«Забалела сэрца» – прэм'ера адной з апошніх песень Алеся Чаркашына


28 жніўня спаўняецца роўна год з таго моманту, як ва Украіне загінуў беларускі грамадска-палітычны дзеяч, лідар аргкамітэту партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» ў Берасці Алесь Чаркашын, які ў барацьбе «за нашу і вашу свабоду» быў паранены ў баі з прарасейскімі баевікамі на Данбасе. У коле ўкраінскіх вайскоўцаў ён фактычна выконваў функцыі капелана.

Вядомы Алесь таксама як аўтар шэрагу патрыятычных песень. Адну з іх – «Забалела сэрца», якая раней нідзе не публікавалася, перадаў выданню Krynica.info ягоны сябар, сустаршыня БХД і лідар Хрысціянскай дзелавой ініцыятывы Георгій Дзмітрук.

Krynica.info: – Раскажыце, калі ласка, гісторыю гэтай песні. Дзе і калі яна была запісаная?

Дзмітрук: – Гэтую песню мы запісалі за паўгода да ягонай трагічнай смерці. Ён прыехаў да мяне і сказаў, што ў яго ёсць добрая песня. І мы яе запісалі. Як заўсёды, запісам мы засталіся незадаволеныя і вырашылі яе потым дапрацаваць. Думалі, будзе час, збяромся, папрацуем і ўсё будзе нармальна. Але пасля гэтага, на жаль, магчымасці скончыць песню не было. І я падумаў выдаць песню, каб людзі маглі яе пачуць у тым выглядзе, у якім яна ёсць. Таму прашу не судзіць строга і паставіцца з разуменнем. Мне здаецца, што атрымалася някепская песня. Можа быць, не зусім тое, што мы хацелі зрабіць, але такі цікавы варыянт прачытання верша Ларысы Геніюш.

Krynica.info: – Гэта была адзіная песня, якую вы тады запісалі?

Дзмітрук: – Не, мы працавалі над чатырма песнямі, і дзве песні атрымаліся. Другую песню я апублікаваў раней. Мы яе зрабілі нават у дзвюх версіях: адна пад гітару, у другой нават крыху падыгралі.

Krynica.info: – Не ведаеце, чаму Алесь напісаў песню менавіта на вершы Ларысы Геніюш?

Дзмітрук: – Вершы Геніюш яго вельмі натхнялі. Ён нават пакінуў мне кнігу, па якой чытаў вершы і пісаў на іх песні. Яна ў мяне ляжала, але перад тым, як прыехаць да мяне ў апошні раз, Алесь патэлефанаваў і сказаў, што хоча забраць яе з сабой. Аднак пасля запісу песень ён сказаў: «Не, ведаеш, хай лепш яна ў цябе пабудзе». І пасля гэтага мы ўжо з ім не бачыліся. І ў мяне ёсць гэтая кніга: у ёй відаць, дзе ён браў верш, як распісваў ноты.

Алесь – гэта чалавек, які ўвесь час быў з гітарай. Ён так і застанецца ў нашай гісторыі чалавекам з гітарай. Дзіўна, што ў яго ніколі не было добрай гітары, але ён вельмі любіў сам інструмент. Яго натхняла сама якасць гуку. Калі ён бачыў добрую гітару, у яго адразу ўзнікала жаданне што-небудзь напісаць.

Але, на жаль, у яго было такое жыццё, што ў яго нават не было сваёй гітары. Ён усё жыццё падарожнічаў, усё жыццё быў у дарозе. Усё жыццё яго клікала рамантыка, клікалі подзвігі. І ва ўсіх ягоных песнях, якія былі напісаныя, прысутнічае прадчуванне ахвяры, прадчуванне подзвігу, нават пакут. Такое адчуванне, што ў сваіх песнях, перформансах ён выяўляў свой жыццёвы шлях, які быў напісаны ў яго ў сэрцы.

У Беларусі працягваецца збор сродкаў на помнік Алесю Чаркашыну, адкрыць які плануецца ў ягоны дзень нараджэння 27 верасня. Збор сродкаў можна падтрымаць альбо праз PayPal – koziel2005@gmail.com, альбо праз картку – «Беларусбанк» 9112 0001 5805 4367 09/20 Чаркашын Ігар Мікалаевіч.

Спецыяльна для дакументальнага фільму «Белсату» пад назвай «Білорус» Антона Цялежнікава Алесь Чаркашын напісаў песню «Не здавайся». Пазней рэжысёр зрабіў асобны кліп на кампазіцыю.

МЯ, паводле krynica.info

Стужка навінаў