Запуск Астравецкай АЭС адклалі на год


Пра гэта стала вядома на нарадзе Аляксандр Лукашэнкі з урадам 22 верасня.

У суботу кіраўнік Беларусі на нарадзе з удзелам чальцоў ураду ў Менску абмеркаваў вынікі беларуска-расейскіх перамоваў.

У Сочы Аляксандр Лукашэнка папрасіў Уладзіміра Пуціна падоўжыць тэрмін вяртання крэдыту на будаўніцтва АЭС у Астраўцы і знізіць працэнтную стаўку. Кіраўнік Беларусі спаслаўся на тое, што Расея парушае тэрміны па будаўніцтве.

«Пакуль адкладаецца запуск першага блока аж на год», – заявіў Лукашэнка.

Кіраўнік Беларусі прызнаўся, што баіцца, што Расея не выканае і гэтага тэрміну.

«Калі тэрміны былі сарваныя (мы, вядома, не хочам ісці ў суды, судзіцца, як гэта па дамове), мы дамовіліся аб тым, што тэрмін вяртання крэдыту трэба падоўжыць, і працэнтная стаўка павінная быць не горш, чымся для іншых дзяржаваў. Напрыклад, Арменіі, Бангладэш, Венгрыі і гэтак далей», – заявіў Лукашэнка.

Кіраўнік Беларусі спадзяецца знізіць стаўку па крэдыце да 3 %.

  • Да 2020 года Беларусь возьме ў Расеі да $ 10 млрд на фінансаванне 90 % будаўніцтва двух энергаблокаў АЭС. На адну палову ўзятай сумы налічваюцца адсоткі па стаўцы 5,23 % гадавых, на другую працэнтная стаўка складаецца паводле формулы «LIBOR для 6-месячных дэпазітаў у доларах ЗША, павялічанай на маржу ў памеры 1,83% гадавых».

ДД

Стужка навінаў