Закрытая частка перапахавання Кастуся Каліноўскага – глядзіце на «Белсаце»


Калі 22 лістапада не можаце быць у Вільні на перапахаванні Кастуся Каліноўскага ды іншых паўстанцаў 1863–1864 гг. – глядзіце «Белсат». «У нас можна будзе пабачыць больш, чым на месцы», – упэўнены Аляксей Дзікавіцкі. Намеснік дырэктара тэлеканалу кіруе рыхтаваннем трансляцыі цырымоніі, якую «Белсат» пакажа праз спадарожнік і ў інтэрнэце. Гэты жывы эфір будзе адным з найдаўжэйшых у гісторыі тэлеканалу. Што чакае гледачоў падчас спецэфіру – распавядае Аляксей Дзікавіцкі.

Нашая мабільная студыя будзе на Катэдральнай плошчы, насупраць Віленскай архікатэдры. Менавіта там плануюцца галоўныя ўрачыстасці – развітанне з парэшткамі паўстанцаў, святая літургія, і там будуць прамаўляць прэзідэнты. Усё гэта мы плануем паказаць у жывым эфіры.

РАЗВІТАННЕ З КАЛІНОЎСКІМ

Усё пра пахаванне герояў у Вільні

Прэзідэнты будуць прамаўляць на розных мовах. Ці «Белсат» забяспечыць пераклад, каб нашыя гледачы ўсё зразумелі?

Вядома, у нашай палявой студыі – вялікім намёце – будуць працаваць перакладчыкі з літоўскай і польскай моваў на беларускую.

У працэсе рыхтавання эфіру мы былі ў Вільні каля Вострай брамы, дзе пройдзе працэсія. Потым яна накіруецца на могілкі Росы, дзе ў адмысловай капліцы пахаваюць парэшткі паўстанцаў. На сёння там яшчэ ідуць падрыхтоўчыя працы.

Капліца на могілках Росы ў Вільні, дзе пахаваюць паўстанцаў. Фота Ганна Русінава

Чаму гледачы «Белсату» ўбачаць больш, чым прысутныя там людзі?

Не ўсе змогуць трапіць на літургію і прамову прэзідэнтаў у Катэдру – усё будзе праходзіць за зачыненымі дзвярыма. З 9 раніцы будзе паўтары гадзіны на развітанне – кожны зможа пайсці і развітацца з паўстанцамі, парэшткі якіх выставяць у Катэдры. Пазней касцёл зачыняць, і пачнуцца ўрачыстасці.

«Белсат» скарыстаецца сігналам Літоўскага тэлебачання LRT, якое, як гаспадар гэтай падзеі, будзе ўсё здымаць унутры Катэдры. Святар або тэолаг у нашай студыі будзе тлумачыць элементы набажэнства.

Гэта незвычайная літургія: па-першае, там будуць тры біскупы – беларускі, літоўскі і польскі. Па-другое, некаталікам некаторыя фрагменты могуць быць незразумелыя, таму адмысловы каментатар будзе каментаваць, не замінаючы слухаць святара.

Гэта будзе адзін з надаўжэйшых эфіраў у гісторыі «Белсату». Ён будзе доўжыцца каля 7 гадзінаў.

Мы пачнем яго новаю версіяй песні Лявона Вольскага на верш Уладзіміра Караткевіча «Калі ідуць на абардаж». Верш прысвечаны паўстанцам Каліноўскага. Версію гэтай з аднаго боку сумнай, з другога – узнёслай песні Вольскі запісаў адмыслова для нас.

У касцёле выступяць прэзідэнты Літвы ды Польшчы. Кіраўнік Беларусі ў Вільню не збіраецца. Магчыма, прамовіць кіраўнік дэлегацыі Рэспублікі Беларусь, дапусцім, міністр замежных справаў. Але гэта не ўзровень прэзідэнтаў [заўв. рэд. На момант публікацыі невядома, хто будзе рэпрэзентоўваць Беларусь на перапахаванні паўстанцаў у Вільні].

Таму мы папрасілі старшыню Рады БНР Івонку Сурвілу, якая таксама будзе ў Вільні, выступіць са зваротам.

Мяркуецца, што яна запіша яго яшчэ ў Канадзе. Пасля прамоваў прэзідэнтаў Польшчы і Літвы мы пакажам выступ Івонкі Сурвілы ды інтэрв’ю з ёй у студыі.

Хто будзе каментаваць падзеі ў студыі?

Хутчэй за ўсё гісторыкі – спадары Васіль Герасімчык, Алесь Смалянчук, Алесь Краўцэвіч, а таксама іхныя літоўскія калегі. Але гэта яшчэ недакладна. Хутчэй за ўсё далучыцца і спадарыня Людвіка Кардзіс – лідарка беларускай супольнасці ў Літве. Літоўскія беларусы шмат гадоў дамагаліся гэтага ўшанавання паўстанцаў.

Дзе будзеш ты, Аляксей?

Я буду там, на месцы. Гэтая справа патрабуе вялікай колькасці працы, натуральна, кожныя рукі прыдадуцца. Буду гасцей прыводзіць, быць на падхваце.

Журналіст «Белсата» Павел Мажэйка на могілках Росы
Вядоўцы спецвыдання з перапахавання паўстанцаў Валеры Руселік і Вольга Швед

У студыі будуць працаваць вядоўцы – Вольга Швед і Валеры Руселік на змену з Глебам Лабадзенкам. Каля Катэдры і на могілках Росы будуць нашыя карэспандэнты – Павал Мажэйка і Вітаўт Сіўчык, з якімі мы будзем раз-пораз злучацца. Журналісты будуць каментаваць тое, што адбываецца перад камерамі, запрашаць гасцей. Мы пройдзем з працэсіяй шляхам ад Катэдры да могілак Росы.

Вядоўца Глеб Лабадзенка каля Вострай брамы ў Вільні
Вядоўца спецвыдання Глеб Лабадзенка каля Вострай брамы ў Вільні

Хай усё пройдзе гладка.

Спадзяюся, бо колькасць працы зашкальвае. Я не ведаю, ці будзе больш важная падзея ў гісторыі «Белсату», чым асвятленне перапахавання паўстанцаў. Нам трэба зрабіць гэта як мага лепш.

Тых беларусаў, якія не змогуць прыехаць у Літву, а таксама і тых, хто будзе на цырымоніі, шчыра запрашаем глядзець нас, бо на «Белсаце» можна будзе пабачыць больш. Чалавек фізічна можа быць толькі ў адным месцы і не бачыць шырокай карціны.

Літургію ў Катэдры і афіцыйную частку пахавання на могілках можна будзе пабачыць толькі ў нас. І мы будзем бадай што адзіным тэлеканалам, якое будзе мець настолькі працяглую трансляцыю з урачыстасцяў. Хіба адзіным у свеце.

22 лістапада глядзіце жывы эфір з перапахавання Каліноўскага і паўстанцаў у Вільні на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва – «Sirius4»), або онлайн. Пачынаем а 10 раніцы паводле менскага часу.

Размаўляла Таццяна Пеляса, belsat.eu

Стужка навінаў