Загадкавы замак сярод балотаў: як шукаюць пад вадой унікальны арсенал палескай фартэцыі


Фотаздымак мае ілюстратыўны характар

Нефармальнае беларускае аб’яднанне беларускіх ваенных гісторыкаў, аматараў гісторыі і ваенна-гістарычнай рэканструкцыі, археолагаў «Цэх жывой гісторыі» зладзіць 28 лютага адкрытую сустрэчу, прысвечаную Жаберскаму замку.

Гэтая магутная фартэцыя перастала існаваць у пачатку XVIII стагоддзя.

Магнацкае багацце

Жабер зараз – гэта вёска на поўначы Драгічынскага раёну Берасцейскай вобласці, у якой жывуць некалькі дзясяткаў чалавек. Вядомая яна яшчэ з дакументаў сярэдзіны ХVІ стагоддзя, а прыкладна праз 100 год гэтае месца набывае палітычнае і стратэгічнае значэнне. Назва, верагодна, паходзіць ад слова «жабар» ці «жабарына» – невялікая сажалка, балота.

Дзякуючы дзейнасці вялікага маршалка ВКЛ Яна Караля Дольскага (1637–1695), які пры падтрымцы караля Яна ІІІ Сабескага здолеў зрабіць бліскучую кар’еру, тут з’яўляюцца магутныя земляныя ўмацаванні. А сам маршалак актыўна выкарыстоўваў Жаберскі замак у якасці асабістай рэзідэнцыі.

Пра значэнне і багатае ўбранне замку сведчыць і тое, што тут часта бываў у 1690-я гады падканцлер, а потым вялікі канцлер Вялікага княства Караль Станіслаў Радзівіл, які сам пісаў пра гэта ў сваім дзённіку.

Князь Караль Станіслаў Радзівіл

«Вялікае значэнне жаберская рэзідэнцыя захавала і пасля смерці Яна Караля Дольскага. У прыватнасці, у 1696 г. Караль Станіслаў Радзівіл спыняўся ў Жаберы ва ўдавы магната Ганны. Толькі ў 1700 г. апошняя пакінула замак над Ясельдай і выехала ў Варшаву. Пасля яе смерці ўся спадчына Яна Караля Дольскага адышла да Міхала Сервацыя Вішнявецкага, які ажаніўся з дачкой магната Кацярынай. Новы ўласнік працягваў выкарыстоўваць Жаберскі замак у якасці рэзідэнцыі», – пішуць гісторыкі Мікола Волкаў і Сяргей Ліневіч.

Калі магнаты жывуць у замку, дый запрашаюць сюды іншых магнатаў, значыць, гэтая рэзідэнцыя адрозніваецца раскошай, якая паказвае высокі ўзровень валадароў.

Адсюль бяруць пачатак народныя паданні пра схаваныя ў замку скарбы роду Вішнявецкіх.

Пад аховай муроў, артылерыі і багны

Вядомасць паселішчу прынеслі падзеі Вялікай Паўночнай вайны 1700–1721 гг. У гэтай вайне Рэч Паспалітая ваявала супраць Швецыі на баку Расеі і Даніі, аднак адначасова ў краіне ішла грамадзянская вайна – за каралеўскі і княскі трон супраць саксонскага курфюста Аўгуста Сільнага ваявалі магнацкія групоўкі на чале са Станіславам Ляшчынскім.

Станіслаў Ляшчынскі, які карыстаўся падтрымкай Карла XII. wikipedia.org

«На пачатковым этапе Вялікай Паўночнай вайны намаганнямі Міхала Сервацыя Вішнявецкага Жаберскі замак фактычна быў пераўтвораны ў адну з найбольш магутных фартэцый у ВКЛ», – адзначаюць даследчыкі.

Жаберскі замак быў добра забяспечаны гарнізонам, артылерыяй, амуніцыяй і правіянтам. У 1706 годзе ў ім знаходзілася 815 жаўнераў і 58 гармат. Артылерыя была размешчана на бастыёнах і валах і падрыхтавана да абароны. Гарнізонам замка камандаваў палкоўнік Ян Бутман.

Фартэцыя мела чатыры бастыёны, глыбокі роў, а яе абарончы перыметр быў дадаткова ўмацаваны палісадамі. З усіх бакоў яна была акружана непраходнымі балотамі.

Смерць цытадэлі і падводныя пошукі яе скарбаў

Аднак нягледзячы на гэта, Жаберскі замак не змог даць адпор войскам шведскага караля Карла ХІІ, быў разбураны і зараз амаль незаўважны, нават калі вы ідзяце проста па ягоных бастыёнах.
Замак знішчалі больш за 10 дзён, прычым паглядзець на разбурэнне цытадэлі прыехаў сам кароль Карл. Пазней фартэцыя не аднаўлялася, а ў народнай памяці падзеі тых часоў абраслі таямнічымі легендамі пра золата, срэбра і затопленыя ў рацэ Ясельдзе гарматы.

Мартырныя бомбы, знойдзеныя на месцы замку. Фота sb.by

Пра тое, што яшчэ хавае Жаберскі замак і багны вакол яго распавядуць кандыдат гістарычных навук, супрацоўнік Істытуту гісторыі НАН Беларусі Мікола Волкаў, супрацоўнік Інстытуту гісторыі НАН Беларусі Сяргей Ліневіч, кіраўнік дайвінг цэнтру «Марскі пегас» Андрэй Ліхачоў.

Сустрэча ў стылі «навука за куфлем піва» адбудзецца 28 лютага ў 19.00 а бары Beer&Wine (Кульман, 9).

Падводная археалогія ў Жаберы. Фота sb.by

«У Жаберы быў адзін з найбольш значных арсеналаў на нашых землях. Ужо больш за стагоддзе спрабуюць яго знайсці, але дасюль дасягнуць значных вынікаў не ўдалося. З дапамогай новых метадаў мы спадзяемся разгадаць таямніцу жаберскага арсенала», – кажа Мікола Волкаў.

Гісторыкі распавядуць прысутным і пакажуць на фота і відэа асаблівасці правядзення археалагічных работ у вадзяных равах закінутай фартэцыі. Працы такога характару для Беларусі з’яўляюцца ўнікальнымі.

Аляксандр Гелагаеў, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары