра, а сума нявыплачаных падаткаў склала 22.867, 1 рубля.

Hавiны
Ананімкі на Фядыніча займаюць цэлы том у матэрыялах «справы прафсаюзаў»
2018.08.03 16:16

Праваабаронцы і грамадзянская супольнасць Беларусі лічыць пераслед Фядыніча і Комліка палітычна матываваным. Лідар прафсаюзу РЭП звязвае крымінальную справу выключна з «помстай уладаў за актыўную грамадскую дзейнасць».

МГ belsat.eu

Стужка навінаў