«Заплаціць за працу «дэтэктыва». Бізнесовец кажа, што ў яго вымагалі грошы за закрыццё крымінальнай справы


Бізнесовец хацеў набыць элітнае жыллё ў Гомлі, а забудоўшчык узяў грошы і схаваўся ў Расеі. «Прэстыжны» таунхаус атрымаўся без водаправоду, газу і якой-кольвек інфраструктуры, а гісторыя ўрэшце рэшт абярнулася крымінальным пераследам для самога пакупніка.

У рэдакцыю belsat.eu звярнуўся ўласнік кансалтынгавай фірмы Сяргей Матуль. Сам ён грамадзянін Расеі, жыве і працуе ў Дубаі, але ягоная жонка – з Гомля. У красавіку 2015 году пара чакала дзіця і вырашыла набыць прасторнае жыллё ў родным горадзе жонкі.

Выбар спынілі на новым комплексе таунхаўса «Лугавы» – праект актыўна рэкламаваўся ў інтэрнэце і на вулічных бігбордах, хоць і не быў на той момант завершаны. Раней гэты ж забудоўшчык – індывідуальны прадпрымальнік Арцём Бондараў – пабудаваў падобны ЖК у цэнтры Гомля, на вуліцы Мазурава.

Спачатку кліентам нічога не падавалася дзіўным. Бондараў зрабіў на Матуля добрае ўражанне, спадабалася і апісанне будучага таунхаусу – два паверхі агульнай плошчай 220 м2, уласны зямельны ўчастак, гараж. І ўсё гэта – на беразе ракі Сож, «у прыгожай, зялёнай, спакойнай зоне», сцвярджаў у рэкламе забудоўшчык.

Гэтак выглядае недабудаваны ЖК “Лугавы” цяпер. Фота – belsat.eu

Першапачаткова агучаны Бондаравым кошт складаў каля 140 тысяч долараў. Што датычыць афармлення здзелкі, той прапанаваў Матулю заключыць дамову пазыкі.

Справка
Даведка: Згодна з артыкулам 760 Грамадзянскага кодэксу Рэспублікі Беларусь, паводле дамовы пазыкі адзін бок (пазыкадаўца) перадае ва ўласнасць іншаму боку (пазычальніку) грошы (або іншыя рэчы), а пазычальнік абавязуецца вярнуць пазыкадаўцу такую ж суму грошай (або колькасць іншых атрыманых ім рэчаў такой жа якасці).

«Я азнаёміўся з варыянтам Бондарава і адмовіў, бо наша сям’я планавала набыць кватэру, а не пазычаць грошы пад цьмяныя гарантыі. Як пазней высветлілася, большасць уласнікаў «набывала» кватэры менавіта па дамове пазыкі. Калі я пацікавіўся ў забудоўшчыка, навошта патрэбная такая схема, яснага адказу не пачуў. Толькі цяпер я разумею – гэта фактычна вызваляла Бондарава ад адказнасці за будаўніцтва аб’екту, паколькі той з’яўляўся ўсяго толькі пазычальнікам», – кажа Сяргей Матуль.

Аднак тады, нягледзячы на сумнеўнасць прапановы, ён быў упэўнены, што ЖК «Лугавы» знаходзіцца на кантролі ў гомельскіх уладаў, а, значыць, Бондараў мае адпаведны дазвол на ўсе будаўнічыя працы, «не будзе гуляцца з законам» і давядзе справу да канца.

Вокны недабудаванага ЖК “Лугавы”. Фота belsat.eu

1 чэрвеня 2015-га бакі вырашылі заключыць дамову інвеставання, паводле якой выплата дзялілася на тры часткі: на момант падпісання Матуль дае Бондараву 30 тысяч долараў, не пазней за 20 чэрвеня – яшчэ 10 тысяч, а да канца верасня – астатак у памеры 99 700 долараў. Усе гэтыя сродкі «інвестар» мусіў перадаваць забудоўшчыку наяўнымі, гаварылася ў дамове. Асобна было падкрэслена, што бакі не маюць ніякіх дадатковых вусных дамоўленасцяў.

«Але час ад часу Бондараў звяртаўся да мяне з просьбай выплаціць яму пэўныя сумы, спасылаючыся на тое, што продажы нерухомасці ідуць кепска ў сувязі з эканамічным становішчам у Беларусі. Мы ставіліся з разуменнем і перадавалі яму запатрабаваныя грашовыя сумы ў якасці дадатковых інвестыцыяў», – прыгадвае Матуль.

Справка
Даведка: Дамова інвеставання або інвестыцыйная дамова прадугледжвае, што інвестар выдзяляе сродкі атрымальніку, які бярэ абавязак забяспечыць укладанне гэтых сродкаў у аб’ект інвестыцыйнай дзейнасці, то бок мэтавае фінансаванне. У Беларусі выкарыстоўваецца пераважна кампаніямі, пры будаўніцтве камерцыйных установаў, а не прыватнага жылля. Як і дамова пазыкі, гэтая форма вызваляе атрымальніка ад платы падатку. А ў разе невыканання абавязкаў, ён мусіць вярнуць грошы інвестару.

Цягам 10 працоўных дзён пасля апошняга траншу, то бок не пазней за 9 верасня 2015 году, Бондараў павінен быў перадаць Матулям усю дакументацыю па таунхаусе, але замест таго пачаў зацягваць працэдуру пад рознымі нагодамі.

Копія пастановы аб узбуджэнні крымінальнай справы супраць Сяргея Матуля

«У інтэрнэце была абвестка аб продажы маёй кватэры»

Час ішоў, Матулі працягвалі ўкладаць грошы ў будаўніцтва. Сям’я пераязджае з ААЭ ў Беларусь, каб займацца гэтай справай, Сяргей атрымлівае від на жыхарства. А Бондараў, спасылаючыся «кепскую эканамічную сітуацыю», увесь час павышаў фінальны кошт аб’екту. У лютым 2016 году Сяргей бярэ крэдыт у Белгазпромбанку амаль на 4 мільярды рублёў (нядэмінаваных, каля 175 тысяч долараў у эквіваленце). Ён пачынае штомесяц выплачваць крэдыт, паралельна даючы наяўныя Бондараву на розныя патрэбы – плітку, каналізацыю, добраўпарадкаванне тэрыторыі і г.д Але грошы, падаецца, знікалі ў невядомым кірунку.

На пачатку красавіка 2016-га Матуль раптоўна даведаўся, што ў інтэрнэце ёсць абвестка аб продажы ягонай жа кватэры ў таунхаусе «Лугавы!

«На той момант мы яшчэ не ведалі, што Бондараў ужо некалькі разоў паспеў «прадаць» гэтую кватэру«, – кажа Сяргей.

За ўвесь час (пры бясконцых фінансавых уліваннях) забудоўшчык фактычна ня вёў ніякіх працаў на тэрыторыі ЖК – не пракладвалася інжынерная інфраструктура, не праводзілася каналізацыя. Падрадчыкі адмаўляліся працаваць на аб’екце, бо Бондараў ім не плаціў. Дайшло да таго, што адзін з падрадчыкаў, не атрымаўшы грошай, быў вымушаны разабраць тратуарную плітку і дэмантаваць бардзюры.

Гамяльчук Мікалай дапамагаў з будаўніцтвам таунхаусу сваёй цешчы ў гэтым ЖК. Ён пацвярджае, што праблемы ўзніклі не адразу, спачатку ім падалося: у праекце Бондарава ўсё распісана «вельмі прыгожа і пісьменна». Але потым ім давялося за ўласныя сродкі класці асфальт ды праводзіць камунікацыі на тэрыторыі комплексу.

«Мне падаецца, ён проста не разлічыў уласныя сілы, не ўяўляў, што сітуацыя на рынку нерухомасці зменіцца і кватэры абыдуцца даражэй, чым планавалася», – кажа Мікалай.

Цікава, што зямельны ўчастак пад будаўніцтва таунхаусаў Бондараў атрымаў ва ўласнасць з мэтай узвядзення «аднакватэрнага блакаванага жылога дому». Такая ж фармулёўка ўтрымліваецца ў пасведчанні аб дзяржаўнай рэгістрацыі ўчастку, выдадзенай Дзяржкамітэтам па маёмасці. Але па факце Бондараў будаваў жыллёвы комплекс, а зусім не аднакватэрны дом. Калі Матуль звярнуўся ў мясцовы выканкам, каб там патлумачылі сітуацыю, чыноўнікі тады адказалі, што дзеянні Бондарава цалкам законныя.

Да сярэдзіны 2017 году ў таунхаусе Матуля па-ранейшаму не было ні вады, ні газу: для жыцця з маленькім дзіцём і жонкай памяшканне было непрыдатным. Матуль кажа, што прайшоў усе інстанцыі: скардзіўся і ў пракуратуру, і ў СК, і нават у Адміністрацыю прэзідэнта. У жніўні ў Сяргея скончыўся двухгадовы від на жыхарства, але заставацца ў Беларусі цяпер не мела сэнсу. Паводле яго словаў, пасля шматлікіх зваротаў у органы ўлады ім стала відавочна: таунхаус так і не завершаць у бліжэйшым часе.

На той момант, акрамя «крэдытных» грошай, Матуль уклаў у будаўніцтва яшчэ каля 150 тысяч долараў. Нарэшце яны з жонкай вырашылі вярнуцца ў Дубаі.

Паводле інфармацыі крыніцы, блізкай да расследавання, праз некаторы час Арцёма Бондарава затрымалі ў Гомлі па падазрэнні ў махлярстве, аднак праз тры дні адпусцілі, пасля чаго той з’ехаў у Расею. Бондарава абвясцілі ў вышук.

Сёлета ў красавіку стала вядома: гомельскія аператыўнікі ў супрацы з расейскай паліцыяй знайшлі Арцёма Бондарава ў Падмаскоўі. Паводле следства, ад ягоных махлярскіх дзеянняў пацярпелі 18 асобаў, агульная шкода, нанесеная грамадзянам, склала каля мільёну долараў. Аднак Матуль сцвярджае: прэцэдэнт з ЖК «Лугавы» у матэрыялах справы не фігуруе, а яго самога не прызналі пацярпелым. Цяпер чакаецца экстрадыцыя Бондарава ў Беларусь.

«Дэтэктыў», якому трэба заплаціць

10 студзеня 2018 году Следчы камітэт распачаў крымінальную справу супраць Сяргея Матуля паводле ч. 4 арт. 209 Крымінальнага кодэксу (махлярства ў асабліва буйным памеры). Раней у праваахоўныя органы звярнуўся грамадзянін Расеі Яўген Панамароў і паскардзіўся, што Матуль нібыта ўзяў у яго 225 тысяч долараў у якасці перадаплаты за кватэру ў злашчасным ЖК «Лугавы» і збег з грашыма. Следства палічыла заяву Панамарова дастатковай падставай для ўзбуджэння справы.

«Панамарова я бачыў аднойчы ў жыцці. Ён быў памочнікам расейскага бізнесоўца Сяргея Ананьева. Яшчэ ў чэрвені 2015 году абодва прыляталі ў Дубаі, мая фірма аказвала юрыдычнае суправаджэнне пры рэгістрацыі кампаніі Ананьева ў Эміратах. Наш кантакт быў звязаны толькі з гэтым. Мы ніколі не вялі размоваў аб продажы нерухомасці», – тлумачыць Матуль.

Ён падкрэслівае, што канфлікту з кліентамі ў яго не ўзнікала, прэтэнзіяў па аплаце паслугаў – таксама.

«Акрамя таго, следства сцвярджае, што суму я нібыта атрымаў ад Панамарова ў Гомлі ў сакавіку 2016, але дакладная дата пры гэтым «неўстаноўленая». Як сведчаць штампы ў пашпарце Матуля, з 1 па 29 сакавіка 2016 ён знаходзіўся ў Эміратах.

На думку Матуля, да ягонага пераследу мае дачыненне Арцём Бондараў. Сяргей сцвярджае, што той знаёмы з Ананьевым, перыядычна бачыўся з ім у Маскве і паколькі вяртаць грошы гора-забудоўшчык не збіраўся, то яны разам прыдумалі схему, як нацкаваць праваахоўнікаў на Матуля. «Відавочна, што такім чынам Бондараў паспрабаваў адпомсціць мне за тое, што, дзякуючы маім намаганням, супраць яго распачалі справу», – кажа ён. Такую ж пазіцыю займае адзін з адвакатаў Матуля, які папрасіў не згадваць ягонае імя. Пацверджання гэтай версіі з іншых крыніц атрымаць не ўдалося.

Першапачаткова пра крымінальную справу супраць сябе Матуль даведаўся не ад СК, а кампаньёнаў Ананьева.

«Ананьеў пачаў дасылаць сваіх «перамоўшчыкаў», тыя адкрытым тэкстам патрабавалі грошы. Гаворка вялася пра тое, каб я даў ім ад 35 да 100 тысяч долараў у абмен на спыненне супраць мяне крымінальнай справы. Пры гэтым настойвалі «зрабіць усё хутка», бо, маўляў, час ідзе і справа раскручваецца», – распавядае Сяргей у паказвае скрыншоты перапіскі з вымагальнікамі.

У перапісцы рабіўся акцэнт на тым, што частка сумы павінна пайсці сведку па справе, Юрыю Кавалеву (яшчэ адзін кампаньён Ананьева, які нібыта бачыў факт перадачы грошай), а частка – «дэтэктыву». Матуль упэўнены: гэтак яны завуаліравана называлі зацікаўленага гомельскага следчага.

«Калі мой адвакат прыйшла ў Гомельскі аддзел СК да следчых Клімавай, якая вяла справу, і яе кіраўніка Макрушына, і паказала ім паведамленні, людзі Ананьева ў той жа дзень спынілі перапіску. Больш ніякіх патрабаванняў ад іх не паступала», – гаворыць Матуль.

Ён упэўнены, што адзін з вымагальнікаў цесна знаёмы са следчым Макрушыным, аднак афіцыйных доказаў гэтаму няма.

Тое, што перапіска спынілася, пацвярджае і адвакатка Любоў Семечка, якая займалася справай Матуля ў той час.

«Што мелі на ўвазе людзі, каму яны збіраліся плаціць і за што – дакладна сказаць немагчыма, бо там няма прозвішчаў. Магчыма, гэта супадзенне», – мяркуе адвакатка. Але яна не выключае, што сувязь паміж следствам і вымагальнікамі сапраўды была.

Мы звязаліся з двума асобамі, якія патрабавалі грошы ў Сяргея ў перапісцы, аднак тыя ад каментароў адмовіліся. Адзін са сведкаў у справе заявіў: «Звярніцеся ў міліцыю, там ёсць уся інфармацыя, якая вас цікавіць».

Пакуль расследаванне па папярэдняй справе працягвалася, 19 сакавіка 2018 супраць Матуля распачалі новую. Калі раней пацярпелым быў Панамароў, то цяпер у гэтай якасці выступіў сам Ананьеў. Артыкул аналагічны – 209 КК. Матуль таксама абвяргае, што калі-небудзь абмяркоўваў продаж кватэры з ім.

Матуль паскардзіўся ў СК на «карупцыю» у шэрагах сілавікоў, але, як вынікае з афіцыйнага адказу, падобных фактаў пры правядзенні расследавання па справе выяўлена не было. «Падставаў для прыняцця мераў рэагавання няма», – гаворыцца ў дакуменце.

КА belsat.eu

Стужка навінаў