«Закрыццё мяжы – гэта намёк на санкцыі для Беларусі ад Украіны»


Украіна спыніла кантакты з Беларуссю на няпэўны тэрмін, і закрыла межы для беларусаў да 28 верасня. Украіна таксама падтрымлівае санкцыі, якія ўводзіць супраць афіцыйнага Менску Еўразвяз. Ці пацярпяць праз гэтыя захады шараговыя беларусы?

Рашэнне закрыць межы для замежнікаў кабінет міністраў Украіны патлумачыў новаю хваляй захворвання на Ковід-19 у свеце. Забарона на ўезд будзе дзейнічаць да 28 верасня. Выключэнне зробленае толькі для беларускіх грамадзянаў, якія пацярпелі ў выніку гвалту сілавікоў пад час акцыяў пратэстаў і адрасных затрыманняў. Яны змогуць прайсці беларуска-украінскую мяжу незалежна ад эпідэміялагічнай пагрозы.

Аднак дзясяткі беларусаў ня здолелі патрапіць ва Украіну яшчэ напярэдадні – 27 жніўня. Закрыццё мяжы яны называюць «сігналам» для Беларусі, пэўнымі санкцыі ад Украіны. І прычынай таму лічаць фізічнае падаўленне грамадзянскай супольнасці, якую чыняць выканаўцы Аляксандра Лукашэнкі.

Украінская мяжа.
Фота: Pyotr Sivkov/TASS

Пра гэта Белсату паведаміла жыхарка Менску Інга Каршунова, якая ня здолела выехаць ва Украіну яшчэ 27 жніўня. Інга паводле адукацыі псіхолаг і ў Кіеве атрымлівала дадатковую ступень прафесійнай падрыхтоўкі – «нейрапсіхалогія», паколькі ў Беларусі такой магчымасці няма. Заняткі праводзіліся праз адмысловыя on-line курсы і жанчына мусіла выехаць на заключную – чатырохдзённую частку навучання, а таксама для атрымання сертыфікату аб іх заканчэнні.

«Наш аўтобус больш, разлічаны на 40 месцаў, быў запоўнены яшчэ ў Менску – усе ведалі пра хуткае закрыццё мяжы і стараліся «ускочыць у апошні вагон», – кажа спадарыня Інга. «Але ўжо нейкія чуткі хадзілі, што праз мяжу нас могуць не прапусціць. Мы прыехалі туды амаль ноччу, нас прапусцілі беларускія памежнікі, але пасля спынілі ўкраінскія. Яны падыходзілі да кожнага і вельмі падрабязна распытвалі хто, куды і з якімі патрэбамі едзе, разглядалі ўважліва ўсе дакументы, якія ім паказвалі. Гэта мусіла быць права на жыхарства ці іншыя грунтоўныя падставы – абавязковая медычная страхоўка ня мела ніякага значэння. Мала хто меў нейкія адмысловыя дакументаў, бо іх ніхто ніколі не патрабаваў.

Але ў мяне было ўражанне, што памежнікі шукалі падставы, каб прапусціць пабольш людзей. У выніку ж прапусцілі толькі каля дзесяці чалавек і шасцёра з іх былі ўкраінцы. Быў таксама юнак, які сказаў, што хоча папрасіць палітычнага прытулку ва Украіне. Яго таксама пакінулі на тэрыторыі Украіны, але асобна ад іншых людзей, якія паехалі далей тым жа аўтобусам».

Гэтак большая палова пасажыраў вярнуліся да беларускай мяжы, адкуль таксоўкамі дабраліся да Гомеля, а пасля раз’ехаліся па сваіх дамах.

granica
Беларуская мяжа. Фота belsat.eu

«Я перакананая, што насамрэч гэтая забарона мае палітычныя прычыны. Натуральна, мы размаўлялі, абмяркоўвалі сітуацыю, калі ішлі па нейтральнай тэрыторыі да беларуская мяжы і так меркавалі ўсе. Некаторыя жанчыны «квахталі», маўляў, гэта не-палюдзку, але адначасна ўсе разумелі, што гэта ня супраць нас такія дзеянні, а супраць уладаў Беларусі. Усе вельмі добра разумелі сітуацыю: гэта вось такі «сігнал» на санкцыі беларускім уладам ад украінскіх і ўсе з гэтым пагаджаліся – так, значыць так. І ў мяне таксама аніякай крыўды няма, хоць зараз сваё навучанне я змагу закончыць толькі ў наступным годзе», – падсумавала Інга Каршунова.

У памежным камітэце Украіны не патлумачылі прычыны абмежавання праезду грамадзянаў Беларусі раней за абвешчаны тэрміну, але пацвердзілі, што ўрадавая пастанова аб закрыцці мяжы будзе дзейнічаць да 28 верасня.

З прычыны каронавірусу таксама з 16 сакавіка спыненыя чыгуначныя зносіны з Украінай пра тэрміны іх аднаўлення Беларуская чыгунка не паведамляе. Але ў Беларусь і ў зваротным кірунку не скасаваныя аўтобусныя маршруты.

Іншыя суседзі

Рэспубліка Польшчы з 26 жніўня спрасціла візавы рэжым для ўезду на сваю тэрыторыю грамадзянаў Беларусі, якія пацярпелі ад рэпрэсіяў падчас мірных акцый пратэсту. Як паведаміў прэм’ер-міністра краіны Матэвуш Маравецкі, у Польшчу ўжо прыехалі некалькі дзясяткаў беларусаў, якія ня мелі візаў, а таксама іншых неабходных дакументаў. Паводле распараджэння Матэвуша Маравецкага, шпіталі Польшчы таксама рыхтуюцца прыняць на лекаванне пацярпелых грамадзянаў Беларусі.

Цёмны калідор у шпіталі з адчыненымі двярыма ў лабараторыю.
Фота: 82978922 © creativecommonsstockphotos – Dreamstime.com

З 17 жніўня Літоўская Рэспубліка змякчыла візавы рэжым і магчымасць уезду на сваю тэрыторыю замежных грамадзянаў паводле асаблівых гуманітарных прычын. Беларускія грамадзяне змогуць патрапіць у Літву таксама з прычыны палітычнага пераследу на радзіме. Паводле кіраўніка Дэпартаменту міграцыі Літоўскай Рэспублікі Эвеліны Гудзінскайтэ, палітычнага прытулку ў краіне папрасілі 11 беларускіх грамадзянаў.

Літва таксама распачынае працэдуру санкцыяў для Аляксандра Лукашэнкі і 117 вышэйшых чыноўнікаў у выглядзе забароны на ўезду ў Літву і замарожвання актываў у гэтай краіне.

Латвія ж адкрыла мяжу для беларускага бізнесу, запрапанаваўшы яго частковы ці поўны пераезд да сябе.

Hавiны
Пуцін – Макрону: Лукашэнка не хоча пасярэдніцтва АБСЕ
2020.08.29 12:50

У сваю чаргу Уладзімір Пуцін заявіў, што на просьбу Аляксандра Лукашэнкі ў Расеі створаныя адмысловыя групы сілавікоў для дапамогі Беларусі. Паводле Пуціна, расейскія спецслужбы будуць выкарыстаныя ў Беларусі, калі «экстрэмісцкія элементы» «пяройдуць межы і распачнуць разбой».

Улады Беларусі забаранілі ўвезці ў краіну дабрачынную дапамогу, якую для беларускіх працоўных сабралі працаўнікі польскага прафсаюзу «Салідарнасць».

Галіна Абакунчык, Belsat.eu

Стужка навінаў