Закрыты суд і дзяржаўная таямніца: у Віцебску судзяць удзельніка баявых дзеянняў за мяжою


З 20 верасня ў Віцебскім абласным судзе разглядаецца крымінальная справа Аляксея Анатольевіча Яршова. Яго абвінавачваюць паводле ч. 1 артыкулу 363-3 Крымінальнага кодэксу Беларусі (удзел у баявых дзеяннях на тэрыторыі іншых краінаў).

Судовыя паседжанні па гэтай справе праходзяць у закрытым фармаце. Паводле памочніцы старшыні суда Наталлі Платоненка, у матэрыялах справы ёсць дакументы, якія ахоўваюцца законам аб дзяржаўнай таямніцы.

Артыкул 363-3 Крымінальнага кодэксу прадугледжвае пакаранне ў выглядзе абмежавання волі на срок да 5 гадоў.

Сёлета ў Віцебску быў вынесены прысуд 20-гадоваму жыхару Віцебску Станіславу Ганчарову (у інтэрнэце яго называюць «Тэрор-машына»), які ваяваў на Данбасе. З 2014-га да 2016 года Ганчароў удзельнічаў у баявых дзеяннях ва Украіне ў складзе батальёну «Азоў». Яму прысудзілі 7 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму паводле некалькіх артыкулаў Крымінальнага кодэксу.

У 2016 годзе Фрунзенскі суд Менску прысудзіў да 5 гадоў зняволення добраахвотніка з «Правага сектару» (бярэ ўдзел у баявых дзеяннях на Данбасе) Тараса Аватарава. Жыхара Наваполацку (Віцебшчына) летась затрымалі на менскім вакзале з гранатаю ў кішэні.

ЮВ, belsat.eu, паводле news.vitebsk.cc

Стужка навінаў