Загрузку ядравага паліва на Беларускай АЭС прызначылі на люты 2019-га


Фізічны пуск першага энергаблоку Беларускай АЭС прызначаны на люты 2019 года. Пра гэта паведаміў намеснік міністра энергетыкі Міхаіл Міхадзюк.

Паводле Міхадзюка, фізічны пуск – адна з самых важных аперацый, падчас якой правядуць загрузку ядравага паліва ды пачнуцца выпрабаванні. Увядзенне ў эксплуатацыю першага энергаблоку запланаванае на снежань 2019-га.

Першая пастаўка ядравага паліва ў Астравецкі раён чакаецца ў лістападзе 2018 года. Запуск другога энергаблоку Беларускай АЭС мусіць адбыцца ў ліпені 2020 году. У сакавіку сёлета у Беларусь прыедуць еўрапейскія эксперты ў межах партнёрскай праверкі вынікаў стрэс-тэстаў атамнай станцыі.

Літва плануе блакаваць імпарт электраэнергіі з Астравецкай станцыі і мае намер дамовіцца з Эстоніяй, Латвіяй і Польшчай аб адзіных прынцыпах паставак электраэнергіі з трэціх краінаў.

Беларуская атамная станцыя пачне працаваць на поўную магутнасць у 2020 годзе.

Падчас будаўніцтва БелАЭС здаралася некалькі інцыдэнтаў: загінулі двое працаўнікоў, падчас транспартавання былі пашкоджаныя корпусы рэактару.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў