Замест Інстытуту журналістыкі БДУ будзе два асобных факультэта


Інстытут журналістыкі БДУ будзе рэарганізаваны ў два самастойных факультэта – журфак (новая назва яшчэ не зацверджана) і факультэт павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі (ФПКП).

ФПКБ прысвояць статус адзінага навукова-метадычнага і каардынацыйнага цэнтра дадатковай адукацыі дарослых у комплексе ВНУ. Гэтае рашэнне прыняла Рада БДУ, паведамляе БелТА. У ходзе пасяджэння Рады таксама было вырашана перайменаваць факультэт журналістыкі «у сувязі з актыўным развіццём існуючых напрамкаў падрыхтоўкі». Новую назву прыдумаюць і зацвердзяць да канца красавіка.

Факультэт журналістыкі БДУ быў ператвораны ў Інстытут журналістыкі 1 верасня 2008 года пасля стварэння факультэту павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі, дзе праходзілі перападрыхтоўку журналісты дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі. Пасля таго як ФПКБ выведуць са складу Інстытуту журналістыкі, будзе згублены і сэнс існавання самога інстытута.

Учора стала вядома, што 14 красавіка Сяргей Дубовік пакіне пасаду дырэктара Інстытута журналістыкі БДУ, якую ён займаў шмат гадоў.

Змены ў структуры журналісцкай адукацыі пачаліся пасля таго як Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з прадстаўнікамі дзяржаўных СМІ і заявіў, што «далей працаваць па-старому нельга». «Самым жорсткім чынам патрабую: зрабіце тэлебачанне лепш. Каб карцінка была і падача матэрыялу. Каб журналіст сказаў два сказы і каб у кропку. Я хачу глядзець толькі свае каналы. Я занадта нацыяналістычны ў гэтым плане», – падкрэсліў ён.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў