«Замест рашэння надзённых праблемаў нас настойліва клічуць у светлую будучыню». Віцэ-прэм'ер раскрытыкаваў ЕАЭС


Намеснік прэмʼер-міністра Беларусі Ігар Петрышэнка раскрытыкаваў стан еўразійскай інтэграцыі: паводле яго, ЕАЭС цяпер нават нельга назваць эканамічным саюзам – гэта проста зона свабоднага гандлю.

«Называць эканамічным саюзам наша інтэграцыйнае абʼяднанне сёння можна толькі авансам. Пакуль мы дэ-факта знаходзімся толькі на ўзроўні зоны свабоднага гандлю. Немагчыма будаваць агульны рынак і адначасова захоўваць на ім прывілеяванае становішча нацыянальных субʼектаў. Інакш гэта ўжо не цягне на агульны рынак. Гэта проста гандаль паміж краінамі. Пачынаючы інтэграцыю, мы зыходзілі з таго, што гатовыя разглядаць тавары і прадпрыемствы адзін аднаго як свае ўласныя ў кожнай з краінаў. Пакуль такога няма», – заявіў ён у інтэрвʼю «Звяздзе».

Паводле Петрышэнка, адзіная мытная прастора ЕАЭС працуе са шматлікімі выняткамі, дагэтуль абмежаваная свабода мытнага транзіту. Віцэ-прэмʼер таксама раскрытыкаваў нарматыўную практыку ЕАЭС: «складваецца ўражанне, што пакуль мы на нацыянальным узроўні заклапочаныя лібералізацыяй і паляпшэннем бізнес-клімату, у рамках ЕАЭС уводзяцца ўсё новыя рэгулятарныя меры, якія ствараюць для бізнесу дадатковую адміністрацыйную нагрузку».

«Замест рашэння надзённых праблем вытворчасці і гандлю нас настойліва клічуць у светлую будучыню. У супрацу ў касмічнай сферы, у атамнай сферы, у лічбавы парадак. Нельга, каб новыя лозунгі і новыя сферы камуфлявалі адсутнасць прагрэсу ў тых, пра якія, быццам бы, даўно прынцыпова дамовіліся. Але, на жаль, не выконваем на належным узроўні», – кажа ён.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў