Загадчыцу дзіцячага садку ў Крычаве вывелі ў кайданках з працы. Вінавацяць у карупцыі


Загадчыцу дзіцячага садку № 19 у Крычаве Алу П. работнікі праваахоўных органаў затрымалі на працоўным месцы і, як кажуць відавочцы, вывелі з тэрыторыі ўстановы ў кайданках. Затрыманне адбылося 27 сакавіка, пазней Следчы камітэт па Магілёўскай вобласці паведаміў, што ў дачыненні Алы П. завялі крымінальную справу, яе вінавацяць у перавышэнні ўлады ці службовых паўнамоцтваў (ч. 2 арт. 426 Крымінальнага кодэксу). Падазраваную даставілі з Крычава ў СІЗА магілёўскай турмы № 4.

Паводле папярэдняй інфармацыі, 62-гадовая загадчыца садку нібыта незаконна завалодала сумаю большаю за 6000 рублёў – выплачвала падначаленым прэміі, а затым іх забірала сабе. Кажуць і аб замовах прадуктовых набораў, якія затрыманая нібыта не аплачвала. Паводле інфармацыі belsat.eu, у «распрацоўцы» загадчыца садка знаходзілася не менш за два гады, таму ў праваахоўнікаў склалася «карціна» здзяйснення злачынства і з’явіліся падставы для затрымання.

У Крычаве затрыманне Алы П. выклікала вялікі рэзананс. Дзіцячы сад №19, якім яна кіравала, лічыцца паказальным. Сюды, як правіла, вазілі высокіх чыноўнікаў, праводзілі семінары для абмену вопытам.

Уладзімір Кудраўцаў, выдавец незалежнай мясцовай газеты «Вольны горад», даведаўшыся пра затрыманне Алы П., параўнаў гэтую справу з карупцыйным скандалам на мясцовым цэментыным заводзе: «Яна не адчувала зямлі пад нагамі, лічыла сябе недатыкальнай, вось і паплацілася. Падобна, карупцыйная справа Скоцкага яе нічому не навучыла».

Сапраўды, былы генеральны дырэктар ААТ «Крычаўцэментнашыфер» Леанід Скоцкі ў 2013 годзе «пагарэў» на тых жа паборах з прэмій падначаленых, як цяпер П. Атрымаў 9 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Страты і скарачэнне працоўных месцаў. Што прынесла мадэрнізацыя цэментным заводам

У Крычаве ўжо пасля ўступлення ў сілу ў 2015 г. новага закона аб барацьбе з карупцыяй былі асуджаны за карупцыйныя злачынствы старшыня «Маляцічы-АГРА» Аляксандр Радоўскі, дырэктар камунальнага прадпрыемства «Водаканал» Юрый Рыбчынскі, выконваючая абавязкі галоўнага бухгалтара агрокаледжа Юлія Нікіценка, дырэктар цэнтру творчасці дзяцей і моладзі «Крэчут» Лаліта Сідарава і яе намеснік Вольга Міхно. Аднак варта адзначыць, што пакаранні за выяўленыя злачынствы былі даволі мяккімі – як правіла, штрафы або прысуды з адтэрміноўкай, асуджаныя нядрэнна працаўладкоўваліся ў горадзе. У мясцовых дзяржаўных медыях пра гэтыя судовыя працэсы не было напісана ніводнага радка.

Улады не заўсёды давалі ход расследаванню падобных злачынстваў. У 2017 г. начальнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Крычаўскага РАУС, падпалкоўнік міліцыі Ігар Вусік сабраў дастаткова доказаў, што начальнік міліцыі Станіслаў Чупрын вымагаў грошы з прэмій падначаленых, і паведаміў міністру МУС Ігару Шуневічу, але праверка ўстанавіла толькі факт «парушэнні дысцыпліны і ведамасных нарматыўных актаў».



Сяргей Няроўны/АА belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары