За тыдзень на абаронцаў Курапатаў склалі 32 пратаколы


Праваабарончы цэнтр «Вясна» падлічыў колькасць актывістаў, якія падвергліся пераследу за 7 дзён абароны Курапатаў.

Па звестках праваабаронцаў, найбольш часта актывістаў караюць за парушэнне правілаў дарожнага руху. На сённяшні дзень складзена 20 пратаколаў. Гэта звязана з тым, што пратэстоўцы выходзяць на праезную частку, каб не даць машынам праехаць на тэрыторыю рэстарацыі. Міліцыянты пакаралі і двух кіроўцаў, якія ледзьве не ўчынілі наезд на актывістаў Леаніда Кулакова і Ніну Багінскую.

«На самых актыўных удзельнікаў акцый пратэсту складаюць адразу пакет пратаколаў: «дробнае хуліганства», «непадпарадкаванне патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі» і «удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве», – паведамляюць праваабаронцы.

На Паўла Севярынца было складзена сем пратаколаў, па чатыры пратаколы склалі на Вольгу Мікалайчык, актывіста Дзяніса Урбановіча і Наталлю Гарачку-Басалыгу. 3 адміністрацыйныя пратаколы атрымаў Аляксей Туровіч.

Як падлічылі праваабаронцы, агулам на абаронцаў было складзена 32 пратаколы, 20 з каторых за парушэнне правілаў дарожнага руху. Падвергліся пераследу 13 чалавек.

ГА, belsat.eu

Стужка навінаў