Замест афіцыйнага вайсковага параду ў Кіеве гралі на фартэпіяна і чыталі рэп. ВІДЭА

Відэа

Падчас святочных мерапрыемстваў з нагоды Дня незалежнасці ў Кіеве зладзілі дзіцячы пэрфоманс, гралі на піяніна і нават выступіла рэп-спявачка. У папярэднія гады ва ўкраінскай сталіцы праходзіў традыцыйны парад вайскоўцаў і тэхнікі.

Абраны сёлета прэзідэнт Уладзімір Зяленскі вырашыў змяніць фармат. На пачатку яны разам з жонкай Аленай ушанавалі памяць загінулых за свабоду Украіны, а потым прайшліся па Алеі герояў – месцы растрэлу пратэстоўцаў у 2014 годзе. Вакол прэзідэнцкай пары размясцілі дзяцей у белай вопратцы з кветкамі ў руках, якія размалёўвалі сімвалічныя шчыты «Беркуту» і вадамёт жоўта-блакітнымі колерамі.

Адначасова да Майдану рушыла «Хада годнасці», якая налічвала сотні ўдзельнікаў, у калоне ішлі вайскоўцы, медыкі, валанцёры, спартоўцы і настаўнікі.

Калі Зяленскі падняўся на трыбуну, прагучаў дзяржаўны гімн у выкананні аркестру, але потым у сцэнары адбыўся нечаканы паварот: гімн працягнулі вядомыя выканаўцы. Яго па-своймы выканалі музыкі на фартэпіяна, спявачка закарпацкага рэпу Аліна Паш і поп-зорка Ціна Караль.

 

Жывую трансляцыю падзеі цалкам вяла ўкраінская служба Радыё Свабода.

Пасля Зяленскі выступіў з прамоваю і ўручыў вайскоўцам Узброеных сіл Украіны, паліцыянтам і ратавальнікам дзяржаўныя ўзнагароды.

Уладзімір Зяленскі прыняў рашэнне скасаваць традыцыйны вайсковы парад, а кошты, якія ўдалося ашчадзіць, раздаць вайскоўцам у выглядзе прэміяў.

КА belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары