«Заліў крывёю аўтамабіль». Актывіста каманды Ціханоўскай выкралі міліцыянты


У Гомлі ўзмацняецца пераслед прыхільнікаў Святланы Ціханоўскай. 6 жніўня ў двары прыватнага дому ў пасёлку Краснае праваахоўнікі брутальна затрымалі актывіста штабу Дзмітрыя Івашкова. Забіраць мужчыну прыехалі шэсць міліцыянтаў на трох аўтамабілях. Бацькі два дні не маглі даведацца, дзе і ў якім стане іхны сын.

Дзмітрый Івашкоў уваходзіць у ініцыятыўную групу Святланы Ціханоўскай. Мужчына браў удзел у дазволеных перадвыбарных мітынгах штабу, збіраў подпісы і агітаваў за кандыдатку. Апошнімі днямі ён шмат часу праводзіў у бацькоў у паселішчы Краснае, што ў Гомельскім раёне. 6 жніўня гомелец збіраўся ехаць у горад. Адчыніўшы браму, перад сабой ён пабачыў пяцёх міліцыянтаў.

Затрыманы міліцыянтамі Дзмітрый Івашкоў. Фота суразмоўцы
Затрыманы міліцыянтамі Дзмітрый Івашкоў. Скрын відэа суразмоўцы

Праваахоўнікі без тлумачэнняў і гвалтам трапілі на прыватную тэрыторыю. Бацькі Дзмітрыя абурыліся бяспраўнымі дзеяннямі працаўнікоў міліцыі, папрасіўшы іх назвацца і паказаць дакументы. Тыя просьбы праігнаравалі, сказаўшы толькі, што хочуць дагледзець аўта.

Сястра затрыманага Алена распавяла belsat.eu, што міліцыянты папрасілі Дзмітрыя падысці бліжэй. Відавочна, хацелі яго затрымаць. Знянацку яны сапраўды спрабавалі яго схапіць, тады Дзмітрый пачаў уцякаць цераз плот. Яго затрымаў міліцыянт у цывільным, які застаўся пільнаваць у адным з трох аўтамабіляў.

«Іх машыны стаялі пад домам, яны адмыслова сцераглі, чакалі, пакуль хтосьці выйдзе. Бандытызм чыстай вады. Дзіму скруцілі і кудысь павезлі. Амаль тры гадзіны мы высвятлялі, дзе ён. У выніку нам удалося пабачыць яго ў траўмапункце. Ён быў увесь у крыві, ногі падрапаныя, парэзаныя, рукі таксама. Швы накладвалі. Ён не сказаў, што здарылася, але заліў ім крывёю ўвесь аўтамабіль».

Міліцыянты, якія затрымлівалі Дзмітрыя Івашкова 6 жніўня. Скрын відэа
Міліцыянты, якія затрымлівалі Дзмітрыя Івашкова 6 жніўня. Скрын відэа

Пасля доктара Дзмітрыя адвезлі ў аддзел унутраных справаў Гомельскага райвыканкаму. Там сваякі прастаялі яшчэ некалькі гадзінаў, каб атрымаць хоць нейкую інфармацыю, што адбываецца з іхным родным.

«Мы хацелі высветліць, на падставе чаго Дзіму затрымалі. Нам нічога не сказалі, да гадзіны ночы стаялі пад дзвярамі. Яго адвезлі ў ІЧУ».

Hавiны
Горадня засталася без давераных асобаў Ціханоўскай
2020.08.07 10:59

Увесь дзень 7 жніўня сваякоў Дзмітрыя Івашкова апраўлялі па коле – суд, ІЧУ, аддзел унутраных справаў райвыканкаму. Алена кажа, што ад іх схавалі паседжанне, каб яны не маглі ўбачыць роднага.

«Нас відавочна падманулі! Ганялі туды-сюды, пакуль Дзіму судзілі. Спачатку казалі, што суд адбыўся, вынік невядомы, трэба ехаць у ІЧУ. З ІЧУ нас зноў адправілі ў суд. Пасля стала зразумела, што ўсё прайшло без нас».

Да начальніка ніводнай установы бацькоў не пусцілі. Пра тое, што Дзмітрыю далі 15 содняў, сямейнікі даведаліся ад дзяжурнага на ўваходзе ў будынак суда.

«Дакументаў нам не далі, я прасіла паказаць рашэнне суда. Мне сказалі, што ўсе дакументы ў затрыманага. Дзіму далі 15 содняў за непадпарадкаванне. Акрамя непадпарадкавання ніякіх законных падставаў для затрымання не было. Яны прыйшлі, уварваліся на прыватную тэрыторыю, схапілі чалавека – і гэта непадпарадкаванне! Так можна каго-кольвек схапіць проста на вуліцы».

Раней у Гомлі і вобласці затрымалі Уладзіміра Няпомняшчых, Юрыя Кавалёва, Мікалая Віткоўскага, Міхаіла Маслава, Аляксея Елісеева, Яўгена Васількова, Руслана Парфёнава, Юрыя Панфіленка.

ВІДЭА
Давераную асобу Ціханоўскай з Мастоў пакаралі 7 соднямі арышту
2020.08.07 13:15

Дар’я Курачкіна belsat.eu

Стужка навінаў