Захаваць гарадзенскі некропаль: калі не фізічна, то інфармацыйна?


Унікальныя Фарныя каталіцкія могілкі ў Горадні актывісты спрабуюць захаваць прынамсі ў лічбавым выглядзе. Гэтым часам чыноўнікі разважаюць, у якім фармаце надаваць асобным магілам ахоўны статус. Ну а самі могілкі пакрысе руйнуюцца.

Фарныя каталіцкія могілкі ў Горадні вядомыя з канца XVIII ст. – гэта першы некропаль, вынесены за тагачасныя межы гораду. Могілкі яшчэ называюць камунальнымі, то бок не замацаванымі за нейкаю парафіяй, але агульнагарадскімі. Паводле гістарычнага і мастацкага значэння іх можна параўнаць з Росамі ў Вільні або з Лычакаўскімі могілкамі ў Львове.

Мабільнае прыкладанне для каталагізацыі. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Разам з тым некропали дасюль не маюць аніякага ахоўнага статусу. Парадкам на іх займаюцца гарадскія камунальныя службы. Час-почас масіўныя літыя крыжы або агароджы знікаюць: злодзеі наўпрост здаюць іх на метал… Іншыя помнікі разбураюцца праз натуральныя прычыны: маленькі клён, які вырас у шчыліне на надмагіллі, з часам можа наўпрост яго зруйнаваць.

Сяржук Герман. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

«Далёка не кожнае пахаванне можна ўжо ідэнтыфікаваць»

«З аднаго боку і добра, што дзяржава не кранае могілак, – разважае гісторык і актывіст Сяржук Герман. – Бо, самі ведаеце, як такое ўмяшанне ў нас часам сканчаецца. З іншага боку – могілкі руйнуюцца, табліцы знікаюць – далёка не кожнае пахаванне можна ўжо нават ідэнтыфікаваць. Была спроба ўнесці ўвесь комплекс могілак у спіс гістарычна-культурніцкіх каштоўнасцяў, але чыноўнікі сказалі «не».

Каталіцкія фарныя могілкі ў Горадні. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Наданне ахоўнага статусу ўсяму комплексу выглядае як аптымальны варыянт, але ёсць нюансы. На могілках прысутнічаюць і сучасныя пахаванні або падзахаванні з цалкам стандартнымі надмагіллямі – якую каштоўнасць яны маюць? Таму для надання ахоўнага статусу зараз рыхтуецца спіс самых каштоўных старых помнікаў і крыжоў. Рашэнне аб іх, паводле Кодэксу аб культуры, мае прыняць ужо не Мінкульт, а абласны савет дэпутатаў.

«Каб людзі маглі дакрануцца да каранёў»

Пакуль жа на могілках ладзяцца перыядычныя прыбіранні: апошняе на гэтым тыдні рабілі студэнты курсаў «Мова нанова». Актывісты ж, якія не першы год займаюцца гэтым пытаннем, працягваюць адлічбоўваць магілы і складаць свой спіс, які дасяжны кожнаму цікаўнаму ў сеціве на сайце graves.by.

Андрэй Бурдзенкоў падчас фіксацыі надмагілляў. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Са стваральнікам сайту, прысвечанага могілкам, Андрэем Бурдзенковым мы сустрэліся на самім некропалі. Мужчына рэгулярна прыязджае сюды са Стоўбцаў, каб чысціць і фатаграфаваць магілы. Навошта? Найперш для таго, каб любы чалавек мог знайсці пахаванні сваіх крэўных, маючы дакладную геалакацыю. Для фіксацыі дастаткова і тэлефона, але, каб добра сфатаграфаваць, трэба чысціць, а часам і высякаць кустоўе.

«Могілкі старажытныя, унікальныя для Беларусі, – адзначае Андрэй. – Трэба, каб людзі і сем’і, у якіх было дзве вайны і фактары раздзялення, змаглі дакрануцца да каранёў. Былі выпадкі, калі прыязджае чалавек і пару гадзінаў шукае магілу сваяка, але пры той ступені заросласці, якая была – гэта вельмі складана. Асабліва калі чалавеку 70–80 гадоў. А калі ёсць спіс – прасцей жа значна».

Каталіцкія фарныя могілкі ў Горадні. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат
Пахаванне Элізы Ажэшкі, месца паломніцтва для польскіх турыстаў. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

«Мабыць, больш важныя справы ў гарадзенцаў…»

Андрэй дадае, што раней планаваў займацца старымі могілкамі па ўсёй Беларусі, але цяпер сканцэнтраваў высілкі на Горадні.

«Вядома, унесці могілкі ў спіс помнікаў менавіта комплексна, цалкам – гэта ідэальны варыянт, па-еўрапейску, – лічыць Андрэй. – З нейкаю палітыкай аб дазахаванні, аб новых плітах – каб яны не вельмі вылучаліся на фоне старых. Могілкі ж таксама і турыстычны аб’ект: у суботу-недзялю тут стаяць аўтобусы з палякамі. Усё гэта можна і варта падтрымліваць на ўзроўні, бо гэта карані – нашыя і вашыя».

Дзеліцца таксама і сваймі расчараваннямі, маўляў, ускладаў надзеі на гарадскі актыў, але летась на абвешчаную талаку так ніхто і не прыйшоў. «Мабыць, больш важныя справы ў гарадзенцаў…» – дадае з сумнаю ўсмешкай Бурдзенкоў.

АК, фота Васіль Малчанаў belsat.eu

Стужка навінаў