Заробкі ў чыноўнікаў растуць амаль у тры разы хутчэй, чым у настаўнікаў і медыкаў


Лідарам па тэмпах росту заробкаў у Беларусі сярод сфераў эканамічнай дзейнасці ў 2018 годзе з’яўляецца дзяржаўнае кіраванне.

«За 9 месяцаў рэальная заработная плата ў гэтай сферы (дзяржаўныя службоўцы і кіраўнікі дзяржарганізацыяў) вырасла ў параўнанні з аналагічным перыядам 2017-га на 30,6% і склала ў грашовым выразе 1 280,7 рубля (амаль $ 610 – заў. belsat.eu)», – паведамляе часопіс Міністэрства фінансаў «Фінансы, улік, аўдыт».

Пры гэтым у цэлым па краіне па ўсіх сферах дзейнасці ў студзені-верасні рэальная зарплата, якая разлічваецца з папраўкай на інфляцыю, вырасла на 12,2% да аналагічнага перыяду 2017 года. Да прыкладу, у спецыялістаў, якія займаюцца інфармацыйнымі тэхналогіямі і дзейнасцю ў галіне інфармацыйнага абслугоўвання, рэальныя зарплаты за год выраслі на 6%, у будаўнікоў – на 13,3%, у медыкаў – на 11,3%, у работнікаў адукацыі – на 11, 6%.

Такім чынам, тэмпы росту заробкаў у дзяржаўным кіраванні амаль у тры разы перавышаюць тэмпы росту заробкаў у сферы медыцыны і адукацыі.

Сярэдні заробак па краіне ў студзені-верасні склаў 932,3 рубля (амаль $ 444). У кастрычніку сярэдні заробак беларусаў вырас да 999,7 рублёў ($476).

ІІ, belsat.eu, паводле TUT.by

Стужка навінаў