Заснавальнік «Stratfor» : жанр сучаснай Расеі – фарс


Апошнія ваенныя авантуры Масквы маюць на мэце стварыць ілюзію вялікай вайсковай сілы, адзначае ў сваім артыкуле Джордж Фрыдман, заснавальнік аўтарытэтнай аналітычнай кампаніі «Stratfor».

Цяпер ветэран амерыканскай ваеннай і палітычнай аналітыкі ўзначальвае онлайн-выданне Geopolitical Futures. Разлажэнне і падзенне Савецкага Саюзу было сюрпрызам для многіх, але не для службоўцаў савецкага КДБ, якія рыхтаваліся да існавання ўжо ў новым сусвеце, піша Фрыдман.

Цяпер, праз 25 год пасля таго як СССР знік з палітычнай мапы планеты, пачаўся новы перыяд супрацьстаяння з Расеяй, які Фрыдман прагназаваў яшчэ восем год таму ў кнізе «The Next 100 Years».

Гісторыя паўтараецца першы раз як трагедыя, а другі раз як фарс, піша аналітык, цытуючы Карла Маркса. І менавіта гэтыя словы адлюстроўваюць пуцінскае «уставанне Расеі з каленяў». У СССР было адначасова нешта жахлівае і вялікае – ад тэрору і чыстак да мільёнаў загінулых у вайне з нацысцкай Нямеччынай і першага палёту чалавека ў касмічную прастору.

«Свет стаў лепей пасля таго, як СССР знік, аднак часы СССР вартыя, каб іх памяталі», – піша аналітык.

Сучасная ж Расея – гэта месца банальнасцяў і пошласцяў, самая вялікая з якіх – былы агент КДБ, які стаіць на службах у праваслаўнай царкве. Калі ён і перажыў навяртанне, гэтае навяртанне адбылося ў вельмі зручны час, дадае Фрыдман. Тое ж самае датычыцца і ўсёй расейскай кіроўнай эліты: пуцінская РФ – не месца для людзей з глыбокімі перакананнямі.

Расейскія жаўнеры і тэхніка ў Крыме.

Пуцінская Расея згубіла Украіну як буферную дзяржаву паміж ёй і Захадам, агрэсія супраць новай Украіны была толькі спробай дэманстрацыі сілы і нешта ўратаваць пасля рашучай паразы. Спроба арганізаваць паўнамаштабнае прарасейскае паўстанне на ўсходзе Украіны закончылася крахам.

Эканамічна Масква стала амаль копіяй Саўдаўскай Аравіі і цалкам залежыць ад коштаў на нафту. У Сірыі яна ўратавала прэзідэнта Башара Асада, аднак што гэта ёй дало? Падчас Халоднай вайны СССР трымаў пад кантролем ці ўплывам шматлікія краіны Бліжняга Усходу і Афрыкі. Цяпер – толькі частку Сірыі.

«Сёння Расейская Федэрацыя не робіць гісторыю і не займаецца палітыкай, яна проста робіць жэсты, павялічваючы іх значэнне да памераў значнай падзеі. Аўдыторыя для гэтага – у асноўным сама Расея», – піша Фрыдман.

Канцэрт у часова адбітай ад «ІД» Пальміры.

Расея застаецца небяспечнай – калі яе кіраўніцтва страціць розум, яно можа скарыстацца з вялікага атамнага арсенала. Калі яно вырашыць пайсці на вельмі вялікую рызыку, яно можа атакаваць краіны Балтыі – то бок зрабіць адзіную рэч, якая можа зноў надзейна абʼяднаць NATO.

Замест гэтага Пуцін паставіў на прапагандысцкую вайну, як гэта калісьці рабіў СССР. Новымі «карыснымі ідыётамі» на Захадзе робяцца не толькі левыя, але і скрайне правыя. Эфектыўнасць гэтай вайны, калі лічыць яе сродкам накіраваць гісторыю па новым шляху, вельмі сумнеўная, як лічыць аналітык.

«Кожная асобная аперацыя (савецкіх спецслужб і прапаганды) магла быць паспяховай. Праблема ў тым, што ўсё гэта было бессэнсоўным спальваннем рэсурсаў з пункта гледжання стратэгіі… Пуцін ідзе той жа дарогай», – гаворыцца ў артыкуле.

Пры гэтым пуцінская эліта нават не мае стратэгічнага плану, а дзейнічае проста адштурхоўваючыся ад наяўных магчымасцяў у надзеі, што нешта, можа быць, нейкім чынам у будучым атрымаецца.

Расея – значная сіла і пагроза, лічыць Фрыдман, аднак празмерная рэакцыя на яе дзеянні можа быць такой жа небяспечнай, як і самазаспакаенне. Нават невялікіх крокаў ЗША будзе дастаткова, каб стрымаць ці нават дэстабілізаваць Маскву. І ЗША ведаюць гэта.

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

Стужка навінаў