Забудоўнікі чакаюць зніжэння продажаў. Як падзенне рубля ўдарыла па рынку жылля


Рэзкае падзенне курсу беларускага рубля адбілася на шмат якіх сферах. Не абмінула яно сваім уплывам і рынак жылля. Чаго чакаць у сувязі з гэтым, адказваюць апытаныя «Белсатам» эксперты.

Што адбываецца

Як паведамляе Realt.by, з 16 па 23 сакавіка ў Менску рэзка (адразу на 6,8 %) вырасла колькасць жадаючых прадаць кватэру, але пакуль новыя прадаўцы прытрымліваюцца наяўнага ўзроўню коштаў. Індэкс коштаў на кватэры ў Менску вырас за тыдзень на 0,1 % і склаў $ 1477 за квадратны метр. Пры гэтым рост коштаў на кватэры запаволіўся, а трохпакаёўкі нават патаннелі на 0,2 %.

Змяненне цэнаў на кватэры ў Менску. Інфаграфіка realt.by

Ліхаманіць і рынак арэнды жылля ў Менску. Праз рост курсу долара ўласнікі вымушаныя зніжаць арэндную плату на 20-30 долараў, або на 10 %, а ў рублях гандляванне можа даходзіць да 30 %.

Што датычыць новабудоўляў, то сярэдняя цана кватэр у іх знізілася за тыдзень на 0,7 % да $ 1334 за квадратны метр. Гэта першы выпадак зніжэння коштаў на першасным рынку за 12 тыдняў.

Hавiны
Банкі ўзнялі стаўкі па крэдытах для беларусаў, некаторыя – прыпынілі іх наагул
2020.03.24 07:47

Адначасова 19 сакавіка праз абясцэньванне рубля Нацыянальны банк дазволіў банкам павышаць працэнтныя стаўкі па крэдытах для грамадзянаў. У выніку падаражэлі і крэдыты на нерухомасць, якія ў лютым большасць банкаў прапаноўвала пад 12,32 % гадавых.

Гэтак, Белаграпрамбанк, Белінвестбанк і Беларусбанк цяпер прапануюць аформіць крэдыт на фінансаванне нерухомасці пад 14,19 %. Белгазпрамбанк выдае крэдыты пад 13,99 %, а БПС-Сбербанк наагул павялічыў працэнтную стаўку на свае крэдыты да 19,99 %.

Людзі не гатовыя купляць

У кампаніі-забудоўніку «Юнівест-М» распавялі Belsat.eu, што ўзровень продажу ў сакавіку застаецца ў межах плану, крытычнага зніжэння не назіраецца. Прычыну гэтага суразмоўца бачыць у тым, што да пакупкі кватэраў людзі рыхтуюцца доўга, не адзін тыдзень. Многія новыя ўгоды ўжо прапрацоўваліся пэўны час.

Будаўніцтва жытла ў Менску.
Фота: belarus-mtz.by

Пры гэтым у кампаніі адзначаюць спад гатовасці людзей набываць жыллё.

«Зараз людзі, калі тэлефануюць, больш пытаюцца. Калі ёсць актыўны попыт пакупнікоў, яны гатовыя прыходзіць, абмяркоўваць. А зараз больш манітораць, глядзяць», – паведаміла суразмоўца.

У сувязі з гэтым у кампаніі чакаюць пэўнага зніжэння аб’ёму продажаў.

Катаклізмаў не будзе?

Разам з тым дырэктар агенцтва нерухомасці «БелЦТН» Мікалай Прасталупаў разглядае сённяшнюю сітуацыю на рынку жылля як часовую. Паводле яго, тая нявызначанасць, якая ёсць зараз, вырашыцца па меры стабілізацыі курсу рубля праз некалькі тыдняў.

«Пытанне нявызначанасці звязанае з курсам. Адна справа разлікі весці ў беларускіх рублях, мець стасункі з банкамі ў беларускіх рублях. Іншая справа – доларавы рынак нерухомасці, які ў нас існуе. Таму такая нявызначанасць узнікла. Але я думаю, праз тыдзень-два дзяржава вызначыць, якую яна будзе праводзіць фінансава-грашовую палітыку, і нявызначанасць знікне», – заявіў суразмоўца.

Аб’ектыў
Каронавірусны ўдар па эканоміцы: ці выстаіць Беларусь?
2020.03.23 23:02

Паводле яго, у кароткатэрміновай перспектыве пры высокім курсе долара чакаць нейкіх зменаў на беларускім рынку не варта. У доўгатэрміновай нейкіх зменаў на рынку другаснага жылля таксама не будзе, бо «долар ёсць долар». А вось на рынку новабудоўляў негатыўныя змены ўсё ж могуць адбыцца, заявіў Мікалай Прасталупаў.

У любым разе, адзначыў эксперт, у бліжэйшыя месяцы «ніякіх ні катаклізмаў, ні рэзкіх зменаў на рынку не будзе».

МГ belsat.eu

Стужка навінаў