Забудоўнікі і гандолы: 3 праколы падчас набыцця новай кватэры


Мы сабралі некалькі красамоўных прыкладаў, як людзі, набываючы жытло, звяртаюць увагу на прыгожыя карцінкі рэкламных буклетаў і абяцанні прафесійных гандляроў нерухомасцю, якім часамі не наканавана стаць рэчаіснасцю. Перш чым укладаць свае грошы ў нерухомасць, разбярыцеся, што вы набываеце, і не забудзьце прачытаць дакументы, якія падпісваеце.

Слёзы гандальера

22 траўня ў Менску святочна адкрылі фантан побач з элітным жылым комплексам «Маяк Менску».

Побач з фантанам паставілі гандолу (чамусьці з маторам).

І гэта не выпадковасць. Пачаткова забудоўнік планаваў пракапаць у жылым квартале водныя каналы, па якіх мелі курсаваць гандолы. Іх нібыта замовілі ў Італіі.

Праўда, пазней ад міні-Венецыі забудоўнік адмовіўся, а гандолы вырашылі спусціць на ваду каналу Сляпянскай воднай сістэмы. Як будзе насамрэч, не вядома. Пакуль самотная гандола ў адзіным экзэмпляры на сушы.

Дарэчы, вось так выглядаў першы праект элітнага кварталу. Уражвае, праўда?

Пачатковы праект элітнага жылога комплексу. Праект кампаніі «Zomex Overseas Limited»

Гэты пачатковы праект, які мог зацікавіць патэнцыйных жыхароў, быў толькі фантазіяй архітэктара, эскізам, і не меў нічога супольнага з зацверджаным праектам.

А вось так выглядае фінальны вынік.

Яшчэ ў 2017 годзе «Белсат» пісаў пра незадаволеных элітным жытлом менчукоў, якія нават выйшлі на пратэст.

Годам раней экс-мэр Менску Андрэй Шорац заявіў, што прэтэнзіі жыхароў элітнага комплексу «надуманыя».

Прасторны паркінг, але за Br 40 на месяц

Чарговы прыклад няўважлівасці падчас набыцця жылля быў апісаны ў публікацыі TUT.BY ў 2018 годзе. Жыхар дому на вул. Чурлёніса 24 у Менску паскардзіўся ў рэдакцыю на забудоўніка, які абяцаў «прасторныя паркоўкі, але не паведаміў, што яны будуць платныя».

Забудоўнік «Макраінжэнірынг» прапанаваў жыхарам дому арандаваць паркоўкі за Br 40 на месяц, сцвярджаючы, што ўласнікі кватэраў не ўкладалі сваіх грошай у будаўніцтва паркінгу. Аднак у рэкламе забудоўнік абяцаў патэнцыйным жыхарам дому паркоўкі.

«Мы іх зрабілі, але нідзе ў заканадаўстве не сказана, што яны павінныя быць бясплатныя. Мяркую, таму тыя, хто скардзіцца, і не звяртаюцца ў суд – мы нічога не парушылі, дзеем у межах закону», – патлумачыў TUT.BY кіраўнік кампаніі-забудоўніка Максім Агеенка.

Пакупнікі кватэраў у новых дамах часта адмаўляюцца ад набыцця месцаў на падземных або наземных паркоўках, жадаючы ашчадзіць.

«Гарадскія ўлады [гаворка пра Менск. – Заўв. Belsat.eu] патрабуюць, каб мы будавалі паркінгі. Але яны нічога не робяць для таго, каб людзі іх набывалі», – адзначыў летась старшыня назіральнага савету ААТ «10 УНР-Инвест» Васіль Усцінчык.

Нярэдка здараюцца сітуацыі, калі забудоўнік укладае ўласныя сродкі ў паркінгі, якія пазней пустуюць, а жыхары новых дамоў паркуюцца там, дзе атрымаецца. Затое бясплатна!

ВІДЭА
Топ-6 скандальных забудоваў Менску. Што з імі цяпер?
2019.01.25 09:31

Жыллёвыя аблігацыі. Чытайце дамовы!

Непрыемная сітуацыя, у якую трапіла некалькі сотняў сем’яў, скарыстаўшыся жыллёвымі аблігацыямі, апісваецца ў артыкуле realt.onliner.by. Публікацыя зʼявілася ў 2017 годзе. У ёй распавядаецца гісторыя менчука, які абмяняў рэальныя грошы на жыллёвыя аблігацыі кампаніі «Тамбаз». Мужчына падпісаў «кабальную» дамову з забудоўнікам і чакаў наваселле год. Дом, між іншага, будаваўся з 2009-га да 2016-га.

Паводле дамовы, якую падпісаў мянчук, ён не меў ніякіх правоў. На той момант інструмент жыллёвых аблігацыяў хоць і не быў новы (уведзены ў 2002-ім), але з пункту гледжання заканадаўства быў абсалютна сыры. Забудоўнікі маглі падпісваць з кліентам дамовы на свой густ, не даючы людзям ніякіх гарантыяў.

Толькі ў 2018 годзе сітуацыя крыху палепшылася. Пасля ўмяшання Мінфіну грошы, ўкладзеныя ў жыллёвыя аблігацыі, атрымалі статус сродкаў, якія фізічная асоба дае забудоўніку ў доўг. Але гэта наўрад ці дапаможа тым, хто звязаўся з кампаніяй «Тамбаз».

Сёлета, пры канцы красавіка, уладальнікі жыллёвых аблігацыяў гэтай кампаніі выйшлі на пратэст да будынку Менгарвыканкаму. Людзі чакаюць ключы ад кватэраў у «Аркадзіі» – яшчэ адным даўгабудзе «Тамбаз».

27 красавіка 2019 г. Менск. Пратэст побач з будынкам Менгарвыканкаму

ЮВ belsat.eu

Стужка навінаў