«Застаюся на радзіме, каб рабіць яе лепшаю». Работнік МАЗу распавёў пра звальненне за забастоўку


19-гадовы мянчук Сямён Фядотаў адпрацоўваў на Менскім аўтамабільным заводзе размеркаванне. Далучыўся да агульнанацыянальнага страйку адразу пасля яго абвяшчэння, а менш як праз тыдзень застаўся без працы і з абавязкам выплаціць вучэльні Br 2400.

Сямён скончыў Менскі дзяржаўны прафесійны ліцэй аўтамабілебудавання. Па размеркаванні ўладкаваўся на МАЗ слесарам механазборачных работаў у цэх збору аўтамабіляў № 4. Паспеў адпрацаваць два месяцы з неабходных дванаццаці на зборы машынаў. Ужо пасля звальнення юнак даведаўся ад аднаго з работнікаў, што незадоўга да выбараў яны збіралі і рамы, і кабіны для аўтазакаў па замове міліцыі.

14 жніўня Сямён і яшчэ васьмёра працаўнікоў пастанавілі далучыцца да агульнанацыянальнага страйку.

«Мы не тое каб цалкам спынілі працу цэху, але ўскладнілі яе, – распавёў юнак. – Мы перасталі збіраць машыны. Гэта было ў пятніцу, 14-га, адразу пасля сустрэчы страйкоўцаў з гендырэктарам. Пра сваё рашэнне мы папярэдзілі нашага майстра».

Сямён Фядотаў адпрацоўваў на Менскім аўтамабільным заводзе размеркаванне. Фота суразмоўцы belsat.eu

А на наступным тыдні пропускі страйкоўцаў пачалі блакавацца. У чацвер, 20 жніўня, работнікі даведаліся пра звальненне: начальнік цэху паведаміў, што дакументы ўжо на подпісе ў генеральнага дырэктара. У выніку з фармулёўкай «у сувязі з невыкананнем сваіх працоўных абавязкаў без паважных прычынаў» звольнілі васьмёх чалавек. Дзявяты паспеў сысці на бальнічны, распавёў Сямён Фядотаў. Большасць ужо звярнуліся па дапамогу ў адмысловы Фонд салідарнасці. Аднаму з работнікаў, якога таксама звольнілі падчас адпрацоўвання размеркавання, ужо сабралі ў інтэрнэце неабходную для пагашэння доўгу суму.

Агульны страйк работнікаў менскіх заводаў. МАЗ, МЗКЦ і інш. 17 жніўня, 2020 г. Мінск, Беларусь.
Фота: Ірына Арахоўская / Vot-tak.tv / Belsat.eu

Сямён – адзіны са звольненых мазаўцаў, хто наважыўся публічна распавесці пра сваё звальненне. Астатнія, кажа юнак, баяцца за сваю будучыню і нават жыццё.

«Начальства ж адразу пачало запужваць людзей, хоць яны і самі спужаліся: пасля таго як людзі выйшлі, кіраўніцтва заводу пачало хавацца па кабінетах, – распавядае Сямён. – Мяне таксама пужалі, казалі, што за мною КДБ едзе, але я не думаю, што яны на мяне будуць траціць сродкі і час».

Hавiны
«Лямантаваць пра 80 % – гэта глупства». Размова з работнікам МТЗ, які ўцёк за мяжу ад пераследу
2020.08.26 14:22

Цяперашнія звальненні дрэнна паўплываюць на завод, упэўнены Сямён: працаўнікоў і так не хапае, збіраць машыны адпраўляюць недасведчаных студэнтаў. А каб людзей пачулі, трэба далей змагацца і стаяць на сваім, у тым ліку баставаць. Але для паспяховых страйкаў, на думку маладзёна, патрэбная добрая каардынацыя.

«У панядзелак за прахадную выйшлі тры тысячы чалавек, на наступны дзень – ужо толькі дзвесце, а ў сераду – каля ста. Я думаю, гэта не таму, што ўсе спужаліся, а праз недастатковую каардынацыю страйку», – адзначае былы мазавец.

Сямён хоча аспрэчыць сваё звальненне ў судзе і вярнуцца на працу.

«Раней хацеў з’ехаць і разумею тых, хто з’язджае: у нас вельмі дрэннае сацыяльна-палітычнае ды эканамічнае становішча, – кажа слесар. – Але цяпер я для сябе пастанавіў застацца на радзіме, я хачу рабіць сваю краіну лепшаю».

Агульны страйк работнікаў менскіх заводаў: МАЗ, МЗКЦ і інш. Работнікі ходзяць па Менску і збіраюць калегаў. Калонна зайшла на падшчыпникавы, там ніхто не выйшау да рабочых. Менск, Беларусь. 17 жніўня 2020 г.
Фота: Ірына Арахоўская / Vot-tak.tv / Belsat.eu

Тэлефон намесніцы гендырэктара ў справе кадраў і ідэалагічных пытанняў Зоі Таран цягам дня не адказваў. Начальнік аддзелу рыхтавання кадраў МАЗу Уладзімір Свірыдзенка запэўніў, што страйку на МАЗе няма: «Усе працуюць, бастуюць за тэрыторыяй заводу». На пытанне, ці звязаныя звальненні на прадпрыемстве з удзелам у забастоўках, суразмоўца belsat.eu адказаў, што не валодае інфармацыяй.

НА belsat.eu

Стужка навінаў