Закалоты ў Калумбіі: тры асобы загінулі, улады ўвялі каменданцкую гадзіну


У сталіцы Калумбіі ў выніку сутыкненняў з паліцыяй загінулі тры асобы. Больш за 300 чалавек атрымалі раненні, паліцыя затрымала 98 удзельнікаў пратэстаў, паведамляе DW.com.

Масавыя пратэсты ў Калумбіі распачаліся яшчэ 21 лістапада. Цяпер у краіне востры эканамічны крызіс. Грамадзяне краіны незадаволеныя гаспадарчай палітыкай уладаў. А планы ўраду павысіць пенсійны ўзрост і правесці рэформу рынку працы выклікалі масавыя акцыі пратэсту.

Прэзідэнт Калумбіі Іван Дуке Маркес заклікае калумбійцаў да «нацыянальнага дыялогу». Але нягледзячы на заклікі палітыкаў, а таксама і ўвядзенне каменданцкай гадзіны мітынгоўцы збіраюцца каля рэзідэнцыі прэзідэнта і спяваюць нацыянальны гімн. Многія захапілі з сабою посуд і ляскаюць у патэльні.

Фота: RICARDO MALDONADO ROZO / EFE / Forum

Раней масавыя акцыі пратэсту прывялі да таго, што прэзідэнт іншай краіны ў Лацінскай Амерыцы, – Балівіі, – Эва Маралес, які амаль 14 гадоў быў ва ўладзе, падаў у адстаўку. Не спыняюцца масавыя акцыі пратэсту і ў Венесуэле.

СК belsat.eu

Стужка навінаў