«Зараз паляцяць галовы». Што кажуць жыхары дому, дзе знайшлі труп жанчыны


У Менску ў доме на вул. Пляханава, 125 знайшлі мумію жанчыны. Яна памерла больш за 2 гады таму, але цела так і ляжала. Увесь гэты час на пліце гарэў газ, з крана цякла вада, а ў паштовай скрыні збіраліся паперкі з неаплочанымі камунальнымі рахункамі.

«Яна была дзіўная, але віталася ў апошнія гады»

Звычайны дзевяціпавярховы дом у сталічным спальніку ў мікрараёне Серабранка. Амаль тры гады таму ў сваёй кватэры памерла Таццяна Яўменчык. Але аніхто не хапіўся жанчыны. Ужо зараз суседзі кажуць, што апошні раз яе бачылі ці то ў чэрвені, ці то ў ліпені 2017 года. Тыдзень таму кватэру адчынілі і знайшлі ў ёй мумію. З крану цякла вада, на пліце гарэў газ.

Фота: Belsat.eu

– Я ад вас зараз даведаўся пра гэты выпадак. Думаю, такая навіна мусіла разбегчыся па пад’ездзе. Але аніхто не размаўляе пра гэта! Нават, калі збіраемся папаліць пад падʼездам. Адзінае што тыдзень хіба таму з унукам ехаў, бачыў, як стаялі каля падʼезду машыны МНС. Але каб кагосьці выносілі – не, такога не было», – кажа жыхар дому Канстантын.

Паводле іншых жыхароў, у падʼездзе так шмат кватэр, што цяжка было пачуць нейкі спецыфічны пах. Асабліва, калі вы жывяце на розных паверхах.

– Нічога не было чутно. Ну, можа, што вада крыху шумела там. А толку? Але зараз галоў паляціць ве-е-ельмі шмат у ЖЭС, гэта дакладна», – эмацыйна кажа жыхар падʼезду, дзе жыла памерлая.

Фота: Belsat.eu

Іншыя жа зазначаюць, што памерлая Таццяна была даволі закрытым чалавекам, ні з кім асабліва не трымала кантакт.

– Я яе пʼянай ані разу не бачыла, але яна была дзіўная. Было ў мяне з ёй здарэнне гадоў 7 таму. Выходжу да ліфта, бачу бакавым зрокам, паміж паверхамі, нейкае вогнішча ў вядры. Пытаюся, што яна робіць. І тая адказвае: «Я зямлю палю». Я ў паніцы заскочыла ў ліфт і пастаралася аб гэтай сітуацыі не прыгадваць болей, – распавядае суседка памерлай па паверсе.

Гэтая ж жанчына зазначае, што пасля смерці сваёй сястры Таццяна стала больш ветлівай. Да таго яна ніколі віталася, не ўсміхалася. Яе дзівіць рэакцыя камунальных службаў: калі яна пратэрмінавала аплату, мусілі налічыць вялізную вялізную пеню.

З ёй згодны і іншы жыхар дому:

– Тры гады чалавек ляжаў і нікому нічога не было трэба! – абураецца сусед. – Вунь цэлая паштовая скрыня забітая. Мая суседка год таму хадзіла ў разліковы цэнтр, дык яе абвінавацілі, што яна лазіць у чужыя скрыні. Нікому гэта не трэба, проста кідаюць паперы ў скрыню.

Фота: Belsat.eu

Апроч абставінаў смерці, жыхароў напалохала запаленая столькі гадоў газавая пліта.

– Калі вокны былі закрытыя, то дзіўна, што нічога не выбухнула, – эмацыйна распавядае адзін з суседзяў.

Чаму камунальныя службы не білі трывогу?

Ці павінны камунальныя службы біць трывогу, калі чалавек доўга не аплочвае рахункі? Выканаўчы дырэктар Міжнароднай асацыяцыі менеджменту нерухомасці Генадзь Калёнаў кажа, што нявыплата за камунальныя паслугі яшчэ не зʼяўляецца трывожным знакам. Чалавек можа па некалькі месяцаў не плаціць за камунальныя плацяжы па самых розных прычынах, напрыклад, забываць ці быць у адʼездзе.

– Звычайна, калі чалавек доўга не выходзіць на сувязь, трывогу пачынаюць біць суседзі. І тады ўжо міліцыя ці МНС прымаюць меры. Службы ЖКГ займаюцца іншымі пытаннямі: станам сценаў, падвалаў, дахаў, а ўзаемаадносіны паміж людзьмі не ў іх кампетэнцыі.

Фота: Belsat.eu

Адмыслоўца нагадвае, што для даўжнікоў ёсць цэлы шэраг мераў – ад залічвання пені і забароны выезду за мяжу да адчужэння кватэры.

Што будзе з пазыкамі зараз? Гэта залежыць ад таго, хто будзе ўласнікам кватэры пасля смерці Таццяны.

– Калі ў яе засталіся спадкаемцы, то пазыка за камунальныя рахункі пяройдзе да іх разам з кватэрай. Калі кватэра пяройдзе ў дзяржаўную маёмасць, то дзяржава мусіць пагасіць запазычанасць, – тлумачыць Генадзь Калёнаў.

Мясцовы ЖЭС пакуль не каментуе сітуацыю.

Фота: Belsat.eu

Што вядома пра смерць Таццяны Яўменчык?

Труп Таццяны знайшлі 14 лютага, калі ў ейнай суседкі знізу пачало капаць са столі. Яна звязалася з рамонтнікамі, якія ўскрылі кватэру і знайшлі высахлае цела Таццяны. Апошні раз жывой яе бачылі ўлетку 2017 года. З 1975 года сямʼя Яўменчык жыла ў гэтым доме на вуліцы Пляханава. Маці памерла ў 2013-м, сястра Святлана – у 2015-м. Потым Таццяна жыла ў кватэры адна, сваякоў у яе, паводле суседзяў, не засталося.

Зараз Следчы камітэт праводзіць праверку па факце смерці жанчыны. Дакладная прычына будзе ўсталявана праз судовую экспертызу.

Ксенія Тарасевіч Belsat.eu

Стужка навінаў