Замест выбачэнняў: з’явілася петыцыя за знос помніка гарадавому ў Менску


Помнік гарадавому ў Менску, скрыншот відэа МУС

Блогер Яўген Ліпковіч стварыў петыцыю на сайце Petitions.by за знос помніка гарадавому ў Менску.

Толькі цягам першых 2 гадзін яе падпісалі 200 чалавек.

Аўтар петыцыі прапануе знесці скульптуру, якая, паводле яго словаў, «правакуе жыхароў і супрацоўнікаў міліцыі на неадэкватныя дзеянні». Сам помнік гарадавому ён называе «маламастацкім творам» і «металічным балванам».

На думку Ліпковіча, «да сапраўднага вандалізму не дайшло», але тое, што міліцыянты прымусілі хлопца выбачацца перад помнікам, ён называе «беспрэцэдэнтнымі дзеяннямі» і заклікае «ліквідаваць раздражняльнік грамадскай думкі».

Нагадаем, 15 лістапада МУС Беларусі апублікавала відэа, на якім бачна, як хлопец дае плескача скульптуры гарадавога ў цэнтры Менску. Міліцыянты распавядаюць, як затрымалі «парушальніка», а потым сам хлопец прыносіць прабачэнні на камеру.

Гэтая гісторыя набыла рэзананс – беларускія карыстальнікі сацсетак зладзілі флэшмоб, у якім выбачаюцца перад рознымі помнікамі.

«Прабач мне, танк»: беларусы выбачаюцца перад помнікамі, якія калісьці маглі «абразіць»

КА, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары