Закапаць грошы на кватэру ў цешчыным агародзе. Гэта ўжо не жарт

Чалавек збіраў на жытло, а пасля ўспышкі гвалту ў жніўні пайшоў у свой банк, зняў усё да цэнта. І цяпер не ведае, што рабіць. Купляць пры цяперашніх абставінах не гатовы. А мець пад падушкай наяўнасць людзям з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй становіцца ўсё больш небяспечным. Хоць бы таму, што калі пры ператрусе знойдуць валюту, канфіскуюць і могуць абвінаваціць у «фінансаванні беспарадкаў».

Памятаеце гісторыю з хлопцам, які прадаў машыну, быў затрыманы, а пасля яго па тэлевізары паказвалі як «арганізатара», што раздае грошы «радыкалам»? Такіх гісторый, у розных варыяцыях, можа аказацца нямала. Час на прыкладах разабраць, як вырашаць пытанне захоўвання знятых з валютных рахункаў грошай.

Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

1. Пакласці ў ячэйку

Гэты варыянт быў папулярны, але… Сур’ёзную псіхалагічную траўму беларусам з грашыма нанесла дзяржава – у рамках «справы Бабарыкі» былі выкрытыя ячэйкі кліентаў Белгазпрамбанка. Змесціва некаторых канфіскавалі і потым паказвалі па дзяржканалах.

Калі раней людзі сумняваліся толькі ў дзяржбанках, якія актыўна супрацоўнічаюць з сілавымі ведамствамі, то зараз сумняваюцца і ў камерцыйных банках, якія і хацелі б, але не могуць абараніць. Увогуле, давер нават да банкаўскіх ячэек падарваны.

2. Укласці ў будаўніцтва

Нямала забудоўнікаў прапануюць дольнікам метр па ўмераным кошце і растэрміноўку на некалькі гадоў. Гэты варыянт нядрэнны для тых, хто і так хацеў новабудоўлю, не назапасіў на яе поўную суму і лічыць плацяжы па растэрміноўцы падʼёмнымі. А то і зусім можа ўзяць крэдыт.

Але і тут ёсць «але». Цяпер частка дамоў, што ў працэсе будавання – патэнцыйныя даўгабуды. Нават забудоўнікі, якія лічыліся надзейнымі, могуць патрапіць у эканамічную яму. Так што прыйдзецца вельмі ўважліва выбіраць забудоўніка. І лепш браць гатовую кватэру або кватэру ў доме, які блізкі да «фінальнай» стадыі будаўніцтва.

Меркаванні
«Дана Холдынгз» спыніла будаўніцтва дамоў у «Менск-Міры»
2020.11.05 11:48

3. Укласці ў кватэру, быць належным

Пра гэта думаюць тыя, хто здымае жытло і гатовы яго выкупіць. Рэальная гісторыя айцішніка І. Гаспадар ягонай здымнай кватэры жыве ў Расеі. Вяртацца не плануе, падумвае аб продажы. І. гатовы яе купіць. Праблема толькі ў тым, што кватэра аб’ектыўна каштуе даражэй, чым змог назапасіць кватарант. Зрэшты, гаспадар добра арыентуецца ў сітуацыі і разумее, што жывы пакупнік – каштоўнасць. Цяпер яны абмяркоўваюць, як аформіць растэрміноўку, каб ніхто нікога не падмануў. Магчыма, дамовяцца, што І. аддасць 45 тысяч, у дамове куплі-продажу будзе менавіта гэтая сума, а астатняе па пазыковай распісцы павінен будзе выплаціць роўнымі далямі на працягу двух (трох) гадоў. Кватэра застаецца ў закладзе ў прадаўца, як забеспячэнне выканання абавязацельстваў па вяртанню доўгу.

Варыянт не дрэнны, але падыходзіць толькі тым, хто на 100% упэўнены, што зможа расплаціцца. Ад страты даходаў цяпер мала хто застрахаваны.

4. Зʼехаць з грашыма

Гэты варыянт зараз разглядаюць многія. Павысілася частата запыту «як вывезці грошы» у Польшчу, у Літву, у Францыю і г. д. Кансультаваць пра гэта не будзем. Нагадаем толькі, што без дэкларацый «на сабе» можна было вывезці з Беларусі да 10 тысяч долараў у эквіваленце. То бок, сямʼя з трох чалавек можа вывезці суму, эквівалентную 30 тысячам долараў. Усё, што звыш, трэба дэклараваць (на сайце ДМК можна пачытаць, што для гэтага трэба). Але і тут ёсць некалькі але. Па-першае, з выездам сёння цяжкасці праз пандэмію. Па-другое, «цяпер не да законаў». І калі нельга завезці ў краіну пачак кавы, то не факт, што дадуць вывезці з яе грошы. Пакуль аб канфіскацыі грошай на мяжы паведамленняў няма.

5. Інвеставаць

Варыянт для людзей з высокім узроўнем фінансавай граматнасці і схільнасцю рызыкаваць, каб піць шампанскае. У нармальных умовах інвестуюць «свабодныя», а не адзіныя грошы, прычым не на год. Але тут надыходзіць самы час разабрацца, як «схаваць, але не страціць» грошы ў аблігацыях і акцыях. І што такое давернае кіраванне ў недзяржаўных банках, калі ужо вера ў дзяржаўныя растае.

6. Пазычыць

Добры варыянт – пазычыць грошы тым, каму яны патрэбныя (на тую ж кватэру, машыну) і хто дакладна выплаціць доўг. На жаль, не ва ўсіх ёсць такія сябры і сваякі.

Меркаванні
Трэці месяц дэпрэсіі і руху да метра «па 500». Чаму гэта – рух да катастрофы
2020.11.12 12:52

7. «Закапаць у цешчы ў агародзе»

Яшчэ нядаўна гэта гучала б як жарт. Але калі вы адкрыта пратэстуеце супраць таго, што адбываецца ў краіне, трэба быць гатовым да таго, што да вас могуць прыйсці з ператрусам. Як паказвае практыка, пры ператрусе адбіраюць усю наяўнасць. І лепш, каб наяўнай валюты ў доме не аказалася. На гэтым фоне ідэя вывучыць, як спакаваць грошы, каб яны не сапсаваліся падчас нестандартнага захоўвання, не здаецца смешнай.

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў