Замежнікі-добраахвотнікі ў Кіеве правялі мітынг у абарону сваіх правоў


Пад Вярхоўнай Радай у Кіеве адбыўся мітынг добраахвотнікаў-замежнікаў, якія патрабуюць ад уладаў звярнуць увагу на праблему адсутнасці ў іх украінскага грамадзянства.

Добраахвотнікі прыкавалі сябе да металічнага плоту каля будынку Рады. Многія з іх яшчэ з 2014 году чакаюць на атрыманне грамадзянства. Пры гэтым яны асцерагаюцца, што іх могуць дэпартаваць, паведамляе Цензор.НЕТ.

Сярод тых, хто прыкаваў сябе кайданкамі да плоту – пяцёра беларусаў з батальёна «Азоў». Як паведамляе LB.ua адзін з байцоў Дзяніс Прохараў распавёў, што ў яго хутка закончыцца тэрмін дзеяння беларускага пашпарту, і што яму рабіць далей, ён не ведае.

Добраахвотнікі просяць выдаць ім украінскае грамадзянства і распусціць камісію па пытаннях грамадзянства пры прэзідэнце Украіны.

Сярод удельнікаў мітынгу не толькі грамадзяне Беларусі, але і Харватыі, Расеі.

Тым часам старшыня Вярхоўнай Рады Украіны Андрэй Парубій сустрэўся з прадстаўнікамі нацыялістычных арганізацыяў і замежных добраахвотнікаў, сярод якіх быў і беларус Ян Мельнікаў.

Андрэй Парубій паабяцаў у аўторак вынесці на галасаванне законапраект, які будзе абараняць правы замежных добраахвотнікаў. Пра гэта ў «Facebook» паведаміў кіраўнік партыі «Правы сектар» Андрэй Тарасенка.

СК, belsat.eu

Стужка навінаў