Зачынілі «Ок16». Афіцыйна – праз пастанову МНС


Балет у «Ок16».
Фота: vk.com/ok16minsk

Культурніцкая пляцоўка «Ок16», арт-дырэктаркай якой да перадвыбарчай кампаніі была Марыя Калеснікава, прыпыняе працу і высяляе арандатараў, афіцыйная прычына – прадпісанне МНС.

Анжаліка Крашэўская, якая ўваходзіць у Каардынацыйную раду, дырэктарка Міжнароднага форуму тэатральнага мастацтва «Тэарт» і Цэнтру візуальных і выканальніцкіх мастацтваў «АРТ Карпарэйшн» перакананая, што такое рашэнне ўлады прынялі з палітычных прычынаў, паведамляе Каардынацыйная рада.

«Для нас скасаванне арэнды было поўнаю нечаканасцю. Нам сказалі не аб прыпыненні дзейнасці на нейкі перыяд часу, а пра тое, што нас проста высяляюць. Думаю, што гісторыя з «Белгазпрамбанкам», якому належала гэтая прастора, паўплывала на закрыццё «Ок16». Пляцоўка доўга пуставала, і было адчуванне, што яна можа проста сысці ў нябыт. Мне здаецца, мы ўдыхнулі новае жыццё ў гэтую пляцоўку, і 10-ы міжнародны форум «Тэарт» прайшоў у «Ок16».

Да пляцоўкі зноў павысілася ўвага з боку дзяржавы, бо раптам «Ок16» ізноў пачынае працаваць і прыцягваць цікавасць гледачоў, запрашаць незалежных аўтараў ды калектывы.

У сітуацыі, калі цяпер любое спалучэнне колераў, якія не так размяшчаюцца, выклікае ва ўлады пытанні, ты не ведаеш, якія наступствы могуць быць. Напэўна, для іх прасцей, каб пляцоўка пуставала».

Крашэўская выказала надзею, што адраджэнне культурніцкай пляцоўкі рана ці позна будзе: «Пытанне толькі ў тым, будзем мы адраджаць ці будаваць наноў: цяпер мы можам пакінуць выпаленае поле. Мне б, вядома, хацелася хутчэйшага адраджэння, але вельмі складана казаць цяпер пра планы, бо кожны дзень прыносіць новыя сюрпрызы. Ёсць толькі надзея і жаданне верыць у тое, што ўсё зменіцца да лепшага».

Анжэла Крашэўская перакананая, што культура, якая прыняла беспасярэдні ўдзел у пераменах, будзе ўзнагароджаная гледачамі, якія вернуцца. І іх стане больш, чым было раней, бо ўзнікне жаданне знаёміцца ​​з дасягненнямі, якія нараджаліся ў такіх складаных умовах.

  • «Ок16» – гэта тры былыя апусцелыя завадскія цэхі Менскага станкабудаўнічага заводу. У 2017 годзе іх выкупіў «Белгазпрамбанк», якім кіраваў Віктар Бабарыка. Банк набыў плошчу каля 6 тыс. кв. м за 3 млн долараў і стаў развіваць тут культурніцкую пляцоўку.
  • «Ок16» пазіцыянаваўся як інкубатар ініцыятываў, эксперыментальная прастора для смелых ды маштабных сацыяльных і культурніцкіх ідэяў. Тут ладзілі фестываль «Тэарт», міжнародную IT-канферэнцыю «Emerge», шматлікія выставы ды іншыя імпрэзы.

ММ belsat.eu

Стужка навінаў