Законапраект аб гарантыях экс-прэзідэнту Беларусі так і не паступіў на разгляд


Законапраект аб гарантыях экс-прэзідэнту Беларусі не паступіў на разгляд дэпутатам шостага склікання. Пра гэта «Белсату» распавяла дэпутатка Ганна Канапацкая.

«Я выканала сваю працэдуру, а ўсе астатнія не былі выкананыя. Унясенне законапраекту на разгляд – гэта доўгачасовая працэдура, якая прадугледжаная ажно трыма нарматыўнымі-прававымі актамі. Усё, што залежала ад мяне, я зрабіла. Калі будзе вынесены законапраект – невядома. Заўтра апошняя працоўная сустрэча з Аляксандрам Лукашэнкам, пасля чаго ў парламенце будуць новаабраныя дэпутаты», – распавяла «Белсату» Ганна Канапацкая.

Законапраект не змог прайсці ўсе неабходныя працэдуры праз недахопу часу. Бо дакумент «Аб гарантыях прэзідэнту Рэспублікі Беларусь, які спыніў выкананне сваіх паўнамоцтваў, і чальцам ягонай сям’і», Ганна Канапацкая прапанавала за тыдзень да заканчэння работы парламентарыяў шостага склікання.

Законапраект прапануе забяспечыць былому прэзідэнту Беларусі пажыццёвую ахову, медычнае абслугоўванне, пенсію ў 75 % ад заробку прэзідэнта. Яму плануецца дазволіць карыстацца ўрадавай сувяззю, мець памочнікаў і жыць у адной з рэзідэнцыяў. Таксама службовы транспарт і медычнае абслугоўванне прапануецца надаць і блізкім сваякам былога кіраўніка дзяржавы.

Ягоныя жыццё і здароўе павінны быць застрахаваныя за кошт бюджэту на суму, роўную гадавому заробку дзейнага кіраўніка дзяржавы.

Таксама былы прэзідэнт павінен валодаць недатыкальнасцю, яго гонар і годнасць мусяць ахоўвацца законам. Яго нельга прыцягнуць да крымінальнай ці адміністрацыйнай адказнасці за дзеянні падчас выканання паўнамоцтваў прэзідэнта. Таксама забараняецца затрымліваць экс-кіраўніка краіны, арыштоўваць, падвяргаць ператрусу і допыту падчас следства паводле справаў, звязаных з выкананнем ім прэзідэнцкіх паўнамоцтваў.

Пасля смерці былога прэзідэнта дакумент прапануе выплачваць чальцам яго сям’і штомесячную дапамогу ў дзесяціразовым памеры сацыяльнай пенсіі.

І хоць законапраект не абмяркоўваўся ў Парламенце, у Беларусі грамадзянская супольнасць выступіла з крытыкай у дачыненні да ініцыятывы дэпутаткі.

Меркаванні
Ага, так вам і разагнаўся Лукашэнка на пенсію!
2019.11.28 17:46

 

СК belsat.eu

Стужка навінаў