Забастоўка, якая перарасла ў мітынг. Студэнты МІУ пратэстуюць супраць пазбаўлення акрэдытацыі


Менскі інавацыйны ўніверсітэт. Фота КТ, belsat.eu

У Менскім інавацыйным універсітэце 11 лістапада прайшла забастоўка студэнтаў, якія не пагаджаюцца з пазбаўленнем акрэдытацыі большасці спецыяльнасцяў гэтай установы. Паводле медыяў, у акцыі ўзялі ўдзел 600 чалавек, але студэнты кажуць, што пратэставалі каля 200 асобаў.

«Забастоўка цягнулася дзве гадзіны. Затым падзея перарасла ў мітынг. Потым студэнты стварылі камітэт для абароны сваіх правоў, і астатнія студэнты прыступілі да заняткаў», – распавёў у каментары «Белсату» падрабязнасці пратэсту рэктар МІУ Мікалай Суша.

Паводле яго, у ВНУ яшчэ ёсць магчымасць падаць апеляцыю на рашэнне Міністэрства адукацыі пра пазбаўленне ягоных спецыяльнасцяў акрэдытацыі. Тэрміны для апеляцыі сканчаюцца ў аўторак, 12 лістапада.

Між тым Міністэрства адукацыі на сітуацыю з ВНУ не звяртае ўвагі.

«Ніяк не рэагуе, на сувязь не выходзіць, нібы іх гэта не датычыць. Прынамсі міністр адукацыі са мной асабіста не спрабуе знайсці кантакт. Ні асабіста, ні праз сваіх намеснікаў», – заявіў Мікалай Суша.

Hавiны
Спецыяльнасці ўніверсітэту, на які скардзіўся міністр Карпенка, пазбавілі акрэдытацыі
2019.11.06 18:14

Міністэрства адукацыі Беларусі не працягнула акрэдытацыі некаторых спецыяльнасцяў Менскага інавацыйнага ўніверсітэту. У выніку 1600 студэнтаў могуць застацца без дыпломаў. Рэктар Мікалай Суша кажа, што ўніверсітэт адпавядае ўсім крытэрам.

За 28 гадоў дзейнасці ўніверсітэту такіх праблемаў не было ніколі. Але сёлета ў сакавіку праверку зладзіў міністр адукацыі Ігар Карпенка, у выніку чаго ўніверсітэту забаранілі навучаць дыстанцыйна зняволеных. І хоць напярэдадні 1 верасня забарона была адмененае, усе зняволеныя студэнты ўжо былі адлічаныя.

Ігар Карпенка таксама напісаў ліст у Генеральную пракуратуру. Праўда, парушэнняў заканадаўства аб адукацыі выяўлена не было.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў