Захад жорстка адрэагуе на спробу Расеі задушыць беларускую рэвалюцыю. Інтэрвʼю былога кіраўніка НАТО


«Пасля нападу Расеі на Украіну, пасля анексіі Крыму Беларусі варта моцна насцярожыцца, бо гэта можа і яе напаткаць у будучыні», – заявіў Андэрс Фог Расмусэн у інтэрв’ю Сяргею Пелясе, рэдактару «Прасвету». Былы генеральны сакратар Паўночнаатлантычнага Альянсу і колішні прэм’ер-міністр Даніі разважае пра ролю Беларусі ў напружаных дачыненнях Расеі і Захаду, а таксама пра рэакцыю Масквы на магчымае размяшчэнне амерыканскай вайсковай базы ў Польшчы.

Як вы лічыце, якая роля Беларусі ў цяперашняй сітуацыі напружання паміж Расеяй і Захадам, НАТО?

Патэнцыйна Беларусь магла б граць вельмі цікавую ролю, але пакуль мы бачым, што яна вельмі шчыльна супрацоўнічае з Расеяй. Мяркую, што пасля нападу Расеі на Украіну, пасля анексіі Крыму Беларусі варта моцна насцярожыцца, бо гэта можа і яе напаткаць у будучыні.

Вы думаеце, крымскі сцэнар для Беларусі рэальны?

Я не ведаю, ці ён рэальны, але думаю, што насамрэч існуе прычына для сур’ёзнай занепакоенасці. Мы былі сведкамі ўсіх гэтых размоваў пра размяшчэнне расейскай базы ці базаў у Беларусі. Такім чынам, нічога нельга гарантаваць.

Беларусь разлічвае, што ўсе краіны мусяць прытрымлівацца нормаў міжнароднага права, але ў выпадку з Украінай Расея іх праігнаравала. І ніхто не ведае, ці такія самыя дзеянні адбудуцца ў дачыненні Беларусі ў будучыні.

Я спадзяюся на паступовае палітычнае развіццё і паступовую лібералізацыю беларускага грамадства. І калі гэта адбудзецца, мяркую, што Беларусь магла б адыграць вельмі цікавую ролю ў еўрапейска-расейскіх стасунках.

Мы памятаем, што здарылася, калі ўкраінцы абралі праеўрапейскі шлях у выніку Майдану. Як вы лічыце, ці існуе небяспека ўмяшання Расеі, калі б беларусы рэвалюцыйным ці эвалюцыйным шляхам прыйшлі да пераарыентацыі сваёй замежнай палітыкі?

Я думаю, што гэта вельмі моцна залежыць ад беларускага народу. Вы бачылі, што ва Украіне, як, дарэчы, і ў Грузіі, апазіцыя вельмі моцная. Калі б падобнае адбылося ў Беларусі, я не выключаю такой магчымасці. Да гэтага часу стваралася ўражанне, што апазіцыя ў Беларусі трошкі слабейшая, чым ва Украіне і Грузіі. Мы не ведаем, як Расея будзе рэагаваць. Я думаю, шмат залежыць ад таго, як да гэтага паставіцца Захад.

Напад Расеі на Украіну быў як званок будзільніка на Захадзе. Улічваючы гэта, калі б Расея вырашыла задушыць беларускую «рэвалюцыю», рэакцыя Захаду можа быць больш жорсткай.

Праз некалькі месяцаў ЗША прымуць рашэнне аб размяшчэнні вайсковай базы ў Польшчы на сталай аснове. Калі яно будзе станоўчае, Расея абяцае адказ – але пакуль не раскрывае падрабязнасцяў. Як можа Расея выкарыстаць уплыў на Беларусь, на Лукашэнку, каб даць нейкі адказ Злучаным Штатам і НАТО на базу ў Польшчы?

Няма ніякіх сумневаў, што ў гэтым выпадку Расея будзе спрабаваць дамагацца сталай дыслакацыі расейскіх войскаў у Беларусі.

Я вельмі ўхваляю ідэю стварэння сталых базаў у Польшчы, бо цяпер Расея ёсць рэальнай пагрозай для НАТО. Увогуле трохі дзіўна, што ў нас ёсць базы ў Нямеччыне і ў іншых краінах, але не ў Польшчы.

Я б выступіў «за» пры ўмове, што такое рашэнне ўхваляць краіны НАТО. Мне падаецца, такі крок спрыяў бы павышэнню бяспекі. Але мяркую, што тады Расея яшчэ больш узмацніла б ціск на Беларусь.

А што б яна зрабіла канкрэтна – ракеты, самалёты, нешта іншае?

Я не ведаю. Да гэтага часу яны дамагаліся толькі размяшчэння авіябазы. Я не ведаю, якой будзе рэакцыя Расеі.

Інтэрв’ю паказалі ў праграме «Прасвет» з Алінаю Коўшык

Фота: REUTERS / Yves Herman / FORUM

Стужка навінаў