Затрымалі і збілі чэмпіёна свету па кікбоксінгу і тайскім боксе Аляксея Кудзіна


У сеціве з’явілася інфармацыя пра тое, што сілавікі стралялі ва ўпор у вядомага спартоўца Аляксея Кудзіна на вачах у ягоных дзяцей і жонкі.

Паводле паведамленняў у сацыяльных сетках, шматразовы чэмпіён свету па тайскім боксе сярод аматараў, чэмпіён свету па кікбоксінгу сярод аматараў і прафесіяналаў уступіў у бойку з сілавікамі ў Маладзечне 10 жніўня. У выніку трое праваахоўнікаў трапілі ў шпіталь, а назаўтра ранкам міліцыянты заявіліся дадому да спартоўца, стралялі ў яго ва ўпор на вачах у ягонай жонкі і дваіх малых дзяцей, жорстка збілі ды ў кайданках даставілі ў шпіталь, пісалі інтэрнаўты.

Аляксей Кудзин.
Фота: старонка ў Facebook

«Цяпер Аляксей, найверагодней, застанецца інвалідам і яму свеціць да 15 гадоў пазбаўлення волі», – падавалі інтэрнэт-карыстальнікі, просячы пра максімальны рэпост.

«Белсат» звязаўся з жонкаю Аляксея Кудзіна – Таццянаю, якая зняпраўдзіла тое, што Аляксея затрымалі ўдома. Паводле яе, Аляксей пайшоў на шпацыр у цэнтр Маладзечна 10 жніўня, каб даведацца нешта пра сітуацыю ў краіне, бо на той час быў заблакаваны інтэрнэт. Там на яго накінуліся з дручкамі некалькі АМАПаўцаў, збілі, а пазней затрымалі.

«Аляксей абараняўся. Той, хто яго ведае, пацвердзіць, што ён ніколі б не напаў першы. Ён бʼецца толькі на рынгу. Супраць яго выкарысталі, магчыма, гумовыя кулі. Не ведаю, я сама не бачыла», – адзначыла Таццяна Кудзіна.

Стала вядома, што Аляксею Кудзіну выставілі абвінавачванне паводле артыкулу 364 Крымінальнага кодэксу Беларусі – гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў. Пакаранне паводле гэтага артыкулу – гэта арышт, або абмежаваннем волі на тэрмін да пяці гадоў, або пазбаўленне волі на тэрмін да шасці гадоў.

ВШ belsat.eu

Стужка навінаў