Замак, які ўжо ніколі не вернецца. Топ-10 гарадзенскіх вітрынаў, якія нельга забыць


Стары Замак у Горадні знаходзіцца ў стане рэканструкцыі, якая пакуль яшчэ не закранула фонды і выставачныя залі. Але ўжо праз месяц экспазіцыя зачыніцца, а ў памяшканнях былога палаца Баторыя пачнуцца даследаванні і рамонтныя працы.

Супрацоўнікі музею вырашылі адзначыць закрыццё экспазіцыі, якая стваралася пачынаючы з 1930-х гадоў. Некаторыя стэнды засталіся цалкам некранутымі ажно з 1960-х гадоў. Навуковы супрацоўнік Андрэй Вашкевіч правёў з гэтай нагоды «настальжы-экскурсію».

Супрацоўнік музею Андрэй Вашкевіч падчас экскурсіі. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

Музейшчык адзначыў, што недзе праз месяц з вітрынамі і экспанатамі ў сённяшнім выглядзе можна будзе развітацца. Нешта ў перспектыве застанецца ў «абноўленым» палацы Баторыя пасля яго адкрыцця. Нешта можа пераехаць у іншыя будынкі ў Горадні, перададзеныя гісторыка-археалагічнаму музею. Нешта можа знікнуць з вачэй наведнікаў назаўсёды, бо будзе схаваным у фондах.

Мы вырашылі сабраць Топ-10 вітрынаў замку, якія памятае са школы кожны гарадзенец, ды распавесці пра іх.

1. Крыжацкі меч, які зусім не крыжацкі

Пра гэты меч падчас экскурсіяў і ў музейных буклетах заўжды казалася канкрэтна: такімі мячамі, маўляў, нямецкія рыцары забівалі нашых продкаў падчас «Крыжацкай навалы». Надпіс на мячы «Пі кроў» па-нямецку меўся наганяць яшчэ больш жаху. Па факце апынулася, што гэта двуручны меч «фламберг», якімі карысталіся нямецкія ландскнехты ад ХVI ст. і пазней, то бок да нашых мясцінаў ён наўрад ці меў нейкае дачыненне.

Двуручны нямецкі меч з надпісам «Пі кроў». Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

Наагул, у музейшчыкаў узнікала пытанне: ці гэта не пазнейшая падробка, напрыклад, ХІХ ст.? Бо меч сапраўды агромністы і карыстацца ім мог толькі ваяр-«монстр» тыпу Грэгара Клігана з «Гульні тронаў». Звычайныя «фламбергі», што можна ўбачыць у еўрапейскіх арсеналах меншыя і танчэйшыя.

Двуручны нямецкі меч з надпісам «Пі кроў». Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

2. Гармата за 50 рублёў

У музейным архіве захоўваюцца тры даволі дзіўных пратаколы фондава-закупачных камісіяў. Уявіце: лета 1966-га году. Рабочыя, якія чысцяць Нёман, прывозяць у музей гармату. Ім вылучылі каля 50 рублёў у якасці прэзенту. Праз два тыдні тыя ж рабочыя прывозяць яшчэ адну гармату. Ім даюць ужо крыху меншую суму. Яшчэ праз пару тыдняў гісторыя паўтараецца. Грошаў даюць яшчэ менш. Музейшчыкі жартавалі, што каб сума не змяншалася, то ў музеі магло б быць можа і 10 такіх гарматаў.

Уваход у музей: знакамітыя прыступкі з гарматамі. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

Артылерыйскую зброю знаходзілі ў Нёмне за чыгуначным мостам, дзе ў часы Паўночнай вайны былі расейскія бастыёны. Войскі Пятра І адступалі, таму са свайго часовага мосту і паскідвалі гарматы, каб зброя не дасталася шведам.

3. «Царскія вароты» з паддашша

У гісторыка-археалагічнага музею некалі быў папярэднік: царкоўны музей, які фармаваўся ў будынку бернардынскага кляштару, на месцы якога сёння стаіць Драматычны тэатр. Музей так і не паўстаў, затое на паддашшы таго кляштару гэтыя вароты ў 1930-х знайшоў Юзэф Ядкоўскі, стваральнік музею ў Старым замку. Знайшоў, праўда, у вельмі благім стане.

Саламяныя «царскія вароты». Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

У 1970-я вароты аднавіла народная майстрыха, якая працавала з саломай. У беларускіх вёсках сапраўды часцяком рабілі царкоўныя інтэр’еры з саломы! Адно, што захавалася іх вобмаль. Яшчэ адныя «царскія вароты» ёсць у Менску ды ва Украіне два экзэмпляры. Менавіта гэтыя вароты паходзяць з Палесся, з ваколіцаў Іванава, датуюцца пачаткам ХІХ ст.

4. Пас, які цудам не сышоў за мяжу…

Неяк увечары ў 1998-м годзе некалькі чалавек прынеслі згорнутую тканіну ў музей. Каляровы сувой апынуўся… слуцкім поясам. Дакладней, поясам па тыпу слуцкага, бо зроблены ён быў не ў слуцкіх мануфактурах. Хлопцы, якія яго прынеслі, разумелі, што рэч каштоўная, але чамусьці вырашылі звярнуцца ў музей, а не да дзялкоў, што займаліся антыкварыятам і вывозілі такія рэчы за мяжу. У музеі гэта адзіны падобны пас, які нават і разгарнуць цалкам немагчыма праз ягоную даўжыню.

Шляхецкі пас, зроблены на ўзор слуцкіх паясоў. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

Цікава, што даследчыца царкоўнага мастацтва Любоў Зорына, якія шмат год займалася прадметамі мастацтва ў цэрквах і касцёлах, пісала, што па храмах Гарадзеншчыны зусім нядаўна было мноства сапраўдных слуцкіх паясоў. Але за апошнія 30 год яны наўпрост… зніклі невядома куды. Таму і захаванасць у Горадні гэтага пасу – вялікая ўдача!

Стэнд з рэліквіямі Паўстання Каліноўскага. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

5. Паўстанцкая шабля з Калугі ды два мужы Элізы Ажэшкі

На невялічкай вітрыне сабраныя некалькі ўнікальных артэфактаў часоў Паўстання Каліноўскага. Ці не самы шыкоўны – гэта цэлы альбом з фотаздымкамі паўстанцаў ХІХ ст. Сярод іншых персаналіяў, побач тут стаяць здымкі двух мужоў паэткі Элізы Ажэшкі. Ніжэй месціцца паўстанцкая шабля з гербамі і патрыятычным надпісам. Неймаверна, але яе перадалі ў Горадню… з Калугі. Як яна туды трапіла? Невядома. Дарэчы, гэта таксама сведчанне ўжо забытая традыцыі абменаў экспанатамі паміж музеямі, якая існавала ў часы СССР.

6. Дываны ды посцілкі: памяць пра экспедыцыі

Перад тым, як выставіць экспанаты, іх трэба яшчэ сабраць. З 1950-х да пачатку 1990-х паездкі па збору і выкупу экспанатаў, якія ладзіліся па вёсках, былі рэгулярнай з’явай. Традыцыю музейшчыкі адрадзілі ўжо ў 2000-х. З большага ў такіх паездках збіраюцца этнаграфічныя рэчы: ткацкія станкі, верацёны, дываны, збаны, ручнікі і г.д. Нешта людзі гатовыя аддаць за дарма, нешта – прадаць.

Этнаграфічныя стэнды: памяць пра шматлікія этнаграфічныя вандроўкі па вёсках. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

Бываюць і камічныя выпадкі, калі нехта з супрацоўнікаў ці іхных сяброў тэлефануе, стоячы на… сметніцы. Туды могуць выкінуць нешта з мэблі або старых прадметаў інтэр’еру. Збіраць тыя ж тканыя дываны па вёсках зручна, калі іх сушаць ці трасуць ад пылу бабулькі. Застаецца адно знайсці машыну, прыехаць і забраць.

7. Ордэнскія «іканастасы» на тысячы долараў

Экспазіцыя, прысвечаная Другой Сусветнай, у музеі стваралася, як кажуць, яшчэ «па гарачых слядах». І падзеі прайшлі нядаўна, і ветэраны яшчэ былі маладыя. Галоўнай персонай на ёй быў, зразумела, Сталін: вялізны бюст ды партрэт ва ўвесь рост. Калі Сталін памёр, то да бюста прыносілі вянкі. Пасля ссохлыя вянкі музейшчыкі былі змушаныя …здаць у фонды як рэліквіі, але пасля «развянчання культу асобы» – выкінулі з лёгкім сэрцам.

Форма, узнагароды ды асабістыя рэчы савецкіх афіцэраў. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

Сёння экспазіцыя па вайне – гэта ў асноўным кіцелі, узнагароды і асабістыя рэчы высокапастаўленых вайскоўцаў, павязаных з Горадняй. Напрыклад, у музеі стаіць здаравенны стол са скульптурай ільва, які належаў генералу Антонаву. Той усю вайну правёў пры Сталіне, кансультуючы і дапамагаючы галоўнакамандуючаму. Дагэтуль нашчадкі ветэранаў нясуць у музей узнагароды. Калі гэта камплекты з ордэнамі Кутузава ці Хмяльніцкага, то па рынкавых коштах падобныя падарункі цягнуць на тысячы долараў…

8. Нямецкія сцягі ды крыжы Булак-Балаховіча

Невялічкі стэнд, адмыслова размешчаны амаль на падлозе, прысвечаны пераможанаму нацызму. Нямецкія сцягі, зброя, узнагароды. Цікава, што сцягі несапраўдныя, а зробленыя ўжо пасля вайны. У СССР для патрэбаў музеяў ды кіно існавала цэлая індустрыя па вытворчасці не толькі нямецкай формы, але і сцягоў ІІІ Райху.

Форма, узнагароды ды асабістыя рэчы савецкіх афіцэраў. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»
Нямецкі куточак: штучныя сцягі і сапраўдная зброя. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

А вось узнагароды Германіі ды Японіі – сапраўдныя. Смешна, але сярод іх доўгі час таксама ляжаў і крыж генерала Станіслава Булак-Балаховіча. Белы эмаляваны крыж меў выяву чэрапа, таму супрацоўнікі ў савецкі час, відаць, і запісалі яго аўтаматычна ў лік «эсэсаўскай сімволікі».

9. Дыназаўры ды «фота першабытнага чалавека»

Даследчыца Ванда Юркевіч разам з мастаком Кузняцовым у 1967-м годзе стварылі ў музеі экспазіцыю, прысвечаную прыродзе, пачаўшы ад зараджэння жыцця на Зямлі. Іклы мамантаў, скамянелыя малюскі, прыклады геалагічных пародаў – усё тут. У 1981-м тут прайшоў усесаюзны семінар супрацоўнікаў музеяў прыроды, а гэтая экспазіцыя прызнаная лепшай у СССР. Магчыма таму яе і не змянялі з таго самага 1967-га году.

Экспазіцыя па дагістарычных часах трымаецца з 1967-га году. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

Цікава, што недзе ў фондах дагэтуль захоўваецца экспанат з загадкавым подпісам: «Фота першабытнага чалавека». Зразумела, што фота датычыцца не самой істоты, але рэканструкцыі ягонага выгляду, але жарт пра таямнічы здымак гуляе сярод супрацоўнікаў дагэтуль.

10. Пушчанскі волат з глінай пад поўсцю

Экспазіцыя, прысвечаная прыродзе, мабыць, адзіная цалкам дэідэалагізаваная. Бо і ў міжваенны час, калі музей ствараўся, і ў часы СССР, і зараз, так ці інакш, маюць месца ідэалагічныя ацэнкі ды «выхаваўчая роля». А вось пудзілы дзікоў, соваў і зуброў знаходзяцца паза палітыкай і часам.

Пудзіла агромністага зубра з Белавежскай пушчы. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

Сярод іншых пудзілаў вылучаецца агромністая постаць зубра, які важыў не менш за тону. Сучасныя зубры, якія водзяцца ў Белавежскай пушчы, драбнейшыя амаль на траціну, бо з’яўляюцца помессю з каўказскімі зубрамі. Гэтае ж пудзіла было зроблена з нашага сапраўднага насельніка пушчы. Самі старыя пудзілы, як не дзіўна, вельмі цяжкія, бо ўсярэдзіне маюць металічны каркас і гліну. Пераносіць іх для супрацоўнікаў музею – сапраўднае выпрабаванне, параўнальнае з пераносам піяніна для піяніста.

Зрэшты, у перспектыве пераезду экспазіцыі, долі гэтай ані супрацоўнікам музею, ані зубрам, не абмінуць.

АК, фота Васіль Малчанаў belsat.eu

Стужка навінаў