Забарона на выезд можа закрануць 50 тысячаў беларускіх кіроўцаў-міжнароднікаў


21 снежня набудуць моц абмежаванні на выезд з Беларусі. Гэтая захада істотна паўплывае на жыццё памежных рэгіёнаў. Змены закрануць і кіроўцаў-міжнароднікаў. Паводле эканаміста Змітра Бабіцкага, каля 50 тысячаў беларускіх кіроўцаў сёння працуюць на замежныя фірмы. Многім з іх прыйдзецца вырашаць, як выязджаць на працу з Беларусі.

Эканаміст Зміцер Бабіцкі ў размове з «Белсатам» адзначыў, што ў Беларусі на міжнародных перавозах грузаў задзеяныя каля 20 тысяч кіроўцаў. А вось за межамі Беларусі на замежныя кампаніі працуюць каля 50 тысяч кіроўцаў. Беларусь застаецца донаркай працоўнай сілы.

«Прычына гэтага – умовы вядзення бізнесу. У нас несвабодны рынак, з рэгуляваным доступам на яго. Таму кіроўцы едуць туды, дзе ёсць праца. Акрамя кіроўцаў, з’язджаюць бізнесоўцы, якія працуюць у сферы лагістыкі і міжнародных перавозаў. З’язджаюць у тыя краіны, дзе доступ да рынку лепшы. Гэта Расея, Польшча, Літва, Латвія. І міграцыя бізнесу працягваецца ўжо больш за дзесяць гадоў. Часта гэтыя бізнесы забіраюць з сабою і кіроўцаў, і персанал», – кажа Зміцер Бабіцкі.

Аб’ектыў
Беларусь зачыняе межы на выезд. З-за эпідэміі ці прычыны ўсё ж палітычныя?
2020.12.10 21:57

І цяпер з Беларусі могуць не выпусціць тысячы кіроўцаў, калі яны будуць мінаць мяжу праз наземныя памежныя пераходы. Рэч у тым, што з 21 снежня ўлады Беларусі вырашылі абмежаваць выезд з краіны. Афіцыйнае тлумачэнне – каб перашкодзіць распаўсюду каронавіруса. Але эксперты мяркуюць, што насамрэч прычыны – палітычныя.

Выязджаць з краіны змогуць дыпламаты, кіроўцы, якія ажыццяўляюць міжнародныя перавозы. Таксама прычынаю выезду можа быць цяжкая хвароба або смерць блізкага сваяка, атрыманне медычнае дапамогі. На працу, вучобу або з відам на жыхарства ў іншай краіне можна выязджаць адзін раз на 6 месяцаў.

Ілюстрацыйны здымак. Фота Forum

«Калі ты пераязджаеш мяжу на грузавіку па працы і накіроўваешся ў Расею, то няма ніякіх перашкодаў. Але калі кіроўца працуе ў Еўропе, а сюды прыязджае на легкавым аўтамабілі, то ўжо назад выехаць на працу будзе праблематычна. Магчыма, пакуль яшчэ не ўсе ўсвядомілі сітуацыю і якія яе будуць наступствы», – распавёў «Белсату» Мікалай, жыхар Берасця, які працуе кіроўцам-міжнарожнікам.

Як кіроўцы будуць пераадольваць праблему? Мікалай бачыць толькі адно выйсце.

«Тут асабліва і думаць няма пра што, людзі пазабіраюць свае сем’і ды з’едуць адсюль. Справа ў тым, што ў многіх дзеці навучаюцца ў той жа Польшчы. Дзеці і так прыязджаюць не часцей, чым два разы на год. Многія робяць карту побыту ў Польшчы. Таму нават мусяць быць у краіне, а не выязджаць. Мой сын таксама ў Польшчы. Таму я буду разам з ім прыязджаць сюды два разы на год. Мая жонка ўжо ўладкавалася на курсы польскай мовы. Падцягне мову – будзем вырашаць пытанне пра тое, каб канчаткова перабрацца ў Польшчу, калі тут нічога не зменіцца. Гэтак, канечне ж, планы. Невядома, што тут будзе рабіцца далей. Але выглядае, што Лукашэнка не збіраецца сыходзіць. Таму складана заглядаць далёка наперад», – кажа Мікалай.

Hавiны
Скарачэнне прыбыткаў, роспач і эміграцыя. Як памежныя раёны рэагуюць на закрыццё мяжы
2020.12.15 09:49

Эканаміст Зміцер Бабіцкі пагаджаецца, што дадатковыя абмежаванні і палітычны крызіс могуць прывесці да таго, што многія кіроўцы зʼедуць з Беларусі.

«Міграцыя цалкам магчымая. Справа ў тым, што заробак дастатковы, каб там утрымліваць сям’ю. Заробак памерам дзве-тры тысячы еўраў дастатковы для польскай ці літоўскай правінцыі, каб добра жыць. Трэба разумець, што там зусім іначай працуюць і іншыя фактары. Тая ж іпатэка пад даволі нізкі адсотак. У выніку беларусу прасцей набыць кватэру ў Беластоку, чым у Беларусі. Таму агулам тут некалькі фактараў. Асабліва калі з’язджаюць знаёмыя і наладжваецца кантакт на асабістых сувязях. Таму людзям прасцей з’ехаць, і яны з’язджаюць больш актыўна», – кажа эканаміст Зміцер Бабіцкі.

Разам з тым эксперт зазначае, што пакуль цяжка сказаць, як будзе рэалізоўвацца забарона на выезд з Беларусі і як яна адаб’ецца на кіроўцах. Бо пакуль не вядома, як будуць рэалізоўвацца абмежаванні.

«Нашыя 50 тысяч кіроўцаў працуюць за мяжой у розных краінах і ездзяць па розных маршрутах. Калі едуць у Расею, то праблемаў асаблівых няма. У іншым выпадку кіроўцам трэба будзе ехаць праз аэрапорт. А гэта вельмі нязручна. Асабліва калі жыхары Заходняй Беларусі прызвычаіліся, што можна проста сесці ў асабісты аўтамабіль і паехаць», – кажа Зміцер Бабіцкі.

Згодна з пастановаю, абмежаванні на мінанне мяжы часовыя, але пэўнага тэрміну дзеяння няма. Кіроўцы спадзяюцца, што праз некаторы час гэтую захаду адменяць.

«Мне падаецца, што абмежаванні ў хуткім часе здымуць. Справа ў тым, што забарона датычыцца ўсіх, у тым ліку і прыхільнікаў рэжыму. Там жа ніхто не разбіраецца, хто за каго галасаваў на выбарах. Таму гэта такая ганебная помста з боку кіраўніцтва краіны. Але лічу, што цягам шасці месяцаў здымуць абмежаванне. А на гэты час можна і пасядзець у Еўропе, і працаваць гэты час», – кажа Мікалай.

Hавiны
Аксамітнае цунамі: ТОП-5 мірных рэвалюцыяў у прамаскоўскіх дыктатурах Еўропы
2020.07.17 14:39

Сяргей Ягораў «Белсат»

Банер у падтрымку незалежных журналістаў
Стужка навінаў