«За вечар вывезла амаль цэлы паверх інтэрнату». Як фельчарка хуткай працуе падчас каронавірусу


Ва ўсім свеце – пандэмія каронавіруса, у Беларусі – 51 пацверджаны выпадак. Вялікая нагрузка ў гэтыя дні кладзецца на плечы медыкаў. І ў першую чаргу з патэнцыйнымі заражанымі сутыкаюцца брыгады хуткай дапамогі. Belsat.eu пагутарыў з фельчаркай менскай хуткай, якая рэгулярна прыязджае па тых, хто кантактаваў з інфікаванымі.

Фельчарка менскай хуткай на працы. Фота @asjamahno/Instagram

Працоўны дзень Настассі значна даўжэйшы, чым у людзей іншых прафесіяў. Ужо шэсць гадоў яна – фельчар хуткай дапамогі, да таго ж старэйшая брыгады. На ёй адказнасць за зладжаныя дзеянні калег і за выратаваныя жыцці. Некаторымі працоўнымі момантамі дзяўчына дзеліцца ў сваім Instagram, дзе ў апошнія тыдні пачалі з’яўляцца фота ў абарончых касцюмах.

Як змянілася праца «хуткай» падчас каронавірусу? З якімі дзіўнымі выпадкамі даводзіцца сутыкацца і ці страшна самой заразіцца? Пра гэта Наста распавяла ў інтэрв’ю нашай карэспандэнтцы.

 

«Касцюмаў на ўсіх не хапае»

– Ці памятаеце вы свой першы «каронавірусны» выклік, калі давялося апрануць спецыяльны касцюм?

– Так, упершыню абарончы касцюм я апранула ў ноч, калі выявілі першы выпадак каронавірусу ў іранскага студэнта [28 лютага. – Belsat.eu]. Прыкладна а палове на першую паступіў званок на хуткую. Спачатку ім займалася іншая падстанцыя, бо хлопец знаходзіўся тады ў сваёй дзяўчыны, а прыкладна а 4-й раніцы папярэдзілі ўжо нас, што трэба вывезці ягоныя кантакты – сяброў, аднакурснікаў, усіх, хто пражываў з ім у інтэрнаце БНТУ.

– З чаго складаецца экіпіроўка брыгады на такіх выкліках?

– У першыя дні пасля таго выпадку ў нас быў толькі хірургічны тонкі халат, кароткія бахілы-анучы, шапачка, рэспіратар, маска і пальчаткі, а потым з’явіліся высокія бахілы. Яны вельмі нязручныя, бо можна на хаду зачапіцца аб штосьці і ўпасці, таму мы чаплялі на ногі шапачкі.

А нядаўна нам пачалі выдаваць супрацьчумныя касцюмы з поўнай экіпіроўкай. Праўда, даюць іх толькі аднаму чалавеку ў брыгадзе, які і едзе на выклік. У нашай брыгадзе старэйшая я, таму сваіх калег я звычайна пакідаю на падстанцыі.

– То бок, за патэнцыйнымі заражанымі вы едзеце адна?

– Так, я ніколі не адмаўляюся. Цяпер у нас дзейнічае негалосны дазвол кіраўніцтва: калі мы бачым, што пацыент «кантактны» – едзем адны, толькі з кіроўцам. Яго я літаральна «запячатваю» у кабіне, заклейваю ўсе вокны.

Па-першае, гэта робіцца, каб мінімізаваць колькасць кантактаў і знізіць рызыку для брыгады. Па-другое, фінансаванне не жалезнае і на ўсіх супрацьчумных касцюмаў не хапае. Кіраўніцтва маёй падстанцыі з боем выбівае экіпіраванне, таму намагаемся ашчаджаць па магчымасці.

 

12 гадзін запар вазіла «кантактных»

– Як часта вам даводзілася забіраць хворых на каронавірус?

– Мне вельмі часта даводзілася выязджаць за «кантактнымі» і меркаванымі інфікаванымі, бо я працую ў раёне, дзе шмат інтэрнатаў. Адзін з апошніх заражаных – мужчына, які хаваў, што вярнуўся з Італіі, потым заразіў сына, а той – сваю аднакурсніцу. І вось гэтая аднакурсніца пражывала ў інтэрнаце. Усіх аднакурснікаў хлопца папрасілі здаць аналіз, бо сімптомаў ніхто не меў. І такім чынам выявілі гэтую дзяўчынку. За вечар я вывезла амаль увесь паверх інтэрнату. Спачатку «прастудных», а потым, калі ў хлопца [лабараторна] пацвердзіўся каронавірус – усіх астатніх.

Працы вельмі шмат, бо праз аднаго заражанага забіраюць усіх «кантактных». Той дзень я пачала а палове на пятую вечара, а скончыла а палове на чацвертую раніцы. Амаль 12 гадзін я вазіла «кантактных».

Я прывозіла іх у шпіталь, вярталася на падстанцыю, пераапраналася, апрацоўвалі машыну дэзінфікуючым сродкам. Раптам мне зноў кажуць: «Есць яшчэ «кантактныя», возьмеш?» Я апранаю новы касцюм, забіраю іх, еду на дэзынфекцыю… І так некалькі разоў запар.

– Каго звычайна пры транспартаванні змяшчаюць у капсулы?

– Гэта людзі з пацверджаным заражэннем. Уся гэтая паніка, што мы нешта хаваем і нібыта ноччу вывозім заражаных – няпраўда. Часцей за ўсё, калі нас фатаграфуюць ля нейкага будынку ў касцюмах – гэта значыць, што мы вывозім «кантактных» або тых, хто вярнуўся з-за мяжы. Мы абавязаныя іх абследаваць. Яшчэ шмат залежыць ад таго, калі яны вярнуліся ў Беларусь, калі кантактавалі з заражаным, ці маюць сімптомы.

– Калі чалавек тэлефануе ў 103 і пералічвае сімптомы каронавірусу – гэта лічыцца экстраным выклікам?

– Гэта павінна працаваць наступным чынам: калі чалавек скардзіцца на павышаную тэмпературу, дыспетчары мусяць высвятляць, ці вяртаўся ён з-за мяжы або сядзеў дома. На практыцы я часта сама ператэлефаноўваю чалавеку і задаю удакладняльныя пытанні. Бо бывае так, што запісваюць: «Была тэмпература ранкам, цяпер 36, з Ірану». А калі я паўторна набіраю, высвятляецца, што чалавек ужо 9 месяцаў не пакідаў Беларусь.

 

Пра страх і прафесійныя жарты

– У вас асабіста няма страху самой заразіцца каронавірусам?

– Я ўжо шэсць гадоў працую на хуткай і штодня сутыкаюся з разнастайнымі вірусамі і інфекцыямі, але мне на іх не даюць касцюм. Мы пастаянна працуем з інфекцыйнымі захворваннямі: напрыклад, аднойчы я знаходзілася ў адной кватэры з туберкулёзнымі хворымі. Таму страху няма, ёсць проста насцярожанасць.

Я адмыслова не наведваю бацькоў, не хаджу ў грамадскія месцы. Не столькі, каб самой не захварэць, колькі, каб не распаўсюджваць вірус, калі сама заражуся недзе на працы. Зладзіла сабе маленькую самаізаляцыю.

– Як часта людзі самі сабе дыягнастуюць каронавірус? Ці сутыкаліся з пацыентамі, упэўненымі, што яны заразіліся?

– У мяне пакуль была толькі адна такая пацыентка. Выклікала, каб мы тэрмінова зрабілі ёй аналізы. Колькі я ні спрабавала ёй патлумачыць, паводле якіх крытэраў іх робяць – гэта не спрацоўвала. Мы вельмі доўга намагаліся яе пераканаць. Але жанчына распавядала, што тры месяцы таму ейная сяброўка хварэла на бранхіт, а яна сёння зранку прачнулася папіць вады і двойчы кашлянула. Усё, ратуйце! Мы з гадзіну «танчылі з бубнамі» вакол яе. Натуральна, гэта была чацвертая раніцы.

Не магу сказаць, што ў людзей нейкая асаблівая паніка. Неадэкватныя выклікі былі раней і захоўваюцца ў тых жа працэнтных суадносінах.

Часам спрабуюць загарнуць у пластыкавыя торбы. «Чаго вы прыехалі, у вас жа каронавірус!» Пры гэтым яны ж самі нас і выклікалі! Як правіла так паводзяцца людзі, якія выклікаюць без нагоды і пачынаюць выстаўляць прэтэнзіі, маўляў, чаму доўга ехалі. А ў іх насамрэч сарынка ў воку, прышчык, горла баліць і таму падобнае.

– А вам, хіба, нельга аформіць такія выклікі як ілжывыя?

– У заканадаўстве ёсць толькі панятак «заведама ілжывы выклік». Гэта калі чалавек сам прызнаецца, што выклікаў хуткую, каб пажартаваць. Звычайна ніхто не прызнаецца. А калі «мне падалося, што я паміраю» – мы не маем права адмовіцца прыязджаць. Фільтрацыя выклікаў цяпер адмененая, таму нават «не хачу ісці ў аптэку» будзе нагодай.

– Ці з’явіўся ўжо ў вас з калегамі прафесійны жарт пра каронавірус за апошнія тыдні?

– Пра мяне жартуюць пастаянна! Па-першае, таму, што я вельмі шмат важу «кантактных». Па-другое, у мяне алергія на некаторыя дэзсродкі і пасля апрацоўкі імі яна абвастраецца, пачынаецца кашаль. І ўсе жартуюць, што ў мяне каронавірус. Калі іду па падстанцыі, адразу адскокваюць у бок.

Але гэтыя жарты не сведчаць пра нашае несур’ёзнае стаўленне да праблемы. Гэта псіхалагічная абарона, бо праца сапраўды вельмі цяжкая і выклікаў вельмі шмат.

Hавiны
Смяротнасць ад новага каронавіруса нашмат меншая, чым меркавалася раней
2020.02.04 07:51

Кацярына Андрэева, belsat.eu

Стужка навінаў