За вывешванне сцяга Украіны на гмаху ў Маскве – арышт на 10 содняў


Таганскі раённы суд Масквы прысудзіў да 10 содняў адміністрацыйнага арышту траіх актывістаў, затрыманых у панядзелак пасля праўкраінскай акцыі на будынку шматпавярховіка на Кацельнічаскай набярэжнай.

Актывістаў прызналі вінаватымі ў непадпарадкаванні законнаму распараджэнню паліцыянтаў.

Напярэдадні група з пяці чалавек вывесіла ўкраінскі сцяг на будаўнічых лясах вакол высотнага будынку на Кацельнічаскай набярэжнай у Маскве, на якім у мінулым годзе ўжо праводзілася падобная акцыя. Трое актывістаў былі затрыманыя.

Як паведаміў Бі-Бі-Сі актывіст руху «Адзінства роўных», чальцы якога праводзілі гэтую акцыю пад назвай «Украіне з любоўю», для затрымання ўдзельнікаў прыбыў нарад аўтаматчыкаў. У момант затрымання ў актывістаў не было з сабой пашпартоў, немагчымасць іх прадявіць была расцэнена як невыкананне патрабаванняў паліцыі.

Акцыя была прымеркаваная да другой гадавіны пачатку масавых пратэстаў супраць уладаў ва Украіне, вядомых як Еўрамайдан.

Акрамя ўкраінскага сцяга актывісты павесілі на лясах таксама сцяг Расеі з намаляванай на ім эмблемай Еўразвязу.

МЯ, паводле bbc.com

Стужка навінаў