«Запусцілі бароды і паехалі ў Чачэнію за перадатчыкамі». Як стваралі незалежнае ТБ у 1990-я?


Пасля распаду СССР стала відавочна: Беларусі неабходнае незалежнае тэлебачанне. У Менску паўстае тэлекампанія «ММ4», якая вядзе трансляцыю на «8-м канале», які ўжо праз некалькі месяцаў пасля адкрыцця складае сур’ёзную канкурэнцыю дзяржаўнаму тэлебачанню.

Заснавальнікі тэлекампаніі – амбітныя маладзёны, апантаныя ідэяй зрабіць прыстойнае тэлебачанне на высокім узроўні, якое сталася б візітоўкаю нашае краіны.

«На самой справе гэта быў кацёл, у якім нараджалася новая Беларусь, новая нацыя. Мы былі на вастрыні гэтага. Тады быў пад’ём у грамадстве, тады быў БНФ, быў вельмі рамантычны погляд на тое, што нас чакае», – згадвае Павел Жук, у 1990-ыя – генеральны дырэктар тэлекампаніі «ММ4».

На што толькі не ішлі пачынальнікі незалежнага тэлебачання дзеля справы свайго жыцця! Каб набыць перадатчык у Чачэніі, Павел Жук разам з калегамі ўзялі грошы, запусцілі бароды і паехалі ў Грозны.

«Калі б у Грозным ведалі, што ў нас столькі грошай, то мы ад вакзалу трох крокаў бы не зрабілі», – згадвае былы генеральны дырэктар.

Вызначальную ролю адыграла эсэ Уладзіміра Арлова «Незалежнасць – гэта…». Калі чачэнскія калегі даведаліся, што Павел Жук выдаў той самы твор, які яны нядаўна пераклалі і апублікавалі ў сябе, усё стала на свае месцы.

Самым каштоўным у незалежным тэлебачанні было тое, што яго не кантралявалі ўлады.

«У нас не было забаронаў. Людзі нас паважалі, а ўлады крыху баяліся. Мы маглі распавесці пра стачкі, закалоты. Распавесці моваю людзей», – згадвае тэлежурналістка Святлана Скрыпнік, якую ў 1990-ыя запрасілі працаваць на незалежны тэлеканал у Салігорску.

Людзі давяралі незалежным журналістам і ахвотна ішлі на размову. Яны верылі, што пра іхныя праблемы давядуць грамадскасці.

Пра першыя крокі незалежнага тэлебачання Беларусі ў 1990-ыя распавядаюць таксама Тамара Лісіцкая, Аляксандр Ступнікаў, Юрый Хашчавацкі ды іншыя тагачасныя зоркі беларускае журналістыкі. У рэпартажы – унікальныя запісы падзеяў 25-гадовае даўніны: адстаўка Станіслава Шушкевіча, дэпутацкі ўзлёт Аляксандра Лукашэнкі, каментары яшчэ далёкай да Нобэлеўскай прэміі Святланы Алексіевіч, сакавітыя апытанні мінакоў, святкаванне Дня Волі ў 1994 годзе. Мінула чвэрць стагоддзя, а ці шмат змянілася? Глядзіце ў новым рэпартажы «Белсату» – «Незалежнае тэлебачанне».

 

 

Стужка навінаў