Загінулі за нафту і газ. Чаму Крэмль хавае страты ў Сірыі?


«Загінуў у баі, як сапраўдны ваяр». Такімі слова ў Расеі развіталіся з генерал-лейтэнантам Валерам Асапавым. Гэта першая смерць расейскага вайскоўца ў Сірыі такога рангу. Прынамсі з таго, што вядома афіцыйна. Страты Крамля працягваюць імкліва расці, як і намаганні схаваць рэальную колькасць загінулых і сапраўдныя мэты Расеі ў Сірыі.

Апошні шлях расейскага генерала. Валера Асапава з усімі вайсковымі ўшанаваннямі пахавалі ў Падмаскоўі.

Былі баявыя таварышы, кіраўніцтва Мінабароны, а таксама вянок ад сірыйскага дыктатара Башара аль-Асада.

«Гэта звычайная смерць, калі смерць бывае звычайнай. Звычайнага вайскоўца на полі бою», – кажа вайсковы эксперт Аляксей Арэстовіч.

Звычайнага, але ўпершыню такога рангу. Генерал-лейтэнант Валер Асапаў загінуў у ваколіцах сірыйскага гораду Дэйр эз-Зор, які тры гады трымала ў блакадзе гэтак званая «Ісламская дзяржава».

Яшчэ 5 верасня сірыйскае войска пры падтрыманні расейскіх вайскоўцаў распачало наступ на горад.

«Там вельмі няпростыя баявыя сітуацыі, у якіх мог загінуць міністр абароны. Паводле некаторых звестак яны трапілі ў засаду і страцілі ў тым ліку яго», – кажа вайсковы эксперт Аляксей Арэстовіч.

Афіцыйна Асапаў загінуў 23 верасня, але паводле неафіцыйных звестак гэта адбылося тыднем раней. Толькі пасля паведамленняў у медыях, інфармацыю пацвердзіла Мінабароны Расеі. А Міністэрства замежных справаў заявіла, што смерць генерала стала наступствам «двудушнасці палітыкі ЗША».

«Мы ў чарговы раз пераканаліся, што амерыканскі бок, дэкларуючы зацікаўленасць у ліквідацыі забароненай у Расеі групоўкі «Ісламская дзяржава» і перамозе над тэрарыстамі ў Сірыі, фактычна некаторымі сваімі дзеяннямі дэманструе адваротнае», – сказаў намеснік міністра замежных справаў РФ Сяргей Рабкоў.

Нападкі на ЗША на фоне зацятых баёў за Дэйр эз-Зор невыпадковыя. Рэгіён, багаты на радовішчы нафты і газу, стратэгічна важны не толькі для рэжыму Асада, але для і Крамля.

«У нас былі падпісаныя кантракты з Расеяй, Кітаем ды Іранам, што дазваляла нам працаваць у мінулым», – сказаў Басам Дарўіш з Міністэрства энергетыкі Сірыі.

Як вынікае з інфармацыі агенцыі РБК, улетку кампанія расейскага бізнесоўца Яўгена Прыгожына дамовілася з урадам Сірыі пра вызваленне ад баевікоў і ахове нафтагазавых радовішчаў. Наўзамен яна мае атрымаць кантракты на здабычу адной чацвёртай атрыманай з іх сыравіны. Прыгожын, якога называюць «поварам Пуціна» мае дачыненне і да прыватнай ваеннай кампаніі «Вагнэр» – групоўкі расейскіх наймітаў у Сірыі, якімі кіруе камандзір Дзмітрый Уткін.

«Інфармацыя пра яго не так багата. Адзінае, што вядома, што ён мае наўпроставы доступ да Пуціна. Былі зафіксаваныя і фотасведчанні гэтаму. Групоўка складаецца з колішніх супрацоўнікаў спецслужбаў Расеі», – кажа Дзяніс Івашын, інфармацыйная супольнасць «InformNapalm».

Найміты ўдзельнічаюць у найбольш складаных спецаперацыях, а інфармацыя пра іхную колькасць і страты трымаюцца ў звыштаямніцы. Днямі групоўка расейскіх блогераў апублікавала звесткі пра яшчэ двух загінулых расейцаў у Сірыі, якія раней прымалі ўдзел у баявых дзеяннях на Данбасе.

«З пачатку года колькасць стратаў значна павялічылася. Калі мы ведаем толькі пра вышэйшы склад, то шмат гіне звычайных кантрактнікаў, чальцоў прыватных вайсковых кампаніяў, пра якіх няма ніякай інфармацыі. Іх могуць быць сотні», – кажа Дзяніс Івашын, інфармацыйная супольнасць «InformNapalm».

Такую сакрэтнасць інфармацыі эксперты тлумачаць палітыкай Крамля, які баіцца рэакцыі грамадства і магчымых пратэстаў.

«Расейскія войскі ваююць за інтарэсы «Газпрома» і «Роснефти», а не самой Расейскай федэрацыі. Гэта вельмі цяжка патлумачыць, чаму яны маюць гінуць за газ і за нафту, таму ёсць указ Пуціна пра хаванне стратаў. Зараз старты старанна хаваюцца. Груба кажучы, Міністэрства абароны абʼяўляе пра тыя страты, якія немагчыма схаваць», – кажа вайсковы эксперт Аляксей Арэстовіч.

Як у выпадку з генерал-летэнантам Валерам Асапавым. Афіцыйна Мінабароны пацвердзіла смерць усяго 10 расейскіх вайскоўцаў у Сірыі. Тады як агенцтва Ройтэрз паведамляла пра 40 загінулых. Такая інфармацыя была яшчэ ў жніўні – за месяц да наступу на Дэйр эз-Зор, які расейская прапаганда параўноўвае з бітваю за Берлін.

Сюжэт выйшаў у праграме «ПраСвет». Іншыя тэмы праграмы:

Як праходзіў польскі «Антызапад» і як палякі ўзмацняюць сваю абарону?

Чаму беларуска-украінскія стасункі не палепшацца?

Як можа выглядаць вайна ЗША супраць КНДР?

Ці ёсць рызыка вайны на мяжы Беларусі ды Польшчы?

Каталуння і Курдыстан імкнуцца за незалежнасці. Што іх адрознівае а што аб’ядноўвае?

 

Вольга Жарнасек belsat.eu

Стужка навінаў