«Задача – прыбраць лідараў меркавання». Усё, што вядома пра затрыманні блогераў


Чэрвень у Беларусі адзначыўся хваляй рэпрэсіяў супраць грамадскай супольнасці, у тым ліку распачаўся наступ на папулярных палітычных блогераў. Цяпер за кратамі знаходзяцца шасцёра. Belsat.eu распавядае, што вядома пра іх на дадзены момант.

Апошнім часам Лукашэнка ледзь не ў кожнай прамове згадвае тэлеграм-каналы, прычым у рэзка негатыўным святле. Падчас выступу 25 траўня ён адзначыў, што тыя «чапляюць уладу за што папала» і паабяцаў разабрацца з «аўтарамі фэйкаў».

Праз месяц, 25 чэрвеня, праводзячы кадравыя прызначэнні, Лукашэнка абвінаваціў нейкія вонкавыя сілы ва ўмяшанні ў беларускія выбары. «Гэта падкідваецца структурамі бабічэўскімі, Незыгарамі гэтымі з Расеі. Гэта не нашы», – сказаў ён. Аднак адначасова міністр унутраных спраў Юрый Караеў заявіў, што вулічныя акцыі (такія як ланцугі салідарнасці) кіруюцца праз Telegram і стрымы «Радыё Свабода». У той жа дзень быў затрыманы адміністратар аднаго з найбольш папулярных каналаў «Беларусь галаўнога мозгу» Ігар Лосік.

Узгадваем, калі і як распачалася масіраваная атака на палітычных блогераў.

Сяргей Ціханоўскі

Аўтар блогу «Краіна для жыцця» Сяргей Ціханоўскі патрапіў пад пільны нагляд уладаў пасля сваіх стрымаў з акцыяў пратэсту супраць інтэграцыі з Расеяй у снежні 2019 году. Тады ён атрымаў свае першыя 15 содняў, а па вызваленні працягнуў актыўнасць. Ён ездзіў па гарадах Беларусі, дзе праводзіў сустрэчы з людзьмі, незадаволенымі дзейнай уладай, гутарыў з імі ў жывых эфірах на сваім ютуб-канале.

Сяргей Ціханоўскі ў Гомлі.
Фота: «Белсат»

Пасля затрымання Ціханоўскага на пачатку траўня, сілавікі пачалі пераследаваць і ягоных паплечнікаў, саджаючы іх на «содні». Калі Святлана Ціханоўская падала дакументы ў ЦВК замест мужа, а на пікетах у яе падтрымку пачалі выстройвацца кіламетровыя чэргі, улады пайшлі на абвастрэнне сітуацыі. Падчас пікету ў Горадні 29 траўня адбывалася правакацыя, у выніку якой быў паўторна затрыманы Ціханоўскі. Гэтым разам – па крымінальным артыкуле. У ходзе вобшуку ў ягоным доме нібыта выявілі 900 тысяч долараў.

Міліцыя каля лецішча Сяргея Ціханоўскага.
Фота: «Белсат»

Ціханоўскаму і дзесяці паплечнікам выставілі абвінавачванні паводле арт. 342 КК («арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак»), праваабаронцы прызналі іх палітвязнямі. Ім пагражае да 3 гадоў зняволення. Яшчэ дваіх абвінавацілі ў гвалце ў дачыненні да міліцыянтаў (арт. 364 КК). Цяпер усе яны ўтрымліваюцца ў СІЗА №1 у Менску.

Жонка Ціханоўскага Святлана ў інтэрв’ю belsat.eu тлумачыла, што ўлада яму была не патрэбная.

«Можа быць, ён сам да канца не разумеў, што яму трэба… Мне падаецца, ён хацеў каб людзі ведалі, што ёсць іншае жыццё, што можна жыць свабодна, свабодна выказвацца. Ён разумеў, што людзям страшна. Яму самому на пачатку было страшна, чакаў, як за ім пасля першага роліка на канале прыйдуць, але нічога такога не адбылося. Гэта дадало яму ўпэўненасці. А потым набыло такія маштабы…»

З ініцыятывы старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай на блогера завялі яшчэ адну справу паводле арт. 191 КК – за «перашкоду выбарам».

На сустрэчы з актывам у Салігорску Лукашэнка прызнаўся, што «даў сігнал з Ціханоўскім».

«Справа Ціханоўскага» стала першым этапам брутальнага пераследу блогераў.

Уладзімір Няронскі

Блогер Уладзімір Няронскі (справа) з Арцёмам Сакавым у судзе Кастрычніцкага раёну Магілёва.
Фота: «Белсат»

Паплечнікі Ціханоўскага па «Краіне для жыцця» цягам апошніх месяцаў зазнавалі адміністратыўныя арышты. Аўтара каналу «Слуцк для жыцця» Уладзіміра Няронскага трымалі ў ізалятары 40 содняў, а ў чэрвені вырашылі распачаць крымінальную справу паводле ўсё таго ж арт. 342 КК і арт. 369 КК («знявага прадстаўніка ўлады»). Следства сцвярджае, што Няронскі ў перыяд з 5 па 23 лютага размясціў на YouTube відэа, якія нібыта ўтрымліваюць абразы ў непрыстойнай форме і прыніжаюць гонар і годнасць старшыні Слуцкага райвыканкама Андрэя Янчэўскага.

Што тычыцца абвінавачвання ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, то сцвярджаецца, што Няронскі змовіўся з Ціханоўскім і ягонымі паплечнікамі і арганізаваў 29 траўня «незаконнае грамадска-масавае мерапрыемства-мітынг» у Горадні. Нагадаем, што пікет па зборы подпісаў – гэта легальная працэдура выбарчай кампаніі.

Імаверна, Няронскі стаў чарговым фігурантам «справы Ціханоўскага». 26 чэрвеня праваабаронцы прызналі яго палітзняволеным.

Сяргей Пятрухін і Аляксандр Кабанаў

Сяргей Пятрухін і Аляксандр Кабанаў. Фота з сацсетак

Аўтара каналу «Народны рэпарцёр», берасцейца Сяргея Пятрухіна затрымалі пад Пухавічамі 16 чэрвеня. Перад затрыманнем яму паведамілі, што яго забіраюць, каб адбыць рэшту прызначанага адміністратыўнага арышту. Паплечнікі Пятрухіна меркавалі, што гэта звязана з удзелам у пратэстах супраць акумулятарнага заводу. У траўні Пятрухін ужо адбываў «содні», прычым з ізалятару яго забіралі ў шпіталь з тэмпературай.

Берасцеец Аляксандр Кабанаў, суаўтар «Народнага рэпарцёра» і прэс-сакратар патэнцыйнай кандыдаткі ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай, быў затрыманы 15 чэрвеня пасля наведвання паліклінікі. Яго асудзілі на «содні», а потым распачалі крымінальную справу. Вядома, што нядаўна Кабанаў перахварэў на каронавірус з пнеўманіяй.

Як паведамляе «Вясна», абодвух блогераў абвінавачваюць паводле арт. 342 КК – усё за тыя ж падзеі ў Горадні. Іх перавялі ў менскае СІЗА №1. Паводле звестак праваабаронцаў, Кабанаў «вельмі знямоглы», яму перадалі лекі.

Такім чынам, па «справе Ціханоўскага» праходзяць як мінімум 13 фігурантаў.

Уладзімір Цыгановіч (MozgOn)

Блогер MozgON.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

9 чэрвеня стала вядома пра затрыманне ютуб-блогера Уладзіміра Цыгановіча, аўтара каналу MozgOn. Артыкул, які яму інкрымінуюць, пакуль невядомы, але знаходзіцца ён у тым жа СІЗА №1.

Тады Кабанаў тлумачыў, што Цыгановіча спынілі прадстаўнікі ДАІ на падставе таго, што ён нібыта не мае права кіраваць транспартным сродкам. Яго выцягнулі з машыны і склалі пратакол за непадпарадкаванне міліцыі. Далей усё развівалася па стандартнай схеме: блогера адправілі на «содні», а потым перавялі ў СІЗА.

Ігар Лосік

Ігар Лосік. Фота – facebook.com/belamovaa

Ігара Лосіка затрымалі 25 чэрвеня пасля ператрусу ў ягонай кватэры ў Баранавічах. Жонку з маленькай дачкой у гэты час трымалі ў пад’ездзе. Лосіка пасадзілі ў цывільны мікрааўтобус і звезлі ў Менск. Пазней стала вядома, што распачатая справа па арт. 342 КК. Лосік перабываў на Акрэсціна, пасля чаго быў пераведзены ў СІЗА на Валадарскага.

«Толькі сёння ў абед мы даведаліся, што Ігар знаходзіцца ў СІЗА. Перадачу яму не было магчымасці перадаць, але з 29-га аднаўляюцца перадачы, таму будзем спрабаваць», – сказала belsat.eu жонка блогера Дар’я Лосік. Яна дадала, што цяпер атрымлівае словы падтрымкі ад шматлікіх неабыякавых людзей.

Тэлеграм-канал «Беларусь галаўнога мозгу», які адміністраваў Лосік, падпісаныя больш за 170 тысяч чалавек. Ён актыўна асвятляе палітычныя падзеі ў краіне. Калі ўлады адключылі мабільны інтэрнэт падчас ланцугу салідарнасці ў Менску, канал публікаваў відэа з акцый.

Адвакат Лосіка паведаміў «Радыё Свабода», што блогеру падоўжылі тэрмін утрымання пад вартай да 10 дзён для выстаўлення абвінавачвання.

«Гэта ўсё ад адчаю», – блогер Павук пра пераслед калегаў

Андрэй Павук. Фота з «Фэйсбуку» блогера

Блогер Андрэй Павук («Рудабельская паказуха») з Акцябрскага распавёў, што ва ўмовах пераследу калегаў пакуль не адчуў на сябе ціску з боку ўладаў.

«Гэта ўсё ад адчаю. Выходзіць зямля з-пад ног [ва ўладаў], інфармацыйныя вайна прайграная, трэба нешта рабіць. Задача стаіць прыбраць лідараў меркавання, каб людзі не маглі падпітвацца ад іх інфармацыяй, думкамі – і на такім полі ўжо змогуць дамінаваць праўладныя СМІ, навязваючы свай парадак дня.

Трэба проста прыбраць раздражняльныя элементы. Як казаў новы міністр інфармацыі, абараніць ад інфармацыі, якая шкодзіць дзяржаве», – кажа Павук.

Ён мяркуе, што наперадзе беларускіх блогераў чакаюць складаныя часы.

«Калі цяпер народ дадзе слабіну і не пакажа свайго характару, то пасля выбараў пачнуць яшчэ закручваць гайкі. Думаю, будзе праводзіцца адмысловая палітыка, пры якой заканадаўства зробяць больш жорсткім. Магчыма, нельга будзе адкрыта крытыкаваць уладу ці проста думаць пра яе кепска?», – дадае Андрэй Павук.

KA belsat.eu

Стужка навінаў