Захраслая ў Аргентыне: Беларусь і Расея не выцягваюць сваіх грамадзянаў


Мянчанка Кацярына Лістападская захрасла ў Аргентыне, шукае магчымасці вярнуцца дамоў. Фота суразмоўцы

Мянчанка Кацярына Лістападская ўжо 4 месяцы ў каранціне. Першы «тэрмін» правяла ў Кітаі, дзе да каранціну выкладала англійскую мову. Другі – у Аргентыне, якая закрыла паветраную прастору да канца лета. У тым ліку праз «Белсат» Кацярына дамагаецца эвакуацыі.

Кацярына, вы трапілі на каранцін у Кітаі яшчэ зімою. Не паспелі выехаць?

Мянчанка Кацярына Лістападская працавала ў Кітаі настаўніцаю ангельскай мовы для дзяцей, калі яе застаў каранцін. Фота суразмоўцы

Я мелася скончыць працу, згодна з кантрактам. Жыла і працавала ў Чэнду – гэта вялікі мегаполіс з насельніцтвам 10 мільёнаў чалавек. Пачаліся доўгія вакацыі, звязаныя з Кітайскім Новым годам і зацягнуліся на два з паловай месяцы. Пра эпідэмію я даведалася не ад кітайцаў, а ад свайго таты. Пагрозы не адчула, бо кітайцы былі вельмі спакойныя, а горад знаходзіўся больш чым у 1000 кіламетрах ад Уханю, дзе выявілі вірус… Але неўзабаве пачалі зачыняць усе кавярні, гатэлі, а людзям сказалі сядзець у кватэрах.

Як выглядала арганізацыя жыцця на каранціне ў Кітаі?

Пачатак пандэміі-2020 у Кітаі.
Фота: Forum

Я жыла ў аднапакаёўцы, якую мне забяспечыў працадаўца. Можна было выходзіць адзін раз на дзень у краму. За гэтым сумленна сачыў кансьерж. Я засталася ў Кітаі адна, бо мой партнёр вылецеў з краіны ў першай палове снежня. Новы год і свае народзіны адсвяткавала ў адзіноце. Ніхто не чакаў, што каранцін зацягнецца на два з паловаю месяцы. Я малявала, танчыла, спявала, займалася графічным дызайнам.

Але ўсё адно, напрыканцы каранціну ўжо размаўляла сама з сабою і перажывала панічныя атакі. Цяжка ўвесь час заставацца сам-насам са сваімі думкамі. Дзякуючы консулу Беларусі Аляксандру Падкавыраву мне ўдалося працягнуць кітайскую візу. Ён увесь час быў на сувязі, дапамагаў і падтрымліваў мяне.

Як здарылася, што пасля Кітаю вы захраслі ў Аргентыне? Чым там займаецеся?

Прыватныя дамы ў аргентынскай правінцыі. Ілюстратыўнае фота pixabay.com

Мы з партнёрам планавалі доўгае падарожжа ў Лацінскую Амерыку. Да каранціну ў нас ужо былі квіткі на самалёт у Рыа-дэ-Жанэйра. Як толькі з’явілася магчымасць вылецець з Кітаю, я вярнулася ў Менск. І амаль адразу, у канцы лютага, мы паляцелі ў Бразілію. Праз некаторы час – у Аргентыну, дзе нас чакаў валанцёрскі праект па праграме Work away у маленькім мястэчку Памоны ў 1000 кіламетраў ад Буэнас-Айрэсу. Нас забяспечвалі жытлом і ежаю, а мы некаторы час дапамагалі на будоўлі. Калі ўжо запланавалі дату адʼезду, Аргентына ўвяла каранцін на 2 тыдні, які ў выніку доўжыцца другі месяц. Сямʼя, у якой мы жывем, не чакала, што мы захраснем на 2-3 месяцы. Добра, што яны пакуль дазваляюць нам тут жыць.

Чым каранцін у Аргентыне адрозніваецца ад кітайскага?

У Кітаі я наагул не адчувалася паніка сярод насельніцтва. Людзі імгненна пачалі насіць маскі, але не трымалі дыстанцыю ў крамах ці на вуліцы. У Аргентыне ўсё наадварот: людзі ўтрымліваюць сацыяльную дыстанцыю, але адчуваецца іхны страх. Магчыма, таму, што кітайцы вельмі давяралі дзеянням уладаў, былі ўпэўненыя, што ўсё будзе добра.

У Кітаі я ўвесь час павінная была сядзець сама ў кватэры. Тут жа прыватны дом з участкам і побач блізкі чалавек, таму псіхалагічна нашмат прасцей.

Як рэагуюць на вашыя «прыгоды» сваякі і сябры? Папракаюць ці падтрымліваюць?

Спачатку ўсе казалі, каб я сядзела тут і нікуды не выязджала з-за таго, як эпідэмія працякае ў Беларусі. Але мне тут цяжка. Нас прытулілі чужыя людзі, ад якіх мы вельмі залежныя і пачуваемся лішнімі, таму мяне ўжо нічога тут не цешыць. Гэты цяжкі час, а трываць у цяжкія часы лепш побач з сям’ёю.

Мянчанка Кацярына Лістападская агулам 4 месяцы правяла ў каранцінах. Фота суразмоўцы

Ці сочыце за навінамі ў Беларусі? Што думаеце пра сітуацыю, якая там склалася?

Сачу і размаўляю з бацькамі. І калі мне мама напісала, што ў яе тэмпература, то ў мяне была паніка. Я не падтрымліваю дзеянняў беларускіх уладаў. Колькасць інфікаваных і смяротнасць растуць вельмі хутка. Хоць некаторым ад сядзення ўвесь час пад замком робіцца млосна.

Ці цяпер маеце шанцы вярнуцца ў Беларусь?

У Аргентыне захраслі 8 беларусаў, пра што ведаю ад консула Паўла Міронава, які намагаецца нам дапамагчы. Ён звязваўся з «Белавіа». Але тыя адказалі, што не могуць адправіць самалёт у Аргентыну. Да таго ж Аргентына забараніла палёты да верасня. Гэта дадатковая праблема. А калі б нават зʼявіўся рэйс, ніхто не будзе арганізоўваць транспарт у аэрапорт Буэнас-Айрэсу. Усе дарогі перакрытыя.

Мяне б мог узяць расейскі самалёт. Прыкладна 150 грамадзянаў Расеі цяпер знаходзяцца ў Аргентыне і б’юць трывогу. Але Расея таксама не дапамагае сваім грамадзянам. У нас ёсць расейскамоўны чат. Адтуль я даведаюся, што адбываецца.

Адсочваем усе эвакуацыйныя рэйсы ў Еўропу. Нягледзячы на забарону палётаў, чакаецца эвакуацыйны рэйс у Францыю і 2 рэйсы ў Брытанію. У майго сябра брытанскае грамадзянства. Брытанцам апроч самалёту забяспечваюць транспарт у аэрапорт з правінцыі, дзе мы знаходзімся. Ён прасіў Брытанскую амбасаду, каб мяне таксама пусцілі на рэйс. Але амбасада пакінула ягоную просьбу без адказу. А без мяне ён не хоча ляцець.

Мы спрабавалі трапіць на французскі самалёт. Але французы бяруць € 2500 за пералёт. Такой сумы ў мяне няма. Можна спытаць, навошта я падчас пандэміі паехала падарожнічаць? Але я ўцякала з Кітаю і не думала, што вірус распаўсюдзіцца па ўсім свеце.

Захраслыя ў Аргентыне беларусы зайдросцяць братанцам і французам, якіх чартары эвакуююць дамоў. Ілюстратыўнае фота pixabay.com

Я бачу як Брытанія і Францыя ставяцца да сваіх грамадзянаў. І таму складваецца ўражанне, што ўладам у Беларусі абсалютна абыякавы наш лёс.

У вашым апошнім паведамленні ў Фэйсбуку ёсць просьба падпісаць петыцыю. Распавядзіце пра яе змест…

Гэта зварот да прэзідэнта Аргентыны, каб ён паспрыяў замежным грамадзянам выбрацца з краіны, адкрыў неба для эвакуацыйных чартэраў. Я не чакаю, што з’явіцца адказ на гэтую петыцыю, але можа гэта дапаможа прыцягнуць увагу да тых замежнікаў, якія захраслі ў Аргентыне.

Вадзім Быліна Belsat.eu

Стужка навінаў