Задача вярнуцца на Алімпійскія Гульні. Нацыянальная зборная па хакеі працягвае трэнаванні


Трэнер беларускай зборнай Міхаіл Захараў.
Фота: Андрэй Лавянецкi

Ідучы насустрач спартовым журналістам, якія ў сувязі з вымушаным перапыненнем шэрагу нацыянальных турніраў аказаліся на галодным пайку, прэс-служба Федэрацыі хакею Рэспублікі Беларусь сёння арганізавала другую адкрытую трэніроўку нацыянальнай каманды падчас веснавога збору.

Сам гэты трэнінгавы лагер для галоўнай хакейнай дружыны краіны ўжо чацвёрты з таго часу, як 20-га жніўня мінулага года калектыў зноў, праз дзевяць гадоў пасля апошняга перабывання на капітанскім мастку, узначаліў Міхаіл Захараў. Перад гэтым беларусы выгулялі два Еўрачэленджы ў лістападзе ды снежні (адпаведна ў Латвіі ды Вугоршчыне), але сёлета занялі апошняе месца на «Kaufland Cup 2020» у Славаччыне. Цяперашнім зборам каманда павінная была распачынаць фінальны этап падрыхтоўкі да 84-га чэмпіянату планеты, што мусіў адбыцца ў швейцарскіх Цюрыху ды Лазане ад 8-га да 24-га траўня.

Hавiны
Чэмпіянат свету па хакеі – 2020 адменены афіцыйна
2020.03.23 13:35

Але сёння Рада Міжнароднай федэрацыі хакею афіцыйна пацвердзіла адмену сусветнага першынства-2020 з-за пандэміі каронавіруса. Тым не меней, Федэрацыя хакею Рэспублікі Беларусь не скараціла ды, тым больш, не адмяніла для зборнай цяперашняга трэнавальнага этапу. Бо, усё ж, існуе значна больш рэальная сітуацыя, калі алімпійскі кваліфікацыйны турнір да Гульняў 2022 года адбудзецца ў свой тэрмін з 27-га да 30-га жніўня.

Зборная Беларусі па хакеі трэнуецца на «Чыжоўка-Арэне».
Фота: Андрэй Лавянецкi

Хаця, паводле аднаго з дэбютантаў нацыянальнае каманды, 22-гадовага гарадзенца Андрэя Бялевіча, які прыехаў у зборную з ніжагародскага «Тарпеда», яму вельмі хацелася б паспрабаваць сябе ў галоўнай камандзе краіны ўжо ў траўні:

«Гэта, па сутнасці, быў рэальны шанец для мяне ўпершыню паехаць на чэмпіянат свету, дагэтуль маладзёжкі толькі былі ды юніёрскія зборныя. Таму, канечне, ад адмены чэмпіянату свету асадак ёсць. Спадзяюся, траплю ў склад нацыянальнай зборнай і на жнівеньскую алімпійскую кваліфікацыю ў Славаччыне».

Сцяпан Фалькоўскі.
Фота: hockey.by

23-гадовы абаронца клубу хакейнай лігі Усходняга ўзбярэжжа Паўночнай Амерыкі «Элен Амэрыканз» Сцяпан Фалькоўскі ў адказ на пытанне, што адмененыя альбо перанесеныя шэраг нацыянальных чэмпіянатаў і іншыя міжнародныя турніры па ўсім свеце, а ў нас разыгранне плэй-оф Экстралігі працягваецца, лічыць: «Тое, што Беларусь пакінула свой галоўны турнір ў сіле – гэта толькі плюс».

«Я думаю, нармальна. Калі там іншыя краіны спужаліся, то чаму ў нас – не гуляць. Я лічу натуральнаю з’яваю працягнуць хакей на Беларусі. Я вось два дні таму прыляцеў і сёння прыйшоў на першую сваю трэніроўку са зборнай. І бачу, што хлопцы з задавальненнем працуюць. Дарма, што нас пакуль мала. Але ўсе мы разумеем, якая важная задача стаіць сёлета: вярнуцца на Алімпійскія Гульні».

Зборная Беларусі па хакеі трэнуецца на «Чыжоўка-Арэне».
Фота: Андрэй Лавянецкi

Апошні раз Беларусь была рэпрэзентаваная на галоўных стартах чатырохгоддзя ў 2010-м годзе, акурат пад кіраўніцтвам цяперашняга галоўнага трэнера Міхаіла Захарава. Тады, у канадскім Ванкувэры, нашыя суайчыннікі ў плэй-оф не трапілі пасля паразы ад Швейцарыі на папярэднім этапе 2-3 і занялі выніковае дзявятае месца. А пра свае гарачае жаданне вярнуць Беларусь на Гульні Захараў выказаўся роўна два месяцы таму. І сёння толькі пацвердзіў сваю мэту:

«Галоўная задача цяпер – не расслабляцца. І трымаць сябе ў форме. Рыхтуемся да Алімпійскай кваліфікацыі ўжо цяпер. Зразумела, чэмпіянат свету нам вельмі дапамог бы лепей скласці спалучэнні звенняў, найбольш выгадна сфармаваць пяцёркі, але тут нічога не паробіш: форс-мажор. Галоўнае, што хлопцы збольшага з задавальненнем прыязджаюць у нацыянальную каманду і актыўна трэнуюцца. Бо ўсе разумеюць, што некалькі месяцаў без гульнёвай практыкі – зусім не спрыяльна».

Зборная Беларусі па хакеі трэнуецца на «Чыжоўка-Арэне».
Фота: Андрэй Лавянецкi

Цэнтральны нападнік чарапавецкага клубу Кантынентальнай хакейнай лігі «Северсталь» і капітан нацыянальнай каманды на нядаўнім «Турніры чатырох нацыяў» у Славаччыне Уладзіслаў Кадола таксама лічыць, што сёлетні чэмпіянат свету стаў бы добрай падмогай для алімпійскай кваліфікацыі. Але, сцвярджае хакеіст, занадта засмучацца з гэтай нагоды не варта:

«Будуць яшчэ сустрэчы таварыскія, турніры. І напрацаваць варыянты гульні часу хопіць. Нават пры тым, што Міжнародная федэрацыя хакею дае толькі сем дзён на падрыхтоўку да алімпійскага адбору».

Hавiны
Японія можа перанесці Алімпіяду-2020
2020.03.22 14:01

У красавіку зборная нашай краіны мела правесці 8 спарынгаў, у тым ліку і межах Еўрачэленджу: па два матчы супраць Латвіі ды Казахстану, а таксама выязныя двубоі ў Нямеччыне. Але сёння пакуль не вядома, якія матчы ўсё ж дазволяць згуляць. Прынамсі, трэнерскі штаб працягвае працаваць над найбольш аптымальным складам. Бо, паводле Міхаіла Захарава, гульцоў шмат, але сапраўдных хакеістаў не багата. Таму кандыдатаў у зборную можна пералічыць на пальцах.

Зборная Беларусі па хакеі трэнуецца на «Чыжоўка-Арэне».
Фота: Андрэй Лавянецкi

З улікам алімпійскага адборачнага турніру зборнай Беларусі варта заглядаць і далей у будучыню, на хатні чэмпіянат планеты. Які, як было паведамлена сёння, можа быць перасунуты з 2021-га на 2022 год. Але гэта вырашыць штогадовы кангрэс Міжнароднай федэрацыі хакею на лёдзе. Ён павінен быў адбыцца з 21 да 23 траўня ў Цюрыху. Ды таксама перанесены на нявызначаны час. Прэзідэнт арганізацыі – Рэнэ Фазэль – паведаміў, што пра яго новыя дату і месца правядзення будзе абвешчана дадаткова. Прынамсі, мяркуе функцыянер, кангрэс даволі рэальна правесці ў тым жа Цюрыху ў сярэдзіне ці напрыканцы чэрвеня. У скрайнім выпадку, на пачатку ліпеня.

Hавiны
Беларускі футбол набывае шалёную папулярнасць праз каронавірус
2020.03.22 11:45

Аляксандр Пуціла belsat.eu

Стужка навінаў