За ўдзел у суботніку беларусы пералічылі ў бюджэт амаль 9 мільёнаў рублёў


Каля 3 мільёнаў беларусаў бяруць удзел у рэспубліканскім суботніку, распавёў намеснік прэм’ер-міністра, кіраўнік працоўнай групы па падрыхтоўцы і правядзенні рэспубліканскага суботніка Уладзімір Кухараў, паведамляе прэсавая служба Саўміну.

«Па традыцыі беларусы прынялі актыўны ўдзел у рэспубліканскім суботніку. Працуюць прыкладна 3 мільёны чалавек. Паводле папярэдніх звестак сабрана ўжо 8.7 мільёнаў рублёў. Гэтыя грошы будуць накіраваныя на добраўпарадкаванне аздараўленчых летнікаў, населеных пунктаў, прывядзенне ў парадак помнікаў і мемарыялаў, а таксама на капітальны рамонт і рэканструкцыю манумента Перамогі ў Менску», – сказаў Уладзімір Кухараў.

Паводле аператыўнай інфармацыі, найбольшая колькасць людзей прыняла ўдзел у суботніку ў Менску – амаль 700 тысячаў, У Гомельскай вобласці – 430 тысяч, Берасцейскай – 420 тысяч. Традыцыйна сталіца ў лідарах і па заробленых грошах – больш за 2,8 мільёнаў рублёў.

Згодна пастановы Саўміну, грашовыя сродкі, заробленыя ў дзень правядзення рэспубліканскага суботніка, у тым ліку на працоўных месцах, у абʼёмах, вызначаных добраахвотна працаўнікамі, у тым ліку тых, чыя дзейнасць не звязана з вытворчасцю прадукцыі, аказаннем платных паслуг, будуць пералічаныя праз раённыя і гарадскія выканкамы ў аблвыканкамы і Менскі гарвыканкам.

50 % грашовых сродкаў застаюцца ў распараджэнні аблвыканкамаў і Менскага гарвыканкаму. Яны будуць накіраваны на падрыхтоўку дзіцячых аздараўленчых летнікаў да летняга сезону, добраўпарадкаванне і прывядзенне ў належны стан населеных пунктаў, а таксама рамонт, рэканструкцыю, рэстаўрацыю, аднаўленне гісторыка-культурных каштоўнасцяў, мемарыяльных комплексаў, месцаў баявой і воінскай славы часоў Другой Сусветнай вайны.

Астатнія 50 % пералічаць Міністэрству фінансаў. Гэтыя сродкі будуць накіраваны Менскаму гарвыканкаму на капітальны рамонт з мадэрнізацыяй помніка партызанам і воінам, якія загінулі ў гады вайны, з Вечным агнём і рытуальнай пляцоўкай (манумент Перамогі ў Менску) і рамонт падземнага пешаходнага пераходу (ніжняя рытуальная пляцоўка і службовыя памяшканні).

Hавiны
Лукашэнка пра крыжалом: Ты, калі забіваў крыж, думаў, што там галава загінулага чалавека?
2019.04.20 15:01

СК belsat.eu

Стужка навінаў