Заснавальнік «Conflict Intelligence Team»: група «Вагнэра» існуе, каб схаваць расейскія страты ў Сірыі


Кіраўнік групы расейскіх блогераў «Conflict Intelligence Team» (CIT) Руслан Левіеў пракаментаваў смерць расейскіх наймітаў ва Усходняй Сірыі падчас амерыканскага абстрэлу.

Паводле Левіева, інфармацыя пра 200 і нават 600 забітых (паводле «Reuters» каля 300) – моцнае перабольшванне.

CIT пацвердзіў смерць 9 асобаў з расейскім грамадзянствам. Неўзабаве могуць быць пацверджаныя смерці яшчэ некалькіх чалавек. Левіеў запэўнівае, што гаворка ідзе пра 20-30 асобаў, а не некалькі сотняў.

«Такая колькасць загінулых не адпавядае мэтам амерыканскай атакі. Некалькі сотняў забітых азначала б, што мы мелі справу з боем-мясарубкаю. Мы таксама не заўважылі павелічэння колькасці паветраных судоў, якія перавозілі б целы забітых і параненых у Расею. Мы схіляемся да версіі сірыйскай апазіцыі, паводле якой, на іх напала ад 300 да 500 жаўнераў. І ў выніку контрудару кааліцыі яны панеслі страту каля 100 асобаў».

Інфармацыю пра забітых CIT шукае праз сацыяльныя сеткі.

«Знаходзім інфармацыю, дзе выкарыстоўваюцца канкрэтныя імёны – шукаем іхныя профілі і кантактуем з членамі іхных сем’яў. І калі яны пацвярджаюць, што 7 лютага іхны сваяк быў забіты і не быў прафесійным жаўнерам, то мы публікуем звесткі пра яго», – кажа Левіеў.

«Мы кажам, што мы звычайныя людзі, крыху звязаныя з арміяй, і даведаліся пра смерць. Калі людзі чуюць слова журналіст, то адразу замаўкаюць і выдаляюць профілі», – дадае кіраўнік CIT.

Левіеў сцвярджае, што група «Вагнэра» не зʼяўляецца прыватнай вайсковай кампаніяй кшталту амерыканскай «Black Water», дзе займаюцца пытаннямі бяспекі, суправаджэння і падрыхтоўкаю ваенных кадраў.

«Гэта паўнавартасны філіял Міністэрства абароны Расеі. Напрыклад, іх навучальная база размешчаная на базе 10-й брыгады спецназу ГРУ», – распавядае заснавальнік CIT.

Паводле журналістаў расейскага парталу Фантанка.ру, у Сірыі ваюе каля 1500-2000 «вагнэраўцаў», якія маюць свае танкі і артылерыю. Наёмніцтва ў Расеі лічыцца злачынствам. Нягледзячы на гэта семʼі забітых атрымліваюць кампенсацыі ад прыватнай кампаніі – 3 млн расейскіх рублёў.

Раней ці пазней Расея будзе вымушаная апублікаваць афіцыйную інфармацыю пра страты ў Сірыі, адзначае суразмоўца «Белсату», а публікаваць інфармацыю пра страты наймітаў з групы Вагнэра ўжо не абавязкова.

Некаторыя расейскія журналісты мяркуюць, што мінабароны Расеі не цалкам кантралюе «вагнэраўцаў». Праўладныя расейскія журналісты называюць іх «вольнымі мастакамі».

«Міністэрства абароны Расеі ставіць задачу перад групай «Вагнэра»: заняць канкрэтны пункт, забяспечыць абарону маршрутаў. Астатнія рашэнні аб здабыцці абʼекта прымаюць камандзіры з групы Вагнэра. Кампанія не фінансуецца непасрэдна з мінабароны – у яе ўкладвае грошы расейскі алігарх Яўген Прыгожын», – адзначае Левіеў.

Размаўляў Якуб Бернат, belsat.eu

Стужка навінаў