Захарчанка прадказвае зрыў менскіх дамоўленасцяў


Лідар самаабвешчанай «Данецкай народнай рэспублікі» Аляксандр Захарчанка ў інтэрв’ю Бі-бі-сі заявіў, што дамоўленасць аб спыненні агню, дасягнутая з урадам Украіны пры пасярэдніцтве Захаду, хутчэй за ўсё сарвецца.

Ён таксама падкрэсліў, што менскія дамоўленасці маюць сэнс толькі ў тым выпадку, калі Кіеў прызнае самаабвешчаную рэспубліку, і намякнуў, што «ДНР» мае намер пашырыць свае межы, абвінаваціўшы пры гэтым Кіеў у падрыхтоўцы да вайны.

Увесь гэты тыдзень у цэнтры Данецку была чутная страляніна, якая вялася на лініі судакранання. Па словах карэспандэнта Бі-бі-сі Тома Барыджа, гэта відавочнае сведчанне таму, што ваенныя дзеянні зноў актывізаваліся, і дамоўленасці паміж бакамі, у лютым дасягнутыя ў Менску паміж Расеяй, Германіяй, Францыяй і Украінай, не прынеслі свету ў гэты рэгіён.

Украінская армія і ўзброеныя прарасейскія фарміраванні сцвярджаюць, што адвялі цяжкія ўзбраення ад лініі сутыкнення, але пры гэтым вінавацяць адзін аднаго ў падрыхтоўцы наступальных аперацыяў і канцэнтрацыі ваеннай тэхнікі.

У пятніцу камісар ААН па правах чалавека паведаміў, што колькасць ахвяраў з абодвух бакоў ад пачатку канфлікту ўжо дасягнула 6116 чалавек.

І вось цяпер адзін з лідараў прарасейскіх узброеных фарміраванняў на ўсходзе Украіны Аляксандр Захарчанка ў інтэрв’ю Бі-бі-сі выказаў здагадку, што менскія дамоўленасці асуджаныя на правал.

Раней улады Украіны, якія карыстаюцца падтрымкаю Захаду, сцвярджалі, што ў адпаведнасці з гэтымі дамоўленасцямі тэрыторыі на ўсходзе Украіны, якія знаходзяцца пад кантролем прарасейскіх узброеных фарміраванняў, застануцца ў складзе Украіны, а Кіеў зноў зможа цалкам кантраляваць мяжу з Расеяй.

Аднак па словах лідара «ДНР», менскія дамоўленасці маюць сэнс толькі ў тым выпадку, калі Кіеў прызнае самаабвешчаную рэспубліку.

Аляксандр Захарчанка таксама сцвярджае, што межы «рэспублікі», якую ён узначальвае, у будучыні маюць быць значна пашыраныя за кошт вялікай часткі тэрыторыі, якая ў цяперашні час знаходзіцца пад кантролем украінскай арміі.

Між тым у адміністрацыі прэзідэнта Украіны ў адказ на просьбу Бі-бі-сі пракаментаваць словы Захарчанка заявілі: «Украіна поўнасцю выконвае менскія пагадненні. Данбас – неад’емная частка Украіны».

bbc.co.uk/russian

Стужка навінаў