«Забастоўка – дзейсны метад. Але трэба масавасць». Страйкоўцы буйных прадпрыемстваў – пра свае матывы і будучыню


Нашы суразмоўцы любяць сваю працу, але больш не могуць спакойна працаваць, бо ў Беларусі парушаюцца законы і адбываецца гвалт над мірнымі людзьмі. Яны жывуць у розных гарадах, маюць розныя спецыяльнасці, але хочуць аднаго і таго ж: адстаўкі Лукашэнкі, новых сумленных выбараў, вызвалення ўсіх палітвязняў і спынення гвалту з боку сілавікоў.

Максім Данілевіч, 32 гады, Салігорск

Максім жанаты, мае двух сыноў. Працуе электраслесарам на «Беларуськаліі» з 2012 году: спачатку ў цэху аўтаматызацыі, а з 2017 году – на падземным участку унутрышахтавага канвеернага транспарту. Пра працу адгукаецца так: «адказная і не руцінная, сяброўскі калектыў».

Максім Данілевіч

«Я даражыў сваёй працай, і мне цяжка было сыходзіць. Але заставацца ўбаку, калі маіх землякоў калечаць і запужваюць, я таксама не мог. Апошняй кропляў сталі навіны на дзяржаўным канале ОНТ, якія я выпадкова пабачыў у гасцях. Удома мы кабельнае тэлебачанне не глядзім. Мяне абурыла, як дзяржаўныя СМІ скажаюць падзеі ў Беларусі», – кажа Максім.

Ён далучыўся да стачкі 9 лістапада. Заяву аб уступленні перадаў кіраўніцтву праз напарніка і з таго моманту не выходзіў на працу. Паколькі некаторых страйкоўцаў звальнялі праз дзень пасля аб’яўлення стачкі, Максім гатовы і да такога сыходу, але пакуль яму пра гэта ніхто не паведамляў.

«Я падзяляю ўсе патрабаванні стачкаму, але галоўнае для мяне, канешне, гэта адстаўка Аляксандра Лукашэнкі. Калегі ў большасці сваёй разумеюць тых, хто бастуе. Нават падзяляюць нашыя меркаванні, але крэдыты, адсутнасць уласнага жылля іх спыняюць», – тлумачыць Максім.

Паводле суразмоўцы, на «Беларуськаліі» працуюць людзі з рознымі поглядамі. Ёсць і тыя, каго ўсё ў Беларусі задавальняе. Але Максім не асуджае ні адных, ні другіх. Яго асабіста падтрымлівае жонка, рашэнне далучыцца да стачкі яны прымалі з ёй разам.

«Я веру ў перамогу народа і што мы, як дзяржава, будзем сапраўды квітнець. Я вельмі хачу вярнуцца на сваю працу, але гэта магчыма толькі ў выпадку перамогі. Калі прыйдзецца ўсё ж такі шукаць новую працу, я ўпэўнены, што змагу яе знайсці», – дзеліцца думкамі Максім Данілевіч.

Аляксандр Марозаў, 29 гадоў, Жодзіна

Ужо 11 гадоў Аляксандр працуе муляром у цэху БСК-800 на БелАЗе. Праца мужчынупадабаецца, ён мае прыязныя стасункі ў калектыве і добры заробак – каля 1200 рублёў. Да забастоўкі Аляксандр далучыўся 11 лістапада, але думкі пра забастоўку меў яшчэ з 26 кастрычніка.

Аляксандр Марозаў

«26 кастрычніка мы выйшлі на плошчу на тэрыторыі прадпрыемства, каб выказаць незадаволенасць несправядлівымі выбарамі, на якіх скралі нашыя галасы. Мы хацелі дыялогу з кіраўніцтвам, але дачакаліся толькі пагрозаў ад начальніка аховы – ён абяцаў, што нас будуць збіваць, што мы будзем хадзіць з сінімі азадкамі. Такі вось дыялог».

26 кастрычніка на плошчу выйшлі 9 працаўнікоў БелАЗу. Усіх разагналі. Траіх амаль адразу звольнілі, астатнія, у тым ліку Аляксандр, былі пакараныя грашыма.

І ўсё ж такі 11 лістапада Аляксандр пайшоў на працу з паведамленнем для кіраўніцтва аб пачатку забастоўкі. Галоўныя патрабаванні, як і ў працоўных на іншых заводах, – адстаўка Лукашэнкі, сумленныя выбары, вызваленне палітзняволеных, спыненне гвалту з боку сілавых структур.

«Я пабачыў, што іншыя супрацоўнікі заводу ўсё ж абвясцілі забастоўку. Гэта і падштурхнула, дапамагло вырашыцца. Для мяне асабіста рашэнне было няпростым, баяўся, як і ўсе, але пераадолеў гэты страх. На працы не ведалі, што рабіць з маім апавяшчэннем. Проста прынялі яго і нічога не сказалі. Пасля перазванілі з аддзелу кадраў і перапыталі, ці праўда, што я на бальнічным», – распавядае Аляксандр.

Ён і праўда з 9 да 13 лістапада быў на бальнічным з дыягназам «прастуда». Аляксандр кажа, што стаміўся чытаць пра збіццё мірных людзей. Ён хоча, каб гвалт у Беларусі спыніўся. На яго думку, менавіта забастоўка можа гэтаму паспрыяць.

«Але забастоўка павінна быць агульнай. Трэба, каб на БелАЗе хаця б 500 чалавек да яе далучыліся. Тады падзейнічае. Ну, а калі не забастоўка, то ўжо нічога не дапаможа», – лічыць Аляксандр.

Шэсце работнікаў БелАЗу ў Жодзіне.
Фота: Ірына Арэхоўская / Belsat.eu

Аляксандр кажа, што яго рашэнне падтрымалі толькі незнаёмыя людзі ў сацыяльных сетках. Яны пісалі яму: «Малайчына!» і г.д. А калегі, бацькі, сябры – не ўхвалілі. Па словах Аляксандра, многія галасавалі за Ціханоўскую і падтрымліваюць перамены, але адкрыта не могуць пра гэта заявіць: напэўна, баяцца згубіць працу, бо ў кожнага сям’я і дзеці.

Калі пры дапамозе забастоўкі ці іншых метадаў не атрымаецца змяніць уладу, Аляксандр гатовы да пераезду нават у іншую краіну.

Людміла Літвіненка, 35 гадоў, Жлобін

Людміла працуе машыністам па навіванні канатаў на Беларускім металургічным заводзе больш за 3 гады. Раней была швачкай у прыватніка і зарабляла 700 рублёў, а на завод пайшла па большы заробак. У выніку за цяжкую мужчынскую працу пачала зарабляць 900 рублёў.

Людміла Літвіненка

У стачку Людміла ўступіла 11 лістапада, а дагэтуль на 2 змены аб’явіла італьянскую забастоўку – працавала толькі на цалкам спраўных машынах і не абслугоўвала няспраўных.

«11 лістапада на сходзе перад пачаткам працы я аддала заяву пра забастоўку. Збольшага я высунула эканамічныя патрабаванні: павысіць заробак, набыць новае абсталяванне на завод, падняць рэнтабельнасць заводу, скараціць ціск на працоўных», – тлумачыць Людміла. Майстар прыняў заяву ад Людмілы і моўчкі сышоў. Праз гадзіну жанчыну пазвалі на размову, падчас якой высвятлялі, што менавіта яе не задавальняе.

«За сваю працу я хачу атрымліваць каля 1000 долараў. Хачу, каб у нас было ўсё неабходнае абсталяванне, бо ў нас нават венікаў на ўчастку няма, каб прыбрацца. Спачатку на мяне пачалі ціснуць і абвінавачваць у хлусні, пасля пабачылі, што я непахісна стаю на сваёй пазіцыі і сталі размаўляць у іншым тоне. Прапанавалі яшчэ раз падумаць», – кажа Людміла.

«Я падумала і ўсё роўна сказала, што мне не падабаецца, як на заводзе ставяцца да людзей. Дакладней, за людзей нас ніхто не лічыць. І колькі ты ні кажы, абстаноўка на заводзе ніяк не мяняецца», – каментуе Людміла.

У выніку яе звольнілі па артыкуле за тое, што адмовілася выконваць свае прафесійныя абавязкі. Загад аб звальненні зрабілі за дзень. Калегі бачылі, што адбываецца, стаялі, шушукаліся паміж сабой, а падышоў да Людмілы толькі адзін чалавек. Ён сказаў: «Малайчына, я таксама хачу так зрабіць, але баюся».

Запужваць людзей звальненнем, па словах Людмілы, на БМЗ пачалі адразу пасля выбараў. «Яны ўсё хадзілі і казалі, што вы нікуды не зможаце ўладкавацца. Адным словам, настройвалі людзей, каб тыя не хадзілі на мітынгі. Мне было зразумела, што кіраўніцтва проста не хоча праблем сабе», – тлумачыць Людміла.

Пра палітычную сітуацыю ў Беларусі Людміла не баіцца выказвацца. Жанчына выступае супраць фальсіфікацыі выбараў, супраць збіцця мірных грамадзянаў і за свабоду выказвання меркаванняў. Маральную падтрымку Людміла адчувае ад сяброў і знаёмых, ніхто з іх хоць і не далучыўся да забастоўкі, але гатовыя дапамагчы Людміле, калі спатрэбіцца.

«Я ў разводзе, маю непаўналетнюю дачку, жыву ў здымным жытле. Што буду рабіць далей, я не ведаю. Жлобін – невялікі горад. Асабліва няма куды ўладкавацца, сярэдні заробак тут – каля 500 рублёў. Магчыма, я вярнуся да прыватніка, а магчыма, адкрыю нешта сваё, паглядзім», – кажа жанчына.

Людміла спадзяецца, што беларусы даб’юцца свайго, і ўлада зменіцца. Для гэтага, на яе думку, неабходна, каб людзі зразумелі, што ўсё залежыць ад нас саміх. «Я думаю, калі б да забастоўкі далучаліся не адзінкі, а большасць, то ва ўлады проста не засталося б выбару», – сказала Людміла.

Аляксей Дарагі, 35 гадоў, Горадня

Аляксей працуе на «Горадня Азоце» 15 гадоў, трапіў па накіраванні ад вучылішча на пасаду зваршчыка, пасля працаваў слесарам, а далей перайшоў на пасаду слесара-рамонтніка 5-га разраду. Мяняць працу не збіраўся – усё задавальняла. Да 9 жніўня.

Падтрыманне азотаўцаў з Масквы.
Фота: t.me/stachkomazota

«Сітуацыю змянілі выбары. Мне, як і астатнім, хацелася змены ўлады, а таксама каб не было гвалту над мірнымі людзьмі. 26 кастрычніка я з іншымі супрацоўнікамі «Горадня Азоту» выйшаў да прахадной. Усіх затрымалі, даставілі ў РАУС, дзе на нас склалі пратаколы па арт. 23.34 КаАП – за несанкцыянаваны пікет», – распавядае Аляксей.

Патрабаванні ў рабочых былі палітычныя: адстаўка Лукашэнкі, новыя сумленныя выбары, вызваленне палітзняволеных і г.д. Усяго на прахадной 26 кастрычніка затрымалі 33 працаўнікоў «Горадня Азоту». Усіх звольнілі. Як кажа Аляксей, на заводзе няма каму працаваць, таму некаторых прынялі назад. Але большасць не вярнулася, маўляў, прасіць прабачэння не збіраюцца.

«Замоўным лістом мне паведамілі, што я звольнены і трэба забраць працоўную кніжку ў аддзеле кадраў. Афіцыйна прычынай звальнення стала парушэнне працоўнай дысцыпліны. Але гэтага ў маім выпадку не было, бо я прыйшоў на прахадную ў свой выходны дзень», – тлумачыць Аляксей.

На думку Аляксея, ён нічога дрэннага не зрабіў, але хадзіць нешта даказваць не збіраецца, бо лічыць, што ў Беларусі перасталі дзейнічаць законы. У Аляксея няма планаў на бліжэйшую будучыню. Ён збіраецца сачыць за сітуацыяй. Маўляў, з задаваленнем бы вярнуўся на сваю працу пасля змены ўлады.

«Многія мае калегі падтрымліваюць перамены, але яны баяцца. Баяцца менавіта быць звольненымі, бо ва ўсіх адна праблема – крэдыты на жыллё, маленькія дзеці. Але мы не павінны апускаць рукі. Калі мы гэта зробім – будзе канец усяму. Людзі не павінны здавацца», – мяркуе Аляксей.

Дома Аляксея падтрымлівае жонка, якая сказала, што яны «не прападуць». У іх двое дзетак. Аляксей на «Горадня Азоце» зарабляў 1100-1200 рублёў. Хоць знайсці працу яму зараз будзе цяжка, але ён не шкадуе ні пра што. «Затое мне не сорамна будзе глядзець сваім дзецям у вочы, калі яны вырастуць», – патлумачыў Аляксей.

Зміцер Барэйша, 54 гады, Гомель

Зміцер 27 гадоў працаваў на Гомельскім вагонным участку аддзялення Беларускай чыгункі. Кажа, што ўцягнуўся. Спачатку працаваў механікам, пасля – начальнікам цягніка, а пасля і інжынерам па ахове працы. Заробак Змітра складаў каля 1500 рублёў у найлепшы час і 1200 рублёў апошнім часам.

Зміцер Барэйша

27 верасня Зміцер разам з жонкай бралі ўдзел у мірным шэсці ў Гомлі. Разам яны былі затрыманыя і асуджаныя: жонка пасля 3 содняў у ізалятары атрымала штраф 20 б.в., а Зміцер атрымаў арышт 15 содняў.

«Калі я выйшаў з ізалятару, на мяне пачаўся ціск з боку кіраўніцтва. Мне адкрыта прапанавалі звольніцца. На тым жа тыдні Ціханоўская заклікала далучыцца да забастоўкі, і я вырашыў гэта зрабіць», – распавядае Зміцер.

Ён напісаў заяву кіраўніцтву. У заяве ён адзначыў, што не згодны з вынікамі выбараў і з 29 кастрычніка далучаецца да забастоўкі. У той дзень Зміцер заставаўся на працоўным месцы, але нічога не рабіў. Ля яго паставілі відэакамеру і вялі запіс. Цягам дня Змітру прыносілі два распараджэнні на выкананне працы, ад якіх ён адмовіўся.

На наступны дзень Змітру пазванілі і аб’явілі пра звальненне за невыкананне службовых паўнамоцтваў асобай, у якой ёсць спагнанне. Гэтае спагнанне Зміцер атрымаў падчас праверкі, якая прыехала пасля ягонага арышту. Пасля звальнення Змітра вызывалі ў РАУС на прафілактычную гутарку.

«Я звярнуўся да праваабаронцаў «Вясны», але мне патлумачылі, што маё звальненне адбылося нібыта на законных падставах. Сэнсу абскарджваць няма, але я дакладна буду неяк рэагаваць, каб зафіксаваць гэта ўсё», – сказаў Зміцер.

Зміцер кажа, што на працы вельмі шмат людзей падыходзіла да яго, каб выказаць салідарнасць. Яны ўсе падзяляюць погляды Змітра, але ўласна забастоўку не падтрымалі – баяцца.

Мітынг у Жодзіна
Удзельніцы акцыі падтрымання працаўнікоў БелАЗу, якія абвесцілі страйк, каля тэрыторыі заводу. 26 жніўня 2020 года.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

«26 гадоў з нас рабілі тое, ува што мы пераўтварыліся. Многія людзі звязаныя крэдытамі. У мяне ж такіх праблем няма, таму мне было прасцей. Хоць у мяне таксама ёсць непаўналетні сын, але жонка падтрымала маё рашэнне цалкам. Забастоўка – вельмі дзейсны метад, каб пахіснуць гэты рэжым, разам з эканамічнымі санкцыямі супраць кіраўніцтва краіны. Але трэба, каб забастоўка была масавай», – кажа суразмоўца belsat.eu.

«Я ні пра што не шкадую. У мяне была надзея, што мой учынак падштурхне іншых. І гэта адбылося, магчыма, але не так моцна, як я бы хацеў. У любым выпадку мая забастоўка нейкі ўплыў на людзей аказала. Людзі мне паціскалі руку», – кажа Зміцер.

Зміцер не хавае, што хацеў бы аднавіцца на працы, калі зменіцца ўлада. Ён лічыць, што быў звольнены з палітычных матываў. Яму складана нешта мяняць у жыцці, але ён да гэтага гатовы – ужо збіраецца ісці на курсы па IT-спецыяльнасці.

  • Напрыканцы кастрычніка Святлана Ціханоўская заклікала да агульнанацыянальнай забастоўкі і выступіла з заявай аб пачатку Народнага cтрайку. Галоўнае патрабаванне – адстаўка Аляксандра Лукашэнкі з пасады кіраўніка краіны.

Вольга Васільева belsat.eu

Стужка навінаў