Занадта шмат самагубстваў

Курсанта Акадэміі МУС дасталі з пятлі. Пра гэта паведаміў самы папулярны беларускі тэлеграм-канал.

Верагодна, самагубствы адбываліся і раней – проста мы пра іх не ведалі. Але зараз адчуванне такое, што мы жывем у эпоху павальнага суіцыду.

Знайшлі павешанае цела салдата тэрміновай службы з майкай, намотанай на галаву, і звязанымі нагамі? Самагубства.

Знайшлі труп лейтэнанта Дзяржаўтаінспекцыі, рукі якога закутыя кайданкамі, ды яшчэ і без штаноў, прадбачліва знятых ім і спаленых? Самагубства.

ВІДЭА
Следчы камітэт пра гібель міліцыянта ў Магілёве: Асноўная версія – суіцыд
2019.05.20 12:22

Курсанты-першакурснікі, афіцэры міліцыі, чыноўнікі рознага ўзроўню – адзін за адным зводзяць яны рахункі з жыццём. Сваім, не з чужым жыццём. Верагодна, таму ніхто, акрамя маці, жонак, дзяцей, асабліва і не затлумляцца, не шукае прычын такой масавага з’явы. Напэўна, нехта яшчэ і ўздыхне з палёгкай: хай лепш так, чым з выбухам у метро або з нажом сярод скрываўленых целаў аднакашнікаў.

Страшна.

Hавiны
Курсант Акадэміі МУС здзейсніў спробу суіцыду
2019.05.20 21:50

Самагубства становіцца спосабам, па-першае, сысці ад праблем, якія здаюцца невырашальнымі, па-другое – каму-небудзь што-небудзь даказаць. Маўляў, вы не лічылі мяне здольным на такі страшны і рашучы крок – а я дакажу вам усім, ступіўшы ў бездань.

«Открылась бездна, звезд полна.

Звездам числа нет, бездне дна».

Ламаносаў пісаў гэта пра неба ў нас над галовамі. У пару сказаць пра прорву, якая раскрылася пад нагамі. У гэтай бездані таксама дна няма.

Жэст крайняга адчаю, уцёкі з жыцця – гэта вынік агульнай атмасферы безвыходнасці, якая пануе ў нашым грамадстве. Вырасла пакаленне, якое ўпэўненае ў непахіснасці і вечнасці таго, што адбываецца. Калі нічога не зменіш – навошта жыць? У адным з раманаў Анатоля Франса ёсць устаўная навела: Бог вырашыў пакараць чалавецтва і зрабіў так, каб немаўляты нараджаліся з веданнем сваёй будучыні. Дык вось, нараджаліся яны пасля гэтага сівымі, з поўнымі жаху вачыма маленькіх старых, і спрабавалі здзяйсняць гэта самае самагубства. Мы, падобна, жывем у такую эпоху і ў такой прасторы.

Не кажу – «у такой краіне». Кажу – «у такой прасторы». І гэта не выпадкова.

Hавiны
Былы следчы і міліцыянт – пра нестыкоўкі ў версіі аб самагубстве інспектара ДАІ
2019.05.20 18:23

На мінулым тыдні быў у Маскве на навуковай канферэнцыі. Сустракаўся са сваёй аднакурсніцай – паспяховай настаўніцай вышэйшай катэгорыі. Размаўлялі аб праблемах у педагогіцы. Вось самае страшнае: за апошнія чатыры гады ў іх цалкам добрай гімназіі – чатыры самагубства. Апошняе здзейсніў выдатнік, навучэнец выпускнога класа. Ступіў з даху шаснаццаціпавярховага дома.

А самы малады самазабойца, пра якога мне распавяла Лена, – пяцікласнік. Згуляў у кампутарныя гульні. Прайграў дваццаць адну тысячу расейскіх рублёў – нешта каля 300 еўра. Узяў без попыту мамчыну банкаўскую картку, перавёў грошы з рахунку. Нястачу выявілі. Не, пальцам дзіцяці не кранулі, – кампутар адабралі. Ён павесіўся. Вешаўся, нібыта, жартам: бацькі нават на хрып паспелі прыбегчы і з пятлі гамака выняць. Толькі вось адкачаць не змаглі.

Што гэта? Час такі? Сістэма выхавання абрынулася? Тэлевізар з інтэрнэтам вінаватыя?

Калі былы беларускі міністр транспарту выкінуўся з акна, казалі: «Можа, выпіў лішняга…»

Гэтыя дзеці не пілі. Проста смерць апынулася для іх выхадам з пабудаванага дарослымі тупіка.

І не хопіць ніякай Алексіевіч, каб выслухаць іх перад крокам у бездань і пераказаць потым іх гісторыі.

Лейтэнант ДАІ, 22 гады.

Першакурснік акадэміі МУС.

Салдат тэрміновай службы.

Таксама – дзеці. Занадта шмат самагубстваў.

/ІР

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў