Заслужаны будаўнік, які называў сябе «добрым знаёмым» Лукашэнкі, памёр у СІЗА


Былога кіраўніка Круглянскай МПК-266 Мікалая Патрончыка шпіталізавалі раніцай 7 траўня. У больніцу яго даставілі з СІЗА Магілёўскай турмы №4, дзе той знаходзіўся з канца снежня паводле абвінавачвання ў крадзяжы ў асабліва буйным памеры праз злоўжыванне службовым становішчам. Увечары панядзелка Патрончык памёр.

«4 сакавіка яму споўнілася 67 гадоў. З 1973 года ў яго ў працоўнай быў адзін запіс – Круглянская ПМК-266. Праблемы са здароўем у яго з’явіліся пасля аварыі 2013 года. Цалкам так і не аднавіўся. А ў СІЗА якая медыцына…», – сказаў TUT.BY адзін са сваякоў Патрончыка.

Мікалай Патрончык кіраваў самым паспяховым прадпрыемствам у горадзе Круглае Магілёўскай вобласці. Гэта дзяржаўная арганізацыя «Круглянская перасоўная механізаваная калона № 266» (ПМК), дзе працуе больш за тысячу чалавек. ПМК пабудавала розныя аб’екты ў Беларусі: ад жытла да вытворчых памяшканняў. Прадпрыемства цалкам адбудавала малую радзіму Аляксандра Лукашэнкі – вёску Александрыя і Лядовы палац у Шклове. У тым ліку ПМК зрабіла рэзідэнцыю прэзідэнта «Александрыя-2».

Патрончык называў Лукашэнку «добрым знаёмым». У 2012 годзе кіраўнік Беларусі прапаноўваў Патрончыку пасаду міністра архітэктуры і будаўніцтва, але той адмовіўся.

КА/ДР belsat.eu

Стужка навінаў