Забыцца – значыць прайграць

Расейскія суды робяць да канца тое, што пачалі расейскія сілавікі ў суботу ў Маскве – зачышчаюць публічную і палітычную прастору ад апазіцыі.

Паказальнае ўжыванне сілы падчас разгонаў і суровасць судовых прысудаў – непазбежнасць і неабходнасць, калі гаворка заходзіць пра аўтарытарную ўладу. Такая яе прырода і іншай яна быць проста не можа. Аднак вонкавыя назіральнікі чамусьці чакаюць іншых рэакцыяў.

ВІДЭА
Галоўнае пасля пратэстаў у Маскве. Прамое ўключэнне «Белсату»
2019.07.29 19:56

Адныя шакаваныя тым, што адбылося ў Маскве, іншыя прадказваюць канец пуцінскага рэжыму. Нібы выкарыстанне гвалту ў дачыненні да грамадзянаў і падкантрольных судоў – гэта сведчанне слабасці рэжыму, а не наадварот. Пакуль недэмакратычная карумпаваная ўлада здольная абараняць сябе ад грамадзянаў любымі сродкамі, яна будзе існаваць. Рэгулярная дэманстрацыя сілы – абавязковая працэдура для аўтарытарнага рэжыму, бо адна з асноў яго існавання – хлусня. А хлусню неабходна падсілкоўваць сілай і брутальнасцю: чым больш хлусні, тым больш брутальнасці. Хлусня без гвалту неэфектыўная, калі ў яе перастаюць верыць. І чым менш у яе вераць, тым больш улада звяртаецца да гвалту.

Hавiны
Улады Масквы «папярэджваюць» удзельнікаў мітынгу і СМІ. Белсат рыхтуе стрым
2019.07.26 18:53

Таму празмернае, абсурднае, неадэкватнае ўжыванне сілы на вуліцах і ў судах, на жаль, не з’яўляецца прадвеснікам хуткай гібелі або заняпаду рэжыму Пуціна. Хутчэй гэта сведчыць аб нашай няпамятлівасці і неразуменні таго, чым зʼяўляецца цяперашняя сістэма Расеі. А гэта ўсё той жа рэжым, які забіў Ганну Паліткоўскую, Аляксандра Літвіненку, Сяргея Магніцкага і Барыса Нямцова, які развязаў вайну ў Грузіі ў 2008 годзе, ва Украіне – у 2014-м, які акупаваў Крым і збіў малайзійскі Боінг. Гэтая сістэма функцыянуе, абапіраючыся на «закон Дзімы Якаўлева», закон «Аб замежных агентах», закон «Аб абразе ўлады». Гэта ўсё той жа рэжым, які на працягу вось ужо 20 гадоў крадзе ў расейскіх грамадзянаў не толькі грошы, але і свабоду, здольнасць цвяроза думаць.

Няўжо сістэма, гісторыя якой у апошнія гады пішацца крывёй, можа дзейнічаць інакш?

Проста ўсё гэта было ўжо занадта даўно, каб захоўваць у памяці, асабліва ў памяці палітыкаў, і яна патрабуе свежых шокаў, каб успомніць, што нічога ў Расеі, у Пуціне не памянялася. Але і гэта пройдзе і забудзецца. Заходнія палітыкі будуць казаць аб неабходнасці дыялогу з Масквой, пра неэфектыўнасць санкцый, аб агульных інтарэсах, забываючы пра трагедыі, пра чалавечыя лёсы, растаптаныя паліцэйскімі ботамі. Расея ўжо ў ПАСЕ, а Пуцін – мілы госць на вяселлях, самітах, парадах.

Hавiны
Пратэсты ў Маскве: Юлія Галяміна асуджана на 10 содняў, Яшын – атрымаў агулам 20 дзён арышту
2019.07.30 16:54

І рэпрэсіі 2019 года – зусім не апошняе, што будзе шакаваць публіку і зусім не тое, што будзе сведчыць пра канец Пуціна.

На жаль, людзі занадта хутка забываюць і занадта хутка прывыкаюць да зла, да злачынстваў, якія становяцца штодзённасцю і нават не такімі страшнымі ў параўнанні з пажарам у суседнім двары. Напэўна, у гэтым адмысловы псіхалагічны рэсурс і сіла аўтарытарных рэжымаў. Забыцца – значыць прайграць. Забыцца – значыць дазволіць аўтарытарызму і палітычнаму злу перамагчы.

Але, магчыма, шок і аптымістычныя чаканні спароджаныя здзіўленнем, што нягледзячы на ​​ўсе забароны, кантроль і ціск з боку дзяржавы, у самым расейскім грамадстве яшчэ цепліцца вера ў тое, што яно яшчэ жывое. Што яно здольнае прымусіць уладу пайсці на маленькія, але саступкі, як гэта было ў Екацярынбургу. Але занадта шмат саступак (тым больш палітычных) можа сведчыць аб слабасці ўлады, а гэта недапушчальна.

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў