За тыдзень Расея страціла ў Сірыі каля 300 чалавек забітымі і параненымі, – СМІ


Каля 300 чалавек, якія служылі ў шэрагах так званай «ЧВК Вагнэра» ​​былі забітыя і параненыя ў Сірыі на мінулым тыдні, паведамляе Рэйтэр са спасылкай на тры крыніцы, знаёмых з абставінамі таго, што адбылося.

Час стратаў супаў з боем 7 лютага ў ваколіцах сірыйскага горада Дэйр-эз-Зор, дзе ЗША атакавалі фармаванні, звязаныя з саюзнікам Масквы прэзідэнтам Сірыі Башарам Асадам.

Параненыя, эвакуяваныя з Сірыі ў апошнія некалькі дзён, былі дастаўлены ў чатыры расейскіх вайсковых шпіталя, сказалі пяць крыніц, знаёмых з сітуацыяй. Лекар, які працуе ў маскоўскім шпіталі і лечыць дастаўленых з Сірыі параненых, адзначыў, што па стане на суботу ў яго шпіталі было больш за 50 такіх пацыентаў, з якіх 30 % атрымалі цяжкія раненні. Як мінімум тры самалёты з параненымі прыбылі ў Маскву з пятніцы па панядзелак. Расейскі вайсковы лекар сказаў, што агулам загінулі каля 100 чалавек.

Яўген Шабаеў, атаман казацкага таварыства «Хоўрына» ў сераду наведваў знаёмых, параненых у Сірыі, у Цэнтральным вайсковым шпіталі Мінабароны ў Хімках. Паводле яго, параненыя расказалі яму, што два падраздзялення расейскіх наймітаў, якія прымалі ўдзел у баі пад Дэйр-эз-Зором, налічвалі 550 чалавек. З гэтага ліку не былі забітыя і не атрымалі раненні толькі каля 200 чалавек.

Крыніца, блізкая да групоўкі «Вагнэра», якая гаварыла з удзельнікамі бою 7 лютага, сказала, што яго знаёмыя распавялі яму пра больш чым 80 загінулых байцоў з Расеі. Гэтая крыніца сцвярджае, што агульная колькасць у прыкладна 300 забітых і параненых у цэлым дакладнае.

ІІ, belsat.eu, паводле Reuters

Стужка навінаў