«Засунулі гранату ў майткі». Дзве гісторыі затрымання ў Менску


Затрыманні падчас сёлетніх пратэстаў сталі, бадай, найбольш жорсткімі за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі. Супраць людзей выкарыстоўваюць гумовыя кулі, гранаты, газ. Пратэстоўцаў неверагодна моцна збіваюць – адзін наш герой кажа, што яму «пашчасціла» з разбітаю галавою – інакш не выпусцілі б. Мы пагаварылі з двума маладымі людзьмі, якія сутыкнуліся з гвалтам сілавікоў у апошнія дні.

Гісторыя 1. Самы страшны момант за вечар

Я гуляў па горадзе 11 – 12 жніўня. Побач са мной было Каля 300 Чалавек. Пад’ехалі два чорных бусіка «Алмазу» і сталі побач з намі. Я заўважыў надыходзячую калону спецтранспарту, не менш за шэсць аўтазакаў з амапаўцамі. АМАП і «Алмаз» пачалі выбягаць адначасова. Мы зразумелі, што ахопленыя з трох бакоў і пачалі ўцякаць туды, дзе нікога не было відаць.

Неўзабаве заўважаем перад сабою спецназ з аўтаматамі ў шлемах. Яны спынілі машыны, выламалі дзверы, выбілі шкло. На людзей накіравалі зброю, паставілі на калені, крычаць. Мы разумеем, што нам няма куды бегчы.

Так збівалі нашага героя.
Фота: архіў героя

Я схаваўся ў зацішным месцы. Яно было з усіх бакоў закрытае рэкламнымі шчытамі. Але ў адным месцы быў празрысты ўчастак без рэкламы. Я гляджу на гэты ўчастак, бачу, як там на каленях стаіць чалавек, яго бʼе спецназавец. Чалавек падае, яго працягваюць біць.

Спецназавец нахіляецца, нешта кажа чалавеку, потым падымае галаву і мы сустракаемся позіркамі. Сваім пальцам ён нібы кажа мне «Ідзі сюды». Гэта быў самы страшны момант за гэты вечар, калі я зразумеў, што мая песня скончылася.

Мяне пабілі і звязалі мае рукі ззаду. Пасля гэтага тры спецназаўца адвялі мяне за вугал і сказалі:

«Мы цяпер засунем цябе ў майткі гранату, дастанем чэку, ты падарвешся, а мы скажам, што ты падарваўся праз нявызначанае выбуховае прыстасаванне».

Яны сапраўды засунулі мне ў майткі баявую гранату і адбеглі. Потым вярнуліся, зноў пабілі і павялі назад. У мяне адкалоліся кавалкі ад зубоў, таму што імі мне даводзілася насіць свой заплечнік. Калі заплечнік падаў – яны мяне білі, я яго падымаў, а яны працягвалі біць. Бʼюць пастаянна, нон-стопам.

«Ты можаш здохнуць, нам усё роўна»

Мяне паклалі ў машыну, я ляжаў у натоўпе, у аўтазак накідалі чалавек 20. Мы ляжалі адзін на адным. Час ад часу нас білі. Калі ты на нешта жалішся, цябе бʼюць. Чалавек кажа: «У мяне астма, я задыхаюся». Спецназавец падыходзіць, ставіць нагу на горла, пачынае яго душыць і кажа: «Ты можаш здохнуць, нам усё роўна».

У нейкі момант мяне вывелі з агульнага аўтазака і прывялі ў іншы. Ўнутры з двух бакоў стаялі два спецназаўцы. Мяне паклалі тварам у падлогу і 2-3 хвіліны білі па нагах. Вельмі моцна апухлі ногі. Пасля гэтага мяне прывялі назад у агульны аўтазак і павезлі. Палову шляху на маёй шыі стаяла нага амапаўца. Калі ты хоць на сантыметр адрываеш твар ад зямлі – цябе пачынаюць біць.

Так збівалі нашага героя.
Фота: архіў героя

У мяне пры сабе не было ані пашпарту, ані тэлефону. У тых, хто ўзяў з сабой тэлефон, яго забіралі і спрабавалі разблакаваць. Калі ты не кажаш пароль – твой тэлефон ламаюць. У аднаго хлопца пыталі пароль, а ён не казаў. Яго распранулі дагала і сказалі: калі не кажаш нам пароль, мы гэтымі палкамі зараз цябе згвалцім. Хлопец сказаў пароль, яны пачалі глядзець яго Telegram-каналы.

Былі дзяўчынкі, гадоў па 18. Іх правіннасць была ў тым, што калі камусьці было дрэнна, яны звярталі на гэта ўвагу. Падышлі амапаўцы і пачалі іх абражаць, тыпу: вы, прадажныя шлюхі. Адна дзяўчына нешта адказала і ёй адрэзалі частку валасоў. «Калі вы не затыкнецеся, мы вывезем вас у СІЗА, закінем у камеру да мужчын, вас там згвалцяць, а потым мы вывезем вас у лес. Так ваша гісторыя і скончыцца».

Дзяўчынак бʼюць значна менш, чым хлопцаў. Хлопцаў бʼюць вельмі жорстка, няма ніякіх тармазоў. Бʼюць рукамі, нагамі, палкамі, прыкладамі. Калі нас выставілі каля сцяны, людзей проста білі галовамі аб сцяну.

Нас прывезлі да перавалачнага пункту, дзе людзей перагружалі ў іншыя машыны, якія ехалі на ЦІП. Вывелі з аўтазаку. Ну як вывелі: бʼюць і ты выбягаеш. Там – калідор, у ім каля 40 чалавек, па 20 з кожнага боку. Пакуль ты па ім ідзеш, усе цябе бʼюць. Бʼюць спецыяльна па галаве, у пах, па нагах, каб ты падаў. Калі ты падаеш, цябе бʼюць, пакуль ты не ўстанеш. У канцы мяне ўзялі за рукі і ногі і закінулі ў аўтобус.

Hавiны
«Ён скардзіўся на галаўныя болі». Адзін з лідараў ByCOVID Ткачоў моцна збіты
2020.08.13 19:13

 

Ёсць дубінкі гумовыя, а ёсць з металічным стрыжнем унутры. Да гэтага нас білі гумовымі. У аўтобусе да мяне падышоў спецназавец, стаў на мяне і пачаў біць гэтай дубінкай з металічным стрыжнем па галаве. Бо гэта амаль палка, пасля першага ўдару я ўжо амаль нічога не адчуваў. Ён пабіў мяне некаторы час, сышоў, на мяне навалілі яшчэ людзей.

Hавiны
«Калі ўпаў – гасяць, пакуль не ўстанеш». Што робяць з людзьмі на Акрэсціна
2020.08.13 17:28

Было цяжка дыхаць. Незразумела, дзе лепш: зверху, дзе цябе бʼюць, ці знізу, дзе ты задыхаўся. Потым з гэтага аўтобуса нас назад праз калідор вывелі ў аўтазак. У аўтазаках ёсць маленькія камеры, яны разлічаны на тры чалавекі. У такую ​​камеру для перавозкі запіхалі 8 чалавек. Я быў каля сценкі, мяне прыціснула да яе. У гэты момант я ўбачыў, што па сцяне цячэ кроў. Да гэтага я не разумеў, што ў мяне разбіта галава, бо не адчуваў болю. Там было вельмі душна, я пачаў губляць прытомнасць, некалькі разоў адключаўся.

Пашанцавала, што разбілі галаву

Калі мы прыехалі на Акрэсціна і яны адкрылі дзверы аўтазака, я проста выпаў. Яны сказалі: «О, здаецца, гэты ўжо гатовы». Ўзялі за шкірку, выкінулі з машыны. Працягнулі па зямлі і пакінулі ў травы. У мяне была разбіта галава, усё цела было сінім. Я не рухаўся і губляў прытомнасць. Мяне пачало ванітаваць, з рота лілася сліна. Яны кінулі фразу: «О, і гэты таксама пад наркотыкамі». У нейкі момант мяне пачало трэсці.

На Архэсціна людзі спрабуюць даведацца, дзе іх затрыманыя сваякі і сябры. Менск, Беларусь. 12 жніўня 2020 г.
Фота: ТК / Belsat.eu

Лекар сказала, што я без прытомнасці, каб мяне больш не білі. Ўсіх астатніх ставілі на калені і збівалі. Актывістаў і тых, хто, на іх думку, удзельнічаў у арганізацыі, адзначалі чырвонай фарбай і адводзілі асобна. Пры гэтым на ЦІПе ўвесь час стаіць жудасны крык і стогны людзей з памяшканняў. Кажуць, там ёсць спецыяльныя пакоі для катаванняў, дзе збіваюць людзей да страты прытомнасці. Я думаю, што так і ёсць.

У шпіталях вельмі шмат параненых. З кулявымі раненнямі, рассечаныя, пераломамі. Дактароў не хапае. Мне пашанцавала, што хуткая вывезла мяне з ЦІПа. Гэта канцлагер, дзе катуюць людзей.

Гісторыя 2. Як Асвенцім

Я не браў удзелу ў пратэстах, мы вырашылі ўвечары праехацца па горадзе. З’елі ў цэнтры шаурму, ехалі ў бок Цнянкі. Раптам на павароце налева мяне спыніў мужчына ў форме АМАП, спыніў, прыставіўшы ружжо да лабавога шкла. Аніякіх дакументаў не прасіў паказаць. У вельмі бруднай форме адкрыць багажнік. Анічога падазронага там ён не знайшоў. Гэта быў начальнік менскага АМАПу – пазнаў па фоткам. Ён сказаў сваім падначаленым, можаце адпускаць.

Так збівалі нашага героя.
Фота: архіў героя

Далей нам у вельмі грубай форме сказалі паказаць мабільны тэлефон. У маім яны анічога «крымінальнага» не знайшлі, іншая дзяўчына запісала на відэа машыны і пратэстоўцаў. Гэтага хапіла таго, каб нас «запакаваць». Нас звязалі, павялі да аўтазакаў.

Я думаў, што нас у аўтазак пасадзяць і завязуць у РАУС – там будзе пратакол, і ўсё скончыцца. Але высветлілася, што гэта толькі мае мары.

На самой справе нас перасаджвалі з аўтазака ў аўтазак. Перад уваходам у аўтазак цябе з двух бакоў дубінкамі «апрацоўвалі», са звязанымі рукамі. Унутры аўтазаку я афігеў: людзі ляжалі ў 5 слаёў, звязаныя, такая куча-мала. Я проста заскочыў на нейкіх людзей, пада мною ляжала тры-чатыры чалавекі. Рукі былі звязаныя, не мог далей праціснуцца, дубінкамі мяне запіхнулі ў канец аўтазака.

Людзей пад намі не хапала паветра, яны крычалі, што задыхаюцца, нехта меў прыступ эпілепсіі. У адказ білі людзей зверху, каб далі паветра людзям зверху.

Гэта нагадала Асвенцім, там таксама целы змешваліся ў адну кучу.

Так збівалі нашага героя.
Фота: архіў героя

Білі пастаянна

На мне таксама былі людзі, цягам паездкі нас метадычна збівалі. Аднаму хлопцу з доўгімі валасамі іх абрэзалі і запіхалі за шыварат. Іншы хлопец быў у пальчатках, яго хіба на пратэсце ўзялі, дык да яго быў асабліва інтарэс. Калі нас пераводзілі з аўтазака ў аўтазак, то выключна пад збіццё некалькімі дубінкамі. У другім аўтазаку мяне вельмі моцна збілі, я нават крычаў ад болю, настолькі гучна як мог. Білі пастаянна.

У трэцім аўтазаку мне пашанцавала: побач са мной быў чалавек з не завязанымі рукамі. Я папрасіў таго хлопца дастаць мой тэлефон і патэлефанаваць маёй дзяўчыне.

На Акрэсціна быў ізноў калідор, даўжынёю з 20 метраў, з амапаўцаў. Праз яго мы беглі з апушчанымі галавамі, нас вельмі моцна білі. Мы сталі тварам да плота на каленях, рукі мусілі трымаць над галавою. Калі нехта варушыўся, да яго адразу падыходзіў чалавек і біў. Гэта адбывалася пастаянна. Рабілі так, каб мы ціха сябе паводзілі. Так прастаялі каля гадзіны. Я сказаў, што ў мяне ацякаюць рукі, папрасіў расшпіліць мне рукі. Мне іх расшпілілі, аднак мне стала блага, я страціў прытомнасць. Я лёг на жывот і так праляжаў хіба з гадзіну.

Потым нас паднялі каб правесці ў камеры. Ізноў трэба было правесці ўздоўж сценкі. Мне было блага, я нічога не бачыў. Казаў, што мне блага. Кінулі на зямлю. Гэта было каля 2 ночы. І ў такім становішчы, у шортах і цішотцы, я быў прыкладна да 6 раніцы. Мяне двойчы ўдарылі па галаве. Галава кружылася, ванітавала.

Так збівалі нашага героя.
Фота: архіў героя

Хацелі зменаў?

Мяне агледзела жанчына-медык з Акрэсціна. Сказала, што ўсё добра. Гузы і сляды ад дубінцы на твары яе не пераканалі. Як толькі я падымаў галаву вышэй за зямлю, хацелася бляваць. Сказалі, што ў мяне ЧМТ закрытае, трэба выклікаць хуткую дапамогу. Яна ехала вечнасць. Побач са мною былі людзі якім было вельм блага, яны стаялі, стагналі, у іх былі прыступы эпілепсіі. Але ім аніхто не дапамагаў.

Інтэрв’ю
«Паставілі на калені і білі рукамі, нагамі, шчытамі. Я ў думках развітваўся з сям’ёй». Аповед затрыманага на «Пушкінскай»
2020.08.12 13:04

Потым прыехала 2 экіпажа хуткай дапамогі. Нас агледзелі. Людзі ў хуткай дапамозе ставіліся да нас значна лепей. Доктарка нашага экіпажа сказала амапаўцаў, што яны забяруць усіх, хто памесціцца. Нас прывезлі ў шпіталь хуткай дапамогі, зрабілі першасны агляд, апісалі траўмы і ўдары. Дзякуй богу мае ўнутраныя органы ўцалелі. Я атрымаў толькі ЧМТ лёгкай цяжкасці. Зараз я ў шпіталі хуткай дапамогі, ужо другі дзень. Усё цела балела, не мог падымацца, усё балела.

Мне падаецца, што зараз трэба максімальна дапамагаць і падтрымліваць людзей, якія там. Бо гэта канцлагер, там да людзей ставяцца як да ската, нават горш. Яны пастаянна б’юць, зневажаюць. Там пастаянна крыкі.

Яны змушаюць крычаць «Слава АМАПу», есці зялёныя яблыкі, спяваць гімн. Кажуць: «Хацелі зменаў – як вам такія змены».

КТ belsat.eu

Стужка навінаў